Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Геранёнах гаўбец прынялі за гаўбіцу


Віталь Сямашка, Іўеўскі раён Пакуль у Менску гэтымі выходнымі пераможна грукаталі танкі ды гулі над галовамі баявыя самалёты, у памежным зь Літвой мястэчку Геранёны, што на Іўеўшчыне, працягвался ды працягваецца, як тут кажуць, Вялікая хатняя вайна.

У самым мястэчку ўсё адбылося, як мае быць. Мо нават лепш, чым у іншых, пра што мне распавяла геранёнская краязнаўца ды ўкладальніца мясцовага “Летапісаньня роднай вёскі” спадарыня Алена Смалінічэнка:

(Смалінічэнка: ) “У суботу ля помніка Невядомаму жаўнеру адбыўся мітынг, вэтэраны нашага сельскага савету былі запрошаныя на шэсьце. “Даўніна” выступала, наш фальклёрны калектыў, удзельнічалі ў спартовых спаборніцтвах. Закончылася сьвята ў 23.00 сьвяточным фэервэркам”.

Тым часам жыхары адзінага чатырохпавярховага жылога дому па вуліцы з характэрнай назвай “40 гадоў Перамогі” былі, як тут кажуць апошнім часам, на баявым дзяжурстве. Усё пачалося месяц таму на чацьвёртым паверсе, дзе пражывае сям’я Граблісаў. Раскалоўшыся напалову, уніз зваліўся іхны гаўбец. Распавядае гаспадыня Галіна Станіславаўна:

(Галіна: ) “Як было? Мы спалі, мо дваццаць хвілінаў на пятую дзеці ішлі з выпускнога, бо бачылі, як усё здарылася. Добра, ніхто не гуляў пад нізам. Нашая пліта, усё з балькону ўпала, а таксама з трэцяга паверху цэгла – усё на вуліцу. Спалохаліся, ускочылі, ня ведалі, у які бок уцякаць. Грукат такі! Суседка кажа, у іх яшчэ большы, бо пліта пабіла ў іх шкло на бальконе. Думалі, вайна пачалася. Жахлівае відовішча!”

З тае пары жывуць Граблісы ды іншыя некалькі дзясяткаў жыхароў на абложным стане, кажа спадарыня Галіна:

(Галіна: ) “Камісія была, і яны не далі нам пачытаць гэтага акту. Але па вуліцы як ідзеш, няўзброеным вокам відаць, як перакошаны дом, фундамэнт сеўшы, зусім касая сьценка. Асадка, бо ў падвале вада пастаянна ледзь не да калена. Ну, і 24 гады наш дом без капітальнага рамонту. Во дах, бачыце, на кухні цячэ – і нічога зрабіць не магу. Сьвятла не было, бо дзесьці замкнула. А балькон, сказалі, рабіць ня будуць. Гэтыя астатнія бальконы будуць здымаць, бо могуць абрынуцца ў любы момант”.

Напярэдадні жыхары дому па вуліцы “40 гадоў Перамогі” выставілі ўладам ультыматум: калі рамонт ня будзе зроблены, ня будуць удзельнічаць у памянёных сьвяточных мерапрыемствах. Так яно і адбылося. Вайна хатняга маштабу ў Геранёнах працягваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG