Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасны беларускі парад розьніцца ад парадаў часоў савецкай імпэрыі вельмі нязначна


Севярын Квяткоўскі, Менск Што такое сучасны вайсковы парад Беларусі? Каму ён найперш патрэбны: вайскоўцам, палітыкам, грамадзянам? Якімі ёсьць нядаўняя гісторыя, сучаснасьць і магчымая будучыня вайскова-палітычнага шоў пад назвай “парад”?

Па начным Менску, па галоўным праспэкце паўзе калёна танкаў ды іншай баявой тэхнікі. Калёна набліжаецца да плошчы, якая носіць імя Леніна. Раптам на асфальт пад тракі танкаў кладуцца чатыры хлопцы. Умомант іх хапае міліцыя. Рэпэтыцыя параду затрымліваецца на пяць хвілінаў. Прыгадвае адзін з удзельнікаў акцыі Андрэй Рамашэўскі:

(Рамашэўскі: ) “Нам не падабалася, што па Менску езьдзяць танкі. Мы не любілі танкаў”.

На двары быў пачатак лістапада 1990 году. Уначы з 6 на 7 лістапада на плошчы Леніна міліцыя спрабуе прыбраць намёт, у якім фэрмэры патрабуюць ад дзяржавы зямлі для працы. Фэрмэраў атачаюць некалькі дзесяткаў апазыцыянэраў — міліцыя адступае. Вось як выглядаў у Беларусі апошні вайсковы парад з нагоды Кастрычніцкай рэвалюцыі паводле ўспамінаў удзельніка акцыі Віктара Івашкевіча:

(Івашкевіч: ) “Абкружылі нас турнікетам на плошчы. Мы вывесілі плякаты. А побач праяжджалі танкі, ішлі транспаранты”.

Так пачалася найноўшая гісторыя беларускіх вайсковых парадаў.

У першыя гады незалежнасьці Беларусі вайсковыя парады не практыкаваліся. Тлумачыць былы міністар абароны Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) “У тыя гады, калі я быў міністрам абароны, я лічыў, што гэта вялікая трата фінансавых сродкаў”.

Зрэшты, беларуская гісторыя мае адзін вайсковы парад пад бел-чырвона-белым сьцягам. Ён адбыўся 27 ліпеня 1994 году. Ад таго часу ўсе парады дагэтуль ладзяцца пад чырвона-зялёным. Можна было б казаць пра аднаўленьне савецкае традыцыі, калі б не адна акалічнасьць, на якую зьвяртае ўвагу былы афіцэр савецкага і беларускага войскаў Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Пасьля параду едуць самазвалы і камбайны. Такога не было. І гэта безумоўна выклікае іронію ў прафэсіяналаў-вайскоўцаў, ганьбіць парады — вайсковыя шыхты, строгасьць і г.д.”.

Асаблівасьцю сёлетняга вайсковага параду сталася дэманстрацыя лётнай тэхнікі, што адбываецца другі раз за апошнія некалькі гадоў.

Васіль Зданюк, які цягам сямі гадоў рэдагаваў вайсковую лётную газэту Заходняй групоўкі савецкіх войскаў, мяркуе, што палёты авіяцыі па-над горадам вельмі небясьпечныя. Пагатоў, у цяперашнім шоў скарыстаная далёка ня новая авіятэхніка. Акрамя таго, яшчэ сьвежы ўспамін пра трагедыю на авіяшоў у Львове, якая здарылася пазалетась:

(Зданюк: ) “Парад не дэманструе магутнасьці войска. Гэта эфэкт шоў, авіяцыйнага шоў. Хіба можа магутнасьць дзяржавы складаццца з чацьверкі СУ-27 альбо МІГ-29? Такія самалёты ёсьць і ў Пэру, прададзеныя адсюль. Гэта паказушная рэч”.

Вайсковая авіяцыя і ракетныя комплексы ў спалучэньні з касілкамі і снапавязалкамі... Жаданьне прадэманстраваць увесь патэнцыял краіны — вайсковы і эканамічны.

Ад старажытнага Эгіпту да Сярэднявечча вайскоўцы ладзілі сьвяточныя шэсьці пасьля перамогі. Гісторык Генадзь Сагановіч мяркуе, што парады ў сучасным выглядзе народжаныя імпэрыяй: менавіта жаданьнем прадэманстраваць магутнасьць.

Першай імпэрыяй Новага часу сталася напалеонаўская Францыя. Слова “парад” паходзіць ад францускага “parade”, якое ў сваю чаргу ад лацінскага “paro” — рыхтую. Дагэтуль у Францыі вайсковыя парады ладзяцца асабліва пышна: у калёне з вайскоўцамі ў гістарычных строях ідзе сучасная тэхніка. Але ў большасьці эўрапейскіх краінаў грамада аддае перавагу не вайсковым парадам, а традыцыйным карнавалам. Некаторыя палітолягі мяркуюць, што апрача краінаў з імпэрскай традыцыяй, такіх як Францыя, Кітай ці Расея, жаданьне прадэманстраваць сваю магутнасьць вайсковымі парадамі ўласьцівае краінам трэцяга сьвету: Лібія, Сырыя, Пакістан, Пэру, Індыя, Паўночная Карэя; яшчэ зусім нядаўна да гэтага ліку належаў Ірак...

Часам на парадах здараюцца неспадзяванкі. У Эгіпце ў 1980-м годзе вайскоўцы ў часе параду расстралялі прэзыдэнта Садата, у 2001 годзе мужчына патрапіў памідорам у прэзыдэнта Лукашэнку ў часе спартовага параду-прабегу, а ў сталіцы Чачэніі Грозным у часе параду сёлета быў забіты выбухам прэзыдэнт Кадыраў.

Каму патрэбныя парады: вайскоўцам, палітыкам, людзям?

Вось меркаваньне былога вайскоўца і цяперашняга палітыка Паўла Казлоўскага:

(Казлоўскі: ) “Вось я еду з радзімы, браты запыталіся: патрэбны такі парад Беларусі? Я сказаў — не! Лепш бы гэтыя грошы далі вэтэранам. Я сказаў так маім землякам і маім братам: гэты парад будзе як спэктакль, і галоўны актор будзе стаяць на трыбуне”.

Спадар Казлоўскі ня супраць парадаў, але ў іхным недарагім, менш пампэзным і больш сьвяточным варыянце. А вось меркаваньне Міколы Статкевіча:

(Статкевіч: ) “Я ведаю шмат людзей, якія глядзяць на гэтыя парады. Людзей нацыянальна арыентаваных, якія ня любяць цяперашняй улады. Яны ганарацца, што ёсьць незалежная дзяржава, якая мае сваё войска”.

Палітык Зьміцер Бандарэнка адзначае таталітарны стыль сучасных беларускіх парадаў:

(Бандарэнка: ) “У нас цяжкі характар. Нават падрыхтоўка да параду: калі ўсё перакрыта, калі цягам некалькіх дзён людзі фактычна ня могуць праехаць праз увесь горад”.

Менавіта падрыхтоўка параду выклікае найбольшае абурэньне менчукоў.

(Мінак: ) “Стаўлюся адмоўна да парадаў. Бо немагчыма дадому дабрацца”.

(Таксіст: ) “Рух — праблематычна праехаць. Ня столькі заробак губляеш, колькі нэрвы. Людзі стаяць у заторах. Няўжо гэта нельга было зрабіць уначы, як раней? Самі парады падабаюцца, гэта ўсё прыгожа, але ж да іх праблема прабрацца”.

Сцэнары парадаў і мэтады іх падрыхтоўкі прынцыпова не зьмяняліся за апошнія тры-чатыры дзесяцігодзьдзі. Але ж з часам у Менску паболела ня толькі насельніцтва, але і аўтатранспарту, таму ў дні падрыхтоўкі да параду двухмільённы мэгаполіс пакутуе.

Дарэчы, а колькі людзей могуць жыўцом назіраць парад? Паводле афіцыйных зьвестак, 50 000 чалавек.

Ноў-хаў цяперашняй улады што да парадаў: трактары, камбайны і культыватары, што ідуць сьледам за танкамі й ракетамі. Але прынцыпова цяперашняе шоў ня розьніцца ад імпрэзаў савецкага часу.

А як бы мог выглядаць сучасны беларускі парад? Мікола Статкевіч верыць, што ў будучыні над войскамі будзе лунаць старажытная сымболіка:

(Статкевіч: ) “Беларусы — старадаўняя нацыя са старадаўняй гісторыяй дзяржаўнасьці. Ад рыцараў да крылатых гусараў і пазьней – павінна быць гістарычная частка”.

У савецкі час гісторыя Беларусі пачыналася ад 1917 году, а таму ў прапагандысцкіх шоў фігуравалі ня толькі атрыбуты другой усясьветнай вайны, але й будзёнаўкі чырвонаармейцаў. У сучаснай Беларусі засталіся толькі дэкарацыі 1944 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG