Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 ліпеня 1569 году была падпісаная Люблінская унія


Ул. інф. Сёньня першы дзень ліпеня. “Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае”, казалі нашыя продкі. “Ліпень што спаліць агнямі, тое залье дажджамі”.

Таксама сёньня – сусьветны Дзень архітэктуры. А яшчэ 1 ліпеня адзначаецца Дзень Канады, куды ў розныя часы перасялілася і працягвае перасяляцца вялікае мноства беларусаў. Памятная дата вяртае нас у 1867 год, калі раніцою мэр Атавы з гарадзкое ратушы зачытаў дакумэнт пра стварэньне новай дзяржавы: да таго часу Канада была калёніяй Вялікабрытаніі.

1 ліпеня 1569 году была падпісаная Люблінская унія. Дзьве краіны – Вялікае Княства Літоўскае і Польшча – аб’ядналіся ў адну фэдэратыўную Рэч Паспалітую. Унія ўзмацніла сярэднявечную беларускую дзяржаву, якая сама ўжо не спраўлялася са зьнешнімі агрэсіямі, але ўрэшце паспрыяла палянізацыі тагачаснага кіраўніцтва краіны.

1 ліпеня 1649 году адбылася Лоеўская бітва. Шляхта Вялікага Княства Літоўскага на самым поўдні сёньняшняе Беларусі адбіла казацкае нашэсьце. Казакі пад кіраўніцтвам Крычэўскага пацярпелі паразу ад шляхецкага апалчэньня на чале з гетманам Янушам Радзівілам. У той бітве палегла 8 тысяч казакаў, зь якіх тры тысячы патанулі ў Дняпры. Значныя страты панесла і ўрадавае войска, але ў краі нарэшце быў усталяваны парадак і вяршэнства закону.

Таксама сёньняшняй датай пазначаны цікавы дакумэнт 1829 году. Арыштант Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Пецярбургу піша ліст турэмнаму начальству: “Я вынайшаў падводнае судна. Цяпер можна будзе пад вадой падплываць пад варожыя караблі і зьнішчаць іх”. Вязень-вынаходнік быў менскі дваранін Казімер Чарноўскі, які трапіў у няволю за свае сымпатыі да дзекабрыстаў. Чутка пра субмарыну дайшла да цара, і той запатрабаваў даць яму падрабязнае апісаньне. Чарноўскі адказаў на 32-х старонках. Цікава, што рухалася субмарына на вёслах, а запас паветра ўтрымліваўся ў скураных мяхах. Што праўда, падлодку так і не збудавалі, а Чарноўскага перавялі ў Шлісэльбург, дзе ён паспрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, за што яму паставілі дыягназ – вар’ят. Празь пяць гадоў яго выслалі ў Архангельск, пасьля ў Сарапул (сучасную Удмурцію), дзе ён і памёр. Там ня менш, мы згадваем сёньня Чарноўскага з гонарам за свайго земляка і за тое, што менавіта беларус першы вынайшаў падводны човен.

1 ліпеня 1936 году сталася дзяржаўнай створаная Адольфам Гітлерам маладзёвая арганізацыя Гітлер-Югенд, а сяброўства ў ёй – абавязковым для ўсіх юнакоў арыйскага паходжаньня. У адрозьненьне ад камсамолу, у Гітлер-Югенд прымалі не з 14-ці, а з 13-ці гадоў. Ва ўсім астатнім гэтыя арганізацыі вельмі падобныя. Дзяржаўныя моладзевыя арганізацыі заўсёды ёсьць адной зь першых прыкметаў таталітарнага ладу ў краіне.

1 ліпеня 1991 году скончылася гісторыя ўсходняга суперніка НАТО – арганізацыі Варшаўскага дагавору. Пратакол аб спыненьні дзейнасьці гэтай арганізацыі падпісалі ў Празе Баўгарыя, Вугоршчына, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславаччына.
XS
SM
MD
LG