Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садам Хусэйн – першы дзень у Багдадзкім судзе


Юрась Бушлякоў, Прага “Мы не спадзяемся пачуць ад Садама: “Даруйце мне, я зрабіў гэтыя злачынствы. Я выбачаюся перад ірацкімі людзьмі. Калі ласка, даруйце мне”. Мы не спадзяемся ўбачыць гэтага”. Гэтымі словамі дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі новага ірацкага ўраду Мувафак Аль-Рубае пракамэнтаваў сёньняшняе зьяўленьне ў судзе Садама Хусэйна. Былы прэзыдэнт Іраку адмовіўся прызнаць законнасьць суду й не пагадзіўся зь ніводным зь сямі выстаўленых яму абвінавачаньняў.

Садама Хусэйна даставілі ў суд у наручніках. Зьнялі іх толькі перад уваходам Хусэйна ў залю суду. Месца, дзе былому ірацкаму прэзыдэнту выстаўлялі абвінавачаньні, дакладна не названае – вядома толькі, што ўсё адбывалася на моцнаахоўванай амэрыканскай вайсковай базе паблізу багдадзкага аэрапорту.

Адна з заходніх журналістак на працэсе, карэспандэнтка “Сі-Эн-Эн” Крыстыян Аманпур сказала, што колішні дыктатар здаваўся ў судовай залі “ценем сябе ранейшага”. Аднак момантамі, калі судзьдзі зачытвалі вінавачаньні, Хусэйн даваў волю нязгодзе.

(Аманпур: ) “Садам Хусэйн быў то прыгнечаны, то ваяўнічы. Час ад часу хрыплым голасам, паказваючы пальцам на судзьдзю, ён пытаўся, чый гэта суд. Ён працягваў цьвердзіць, што ён па-ранейшаму прэзыдэнт Іраку”. Усю сытуацыю ў судзе Хусэйн назваў “тэатрам”. Былы прэзыдэнт бараніў уварваньне Іраку ў Кувэйт, заявіўшы, што гэты эмірат – законная ірацкая тэрыторыя. Жыхароў Кувэйту Садам абазваў “сабакамі”.

Тым часам Кувэйт стаў першай арабскай краінаю, якая пракамэнтавала зьяўленьне Хусэйна ў судзе. Міністар інфармацыі Кувэйту назваў былога дыктатара ваенным злачынцам і запатрабаваў сьмяротнага пакараньня.

Суд у Багдадзе вінаваціць Хусэйна ў ваенных злачынствах і генацыдзе. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра газавыя атакі на курдаў у 1988 годзе й крывавае здушэньне паўстаньня шыітаў у 1991-ым. У абвінаваўчым акце названыя таксама выкарыстаньне Іракам хімічнай зброі падчас вайны з Іранам і ўварваньне ірацкага войска ў Кувэйт. Магчыма, Хусэйну давядзецца адказаць і за тое, што ў 1990-ыя гады Багдад перашкаджаў працы інспэктараў ААН, адказных за зброю масавага зьнішчэньня.

У хуткім часе абвінавачаньні будуць выстаўленыя й 11 прадстаўніком Садамавага палітычнага атачэньня. Мяркуецца, што сам суд пачнецца не раней, як празь некалькі месяцаў. Назіральнікі адзначаюць, што яшчэ далёка ня скончаны збор доказаў віны Садама й ягоных паплечнікаў. Амэрыканска-брытанская адміністрацыя выявіла ў Іраку звыш 250 масавых пахаваньняў, аднак эксгумацыя іх яшчэ не праведзеная. Працэс расьсьледаваньня ўскладняецца напружанай сытуацыяй у Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG