Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Шчамялёў: “Мастак не павінен маляваць кроў”


Ігар Карней, Менск Напярэдадні дня вызваленьня краіны ад фашысцкіх захопнікаў народны мастак Беларусі, вэтэран вайны, франтавік Леанід Шчамялёў разгарнуў новую пэрсанальную выставу ў Менскай гарадзкой мастацкай галерэі. Экспазыцыю ён назваў “Памяць”. Выстаўленыя на ёй карціны — ягоная чалавечая і мастакоўская памяць пра вайну.

У народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва адметнае бачаньне вайны. Гэтую тэму ён падае без крывавых сполахаў, батальных сцэнаў, плякатнага гераізму. У работах больш спачуваньня да чалавека, кінутага ў нечалавечыя абставіны, любові да жыцьця й надзеі на мір. Такія карціны піша чалавек, які ведае страшную праўду пра вайну, які адваяваў “ад званка да званка”, які шашкай кавалерыста рубіў ворага.

(Шчамялёў: ) “Гэта нават ня проста страшна, а горш, чым страшна. Гэта толькі ў кіно нястрашна, а насамрэч… Кавалерыя — вельмі эфэктыўная сіла. Гэта рэйдавыя падразьдзяленьні, якія заканчваюць апэрацыю. Пад Корсунь-Шаўчэнкам, дзе ў 42-м узялі ў аблогу пад Сталінградам немцаў, італьянцаў, мадзяраў і пусьцілі казачую частку — гэта, канечне, жахліва… Ёсьць дакумэнтальныя кадры, дзе кавалерысты скачуць. Але фіналу ніхто ня зьняў… Увогуле, мастак не павінен маляваць кроў. Ва ўсясьветным мастацтве там, дзе ёсьць кроў, гэта малацікавыя творы. Цікава, калі да трагедыі ці пасьля трагедыі.

Пачынаюць дыскутаваць — ці апраўданая такая разьня, як на карціне Дэлякруа “Разьня ў Хеопсе”… Ці добры гэта твор, яшчэ цяжка сказаць. Калі рэжуць чалавека ці страляюць ва ўпор — гэта нецікава для выяўленчасьці. Мастацтва не павінна быць жорсткім, яно павінна паказваць няшчасьце падзеяў, каб яны не паўтарыліся, вось які мусіць быць падтэкст. Але фіксаваць як захапленьне — не разумею. Неяк, калі яшчэ вучыўся, спрабаваў напісаць газавую камору. У мяне адразу галава забалела! Як уявіць пакуты людзей у газавай каморы?! А некаторыя мастакі гэта пісалі! І я лічу, што ў такім выпадку можна казаць пра зрух у мазгах”.

Сваю новую выставу Леанід Шчамялёў назваў “Памяць”. Гэта памяць канкрэтнага чалавека, ягоныя суб’ектыўныя ўспаміны і асацыяцыі. Сярод карцінаў, якія гэтымі днямі там можна пабачыць, і тыя, якія ў час напісаньня рэзка асуджаліся савецкай крытыкай, якія доўгі час ня мелі права быць выстаўленымі, бо іх сюжэты і мастацкае вырашэньне не адпавядалі партыйнай устаноўцы адлюстроўваць вайну ў гераічных вобразах. А тэма створанай у 1974 годзе карціны “Палявы трыбунал” і ўвогуле была пад забаронай. На палатне — юнак і гэтак званая “тройка”, якая будзе яго судзіць.

(Шчамялёў: ) “Вакол гераізм, а тут судзяць маладога чалавека, які патрапіў у экстрэмальную сытуацыю. Ён не зразумеў, як сябе паводзіць. Тут не баязьлівасьць, а разгубленасьць. І трыбунал таксама… Тыя салдаты, яны ж ня судзьдзі па сутнасьці, яны таксама ў роспачы: што ім рабіць з гэтым чалавекам, як яго судзіць — зусім не гераічную асобу? І такіх выпадкаў было шмат”.

Упершыню Леанід Шчамялёў выставіў карціну, створаную яшчэ ў 1984 годзе “Горад узяты. 1945”. На ёй – асірацелыя кавалерыйскія коні скачуць па спустошаным горадзе, а за імі змрок разрываецца сполахам сьвятла. Але на карцінах ваеннай тэматыкі мастак таксама можа намаляваць і зіму з птушкамі, або проста лес.

(Шчамялёў: ) “Ёсьць рамантычны бок бачаньня. У мяне ёсьць карціна “Ваенная восень 43-га”. Проста пэйзаж і коні там. Прыгажосьць восені была і тады. Вайна ішла — так, гэта жах. Але сьвет быў прыгожы заўсёды, вось у чым справа. Гарматы адгрукаталі, а сьвет усё роўна застаўся прыгожым. Кожны разумее — так, людзі гінуць. Але ж сьвет застаецца. І калі жах заканчваецца, чалавек бачыць усю гэтую прыгажосьць. Калі ён сапраўды чалавек.

Мяне неаднаразова абвінавачвалі за такі погляд. Але шмат у якіх людзей з партыйным білетам былі абавязкі крытыкаваць. “Хто яму дазволіў?”, казаў адзін. Быццам, перш чым пісаць, я павінен быў папрасіць дазволу. Гавораць: таго патрабуе кан’юнктура. Так, кан’юнктура — гэта склад асобы, камусьці дагадзіць, той ці іншай уладзе ці нейкім тэндэнцыям. Яна і цяпер існуе. Некаторыя мастакі і цяпер прыносяць страшна кан’юнктурныя працы, што з глузду зьедзеш ад думкі: як гэта, нестары яшчэ чалавек, выдумаў невядома што”.

Вельмі моцнае ўражаньне пакідае карціна “Дзень Перамогі“, напісаная сёлета. Яна створаная ў жанры натурморту, і на ёй шыкоўны букет кветак, які чытаецца як найвыразьнейшая мэтафара.

(Шчамялёў: ) “Дзень Перамогі — гэта сьвята. Сьвята ў любым выпадку зьвязанае і з кветкамі, і з радасьцю, і са смуткам. Проста ў гэты дзень я адчуваю свой стан і сваё стаўленьне да перамогі. Мне як франтавіку падаравалі такі букет. І я з задавальненьнем напісаў яго. І лічу, што такое разуменьне Дня Перамогі можа быць. Для мяне важна, што чалавек застаўся жыць, працаваць, з вамі размаўляць, бачыць гэты сьвет, мець дзяцей, унукаў. Гэта найвялікшая перамога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG