Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шклове згарэў вядомы помнік драўлянага дойлідзтва


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў На вядомым шклоўскім асабняку Крывашэіна, помніку гісторыі і драўлянага дойлідзтва, быў знак “Ахоўваецца дзяржавай”. Быў, таму што дом згарэў – гэта адбылося ўвечары 29 чэрвеня. Жыхары Шклова лічаць гэта ня проста непрыемнай падзеяй, а вялікай стратай.

Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай пажару ў шклоўскім асабняку стала кароткае замыканьне электраправодкі. Ахвяраў няма, аднак і будынак наўрад ці можна аднавіць – такое ўражаньне ў шклоўцаў, якія моцна шкадуюць аб зьнішчэньні гэтага гістарычнага дому.

Справа ў тым, што яго пабудаваў вядомы чалавек – Апалён Крывашэін, які быў міністрам шляхоў зносінаў Расейскай імпэрыі. Пасьля адстаўкі, у апошнія гады 19-га стагодзьдзя, ён пасяліўся ў Шклове і заклаў прыгожы парк (дарэчы, ён чамусьці і зараз носіць імя не свайго стваральніка, а Леніна). У парку Крывашэін пабудаваў асабняк – вялікі, аднапавярховы, упрыгожаны разьбой, які лічыўся ў нашыя дні помнікам драўлянага дойлідзтва. Болей чым праз 100 гадоў пасьля будаўніцтва дому нашчадкі не здолелі яго захаваць.

Якая ж установа даглядала за гэтым помнікам гісторыі да пажару? Пасьля рэвалюцыі дом адышоў да папяровай фабрыкі “Спартак”, якую, дарэчы, таксама пабудаваў той самы Апалён Крывашэін. У яго былым асабняку зрабілі Дом культуры. Пра яго значэньне ў жыцьці шклоўцаў распавядае кіраўнік мясцовай арганізацыі ТБМ Аляксандар Грудзіна.

(Грудзіна: ) “Гэта вялікая страта. Гэта быў нейкі такі своеасаблівы прытулак альбо цэнтар культурнага жыцьця гараджанаў Шклова ўсё 20 стагодзьдзе. Тут было ўсё – першыя кінафільмы, першыя канцэрты, першыя танцы і балі. Гэта быў прыцягальны цэнтар культурнага і духоўнага зьместу”.

Ужо ў наш час у доме адчыніўся цэнтар пазашкольнай працы. Як паведамілі мне ў аддзеле адукацыі, у 2002 годзе з-за таго, што будынак быў у дрэнным стане, дзяцей перавялі ў іншае месца. Дом папросту зачынілі і прыставілі да яго вартаўніка, таму што грошай на рамонт не было.

Шклоў – вядомае месца на мапе Беларусі, і вядома, што ў рамонт і рэканструкцыю ягоных будынкаў, асабліва напярэдадні колішніх Дажынак, выдаткоўваліся вялізныя сродкі. Але на такі помнік, як асабняк Крывашэіна, грошай не хапіла. У аддзеле адукацыі чакалі, калі будзе прынятае рашэньне аб будаўніцтве камбінату газэтнай паперы і ў сувязі з гэтым Шклоў атрымае грошы, за якія можна было прывесьці ў парадак дом Крывашэіна.

Што датычыцца Дажынак, дык так падавалася, што ў першую чаргу рамантавалі і фарбавалі там, дзе праходзілі мерапрыемствы й гуляньні. А дом стаіць у парку, на ўскрайку. Вось так і атрымалася, што на помнік гісторыі й дойлідзтва, пра стан якога, як здавалася б, трэба было клапаціцца ў першую чаргу, не зьвярнулі ўвагі. Усё гэта дало падставу для абурэньня шклоўскім дэмакратам. Вось што сказаў рэдактар недзяржаўнага выданьня “Шклоўскія навіны” Аляксандар Шчарбак:

(Шчарбак: ) “На жаль, “вэртыкальныя” лідэры мала клапоцяцца пра помнікі даўніны, а будуюць сабе асабнякі і адміністрацыйныя будынкі. Справа ў тым, што апошнім часам у Шклоў дасылаюць кіраўнікоў зь іншых раёнаў, “варагаў”. А гэта ня іх радзіма, яны мала клапоцяцца пра Шклоў”.

Цяпер ад дома Крывашэіна засталося толькі некалькі зялёных кафляў, якімі былі выкладзеныя печы. Супрацоўніцы краязнаўчага музэю сабралі на пажарышчы некалькі кайстраў кафлі, і некалькі захаваных кафляў, якія не пайшлі расколінамі, стануць экспанатамі шклоўскага музэя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG