Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражае Беларусі дыктатура спэцслужбаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск КГБ Беларусі ініцыяваў зьмены ў законе, які па новаму рэглямэнтуе дзейнасьць гэтай закрытай арганізацыі. Прапанаваныя новаўвядзеньні яўна вяртаюць Беларусь у горшыя часы, калі спэцслужбы былі дзяржавай у дзяржаве і ня толькі кантралявалі кожны крок грамадзянаў, але й вызначалі іх лёсы.

Чым тлумачыцца ініцыятыва КГБ па самаўзмацненьні? Ці рэальна, што на зьмену палітычнай дыктатуры аднаго чалавека прыйдзе дыктатура КГБ ? Якія наступствы будзе мець гэты працэс для грамадзтва і ці магчыма яму супрацьстаяць?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом “ Экспэртызы “Свабоды” намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту Віктар Івашкевіч і незалежны журналіст Раман Якаўлеўскі.

(Грузьдзіловіч: ) “Нагадаю, на гэтым тыдні беларускі парлямэнт у першым чытаньні зацьвердзіў новую рэдакцыю Закону аб КГБ. Самыя істотныя са зьменаў – гэта права на татальнае выкарыстоўваньне тайных агентаў, а таксама магчымасьць для супрацоўнікаў КГБ пранікаць на прадпрыемствы любой формы маёмасьці. Што стаіць за гэтымі памкненьнямі чэкістаў? Навошта ім гэта патрэбна і хто ад гэтага выйграе?”

(Івашкевіч: ) “Гэты крок мне падаецца лягічным у сэнсе ўмацаваньня рэпрэсіўнага рэжыму ў дачыненьні да сваіх грамадзянаў. Першым крокам было стварэньне ідэалягічнай вэртыкалі, калі на ўсе формы ўласнасьці накіравалі камісара, які ажыцьцяўляе галосны кантроль за ідэалягічнай адданасьцю рэжыму. Зараз далучаецца КГБ, які ажыцьцяўляе кантроль за камісарамі і за тым жа калектывам.

Але, на маю думку, самае галоўнае – гэта тое, што КГБ будзе прасоўваць сваю тайную і яўную агентуру ў кіраўніцтва прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці, і ад проста палітычнага сыску КГБ бярэ на сябе функцыю кантролю фінансавых плыняў і наогул эканамічных працэсаў у Беларусі. Складаецца база, каб кантроль спэцслужбаў за эканомікай быў і тады, калі Лукашэнка будзе змушаны праводзіць прыватызацыю нават з удзелам расейскага капіталу”.

(Грузьдзіловіч: ) “Такім чынам, паводле Віктара Івашкевіча, праз новую рэдакцыю закону аб КГБ ідзе падрыхтоўка да прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Заўважу, што паводле гэтага закону ўпершыню прадугледжваецца крымінальная адказнасьць за выкрыцьцё тайных агентаў. Аднак варта заўважыць, што абарона законам падобных супрацоўнікаў – усясьветна вядомая практыка. Нагадаю скандал у ЗША вакол Валерыі Плэйм, супрацоўніцы ЦРУ, імя якой насуперак закону назвалі ў мэдыях. Можа, і Беларусь у гэтым сэнсе ідзе да цывілізаваных нормаў?”

(Якаўлеўскі: ) “Мяркую, такое пытаньне варта ставіць у прававой краіне, але Беларусь рухаецца ў іншым накірунку. І накірунак гэты – узмацненьне клясавай барацьбы, як у 30-я гады было ня толькі ў Савецкім Саюзе, але, я гэта падкрэсьліваю, і ў Нямеччыне ў той час. Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, дзе ўлады не пагаджаюцца на дэмакратычны кантроль за сілавымі структурамі. У нас увогуле няма парлямэнцкага кантролю. Прызнаецца толькі адзін кантроль – прэзыдэнцкі, кантроль аднаго чалавека. Адмоўнае стаўленьне да дэмакратычнага кантролю за сілавымі структурамі сьведчыць пра тое, што Лукашэнка не зьбіраецца вяртацца ані ў Эўропу, ані ў сусьветную супольнасьць”.

(Івашкевіч: ) “Хацеў бы яшчэ дадаць, што кантроль прэзыдэнта за КГБ немагчымы. Таму што яму інфармацыю дае тое ж КГБ. У гэтым сэнсе КГБ як структура, павязаная пачуцьцём уласнай выключнасьці, зараз, з выхадам праз сваіх агентаў на эканамічныя структуры ва ўсіх формах уласнасьці, з тым, што яны кантралююць інфармацыйныя плыні і будуць падаваць гэтую інфармацыю прэзыдэнту, ператвараецца ў такога кшталту супэр-партыю.

Мяркую, гэтая гэбэшная партыя мае нейкі свой плян разьвіцьця Беларусі, у якім у пэўны год, ня ведаю які, яны мусяць зрабіць дэкаратыўныя саступкі дэмакратыі, плюралізму. Але галоўнае, што датуль, пакуль такія лібэральныя саступкі будуць зробленыя, гэтая партыя КГБ павінна кантраляваць фінансы, дзелавыя структуры, мець на большую частку эліты дасье і кручкі. І тады ім нават не страшныя дэмакратычныя выбары ў парлямэнт. Таму я думаю, што зараз пытаньне нават ня ў тым, што Лукашэнка праз КГБ кіруе грамадзтвам. Мне здаецца, што зараз КГБ пачынае працу па кіраваньні ўсім грамадзтвам незалежна ад пэрсоны прэзыдэнта”.

(Якаўлеўскі: ) “Хацеў бы дадаць, што згаданы Віктарам Івашкевічам варыянт дэмакратызацыі ёсьць расейскім варыянтам, які мы зараз назіраем пры пуцінскім рэжыме. Гэтак званая “піцерская чэкісцкая групоўка” ў Расеі яго ўжо ажыцьцяўляе”.

(Грузьдзіловіч: ) “Аўтары новага закону сьцьвярджаюць, што ён выкліканы новымі рэаліямі ў сьвеце. У тым ліку, згадваецца барацьба зь міжнародным тэрарызмам. На вашую думку, ці сапраўды гэтыя зьмены адэкватныя тым працэсам, якія адбываюцца з адмысловымі службамі вакол Беларусі?”

(Якаўлеўскі: ) “Нагадаю, што напярэдадні рэфэрэндуму 1996 года той жа старшыня КГБ спадар Ерын падчас выступу ў Авальнай залі Вярхоўнага Савета казаў пра наступствы рэфэрэндуму, пра новае становішча вакол Беларусі, і што трэба ўзмацняць іх службу. Такім чынам, гэта мы ўжо чулі. Што да сёньняшніх рэаліяў: сапраўды, прыкладам, у ЗША створаная структура ўнутранай бясьпекі, і многія кажуць пра тое, што сапраўды звужаюцца грамадзянскія правы. Але ў Злучаных Штатах, у Нямеччыне, нават шмат у якіх краінах Усходняй Эўропы існуе процівага гэтай структуры: дзейны парлямэнт, незалежныя мэдыі. У Беларусі мы нічога гэтага не бачым”.

(Івашкевіч: ) “Аналітыкі КГБ, а гэта ўсё ж такі людзі адукаваныя, яны разумеюць, што Беларусь ніяк не адсядзіцца ў ізаляцыі ад працэсаў глябалізацыі на сваёй балотнай купінцы. Але гэтыя людзі павінны быць падрыхтаваныя да той глябалізацыі, каб вытрымаць у канкурэнцыі, якая ўзьнікне. І забясьпечыць сабе, сваім сваякам, сваім дзецям бязьбеднае існаваньне. Для гэтага ім патрэбная зараз дыктатура, каб усё забраць у свае рукі, і потым ужо, забраўшы што магчыма, уступіць у гэтую глябалізацыю-інтэграцыю як у штосьці непазьбежнае.

Таму сёньня гэтая гэбэшная партыя робіцца ў Беларусі самастойным палітычным суб’ектам. Як мы раней думалі, што вось ёсьць Лукашэнка і ягоныя нявольнікі з вэртыкалі, і апазыцыя, якая зь ім змагаецца. Дык вось, узьнікае КГБ як трэцяя сіла, пра якую шмат хто казаў. З такой усьмешкай выверанай, як у дыплямата Латыпава, з пэўным лоскам. Матам ня лаюцца, зьнешне ўсё добра, але ціхенька робяць свае справы. Тут агента паставілі яўнага, там тайнага, тут правялі закон аб выбарах, там у чорных масках зьбілі генэрала Фралова. У іх розныя ёсьць мэханізмы. Вось гэтая сіла, мяркую, зараз выходзіць на першы плян”.

(Грузьдзіловіч: ) “Новы закон будзе прымаць новы парлямэнт, бо гэты парлямэнт ужо складае свае паўнамоцтвы. Магчыма, у новым парлямэнце будзе іншы расклад палітычных сілаў. На вашую думку, ці здолее КГБ усё ж такі праціснуць гэты закон, альбо грамадзтва здолее яго спыніць, супрацьстаяць яму?”

(Якаўлеўскі: ) “Безумоўна, гэты закон будзе прыняты, але хацеў бы нагадаць наступнае. У 30-я гады рэпрэсіі таксама праводзіліся па законе, была створаная заканадаўчая база. Між тым тыя сталінскія законы ня мелі нічога агульнага з правам. І яшчэ. Тыя, хто зьбіраецца выконваць гэтыя законы, мусяць памятаць, што выкананьне загаду не вызваляе ад адказнасьці”.

(Івашкевіч: ) “Наколькі перадвызначаная перамога гэтага пляну на ўладу, які мае КГБ? Гэта можа быць зруйнавана, калі падзеі будуць разьвівацца такім чынам, як у Прыбалтыцы ў 90-91 гадах, калі гэтае ведамства было ў прынцыпе зьліквідаванае, усе былі выкінутыя на вуліцу, і на працу ў спэцслужбы пачалі набіраць дэмакратычных і нацыянальна сьвядомых людзей. Непрафэсіяналаў. І такі варыянт можа быць, калі шмат людзей захочуць пераменаў, а апазыцыя будзе гатовая ўзяць на сябе адказнасьць за ўладу”.

(Грузьдзіловіч :) “Цалкам рэальна, што дыктатуру аднаго чалавека можа замяніць гэтак званы калектыўны дыктатар. Гісторыя знае нямала падобных прыкладаў. Але бясспрэчным зьяўляецца і тое, што дыктатура – пэрсанальная ці калектыўная – як форма дзяржаўнай арганізацыі ў пэрспэктыве меней эфэктыўная за дэмакратыю. Шлях Беларусі, як эўрапейскай краіны, ў гэтым сэнсе прадказальны – да дэмакратыі. Пад пытаньнем – толькі час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG