Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі немец даведаўся, што я зь Беларусі, ён узяў мапу і паказаў на ёй месца на тэрыторыі Беларусі, дзе загінуў яго бацька”


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Слухач: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Я веруючы чалавек і проста ўпэўнены, што за могілкамі нямецкіх салдат трэба даглядаць і ставіцца да гэтых могілак трэба па-хрысьціянску. Я лічу, што галоўнае, што зрабіла чалавецтва – гэта асуджэньне фашызму і яго лютае злачынства супраць чалавецтва. Але простым ваенным франтавікам даўно ўжо трэба дараваць. Яны ж былі проста салдатамі сваёй краіны, іх таксама чакалі дома бацькі, дзеці, сябры.

Я хачу расказаць вам гісторыю майго жыцьця. На пачатку 1990-х гадоў я быў у Нямеччыне, набыў танны аўтамабіль, усяго за 80 дойчэ марак, у нямецкага гаспадара маленькага “аўтахаўза”. Калі ён даведаўся, што я зь Беларусі, ён узяў мапу і паказаў на ёй месца на тэрыторыі Беларусі, дзе загінуў яго бацька ў часы другой сусьветнай вайны. І пасьля гэтага ён запрасіў мяне ў сваю хату, паклікаў сваю жонку, якая зрабіла мне паесьці. Я добра паеў, гаспадар памыў мне сам ужо маю машыну. І потым ужо, разьвітаўшыся, паехаў дадому. Вось вам і прымірэньне сярод народаў”.

***

(Слухач: ) “Хачу расказаць тое, што паведаміў мне мой бацька, пра тое, як прыйшлі немцы на нашую тэрыторыю Заходняй Беларусі. Але гэта не для радыё эфіру. Калі прыйшлі нямецкія войска, яны беларусаў не чапалі, і нічога не адбіралі, а дзе не было партызан і потым не чапалі. Пры немцах была створаная дзяржава Беларусь з нашым гістарычным сьцягам, гербам, быў выбраны прэзыдэнт Астроўскі; адкрыліся школы, дзе дзеці вучыліся толькі на сваёй роднай беларускай мове; людзям вярнулі зямлю, давалі для сяўбы зерне, бульбу, нават харчовыя пайкі сем’ям, дзе хтосьці служыў у Чырвонай арміі і ваяваў супраць немцаў.

Бацька расказваў мне, што аднойчы ў іхнюю хату прыйшоў нямецкі афіцэр са сваім сябрам лётчыкам. Ён ветліва папрасіў маці, каб яна зарэзала яму курыцу, патлумачыў, што да яго прыехаў сябра з фронту, а добрай закусі няма. А ў замен ён даў маці шакаляд.

Вось яшчэ адзін выпадак. Мой бацька разам зь сябрамі пайшлі купацца на рэчку. І вось яны купаюцца, і невядома адкуль да іх падбягае у ваду мадзьярскі салдат, вэнгерскі па-цяперашняму, фашыст, і схваціў майго бацьку, пачаў яго тапіць. Усе хлопцы разьбегліся. А побач праяжджаў нямецкі салдат. Калі ён убачыў гэтую сцэну, ён зьлез з каня, падбег і заступіўся за майго бацьку і пабіў мадзьяра. Так што нямецкі салдат выратаваў жыцьцё майму бацьку. Вось вам невялічкі прыклад таго, што на гэтай вайне было рознае.

Я думаю пра вайну трэба расказваць праўду. Расейскія ж, украінскія сумленныя палітыкі, гісторыкі, журналісты не баяцца расказаць праўду пра вайну, а нашыя беларусы ўсё баяцца. Дзякуй за ўвагу!”

***

(Зіноўеў:) “Добры вечар, паважаная Свабода! У мяне два літаратурныя пытаньні. Першае пытаньне пра Ўладзімера Караткевіча. Я тут расьсьмяшыў прадавальніцу: пракамэнтаваў цану на кофе “Манарх”, 95-ці грамовае коштам 7 000 зайцаў. Я сказаў, што Караткевіч правільна напісаў: “Там, где никто не может, белорус тянет”. Хацелася б даведацца, зь якога гэта твора Караткевіча і зь якога кантэксту гэты пасаж.

І другое пытаньне пра “Знак бяды” Васіля Быкава, дзе жанчына кажа: “Лепей я была б нацыяналісткай”. Я чуў трансьляцыю аповесьці Васіля Быкава, але б мне хацелася даведацца, у якім кантэксьце жанчына гэта кажа. І вельмі хацелася б даведацца, ці сапраўды словы гэтыя гераіні Васіля Быкава з аповесьці “Знак бяды”? Дзякуй вялікі. Да пабачэньня. Слухаю вас і далей.”

***

(Cлухач: ) “Добры дзень, Свабода! З рэпартажу карэспандэнта Радыё Свабода даведаўся, што згодна з апытаньнем, праведзеным Валерам Шчукіным і Паўлам Севярынцам, 90 адсоткаў беларусаў дзьвюх абласьцей супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Калі гэта сапраўды так, а ня вынік хворага ўяўленьня тых, хто праводзіў апытаньне, то тады не зразумела, навошта галадалі па гэтаму пытаньню дэпутаты, чаму ўся апазыцыя баіцца правядзеньня рэфэрэндуму? Магчыма падрабіць 5 адсоткаў галасоў, але 40 адсоткаў ніколі, бо ў выбарчых камісіях тысячы чалавек, і ўсіх іх абвінаваціць у хлусьні проста неразумна і недарэчна! Дзякуй.”

***

(Cлухач: ) “Нешта зь пераходам на летні час амаль што зусім немагчыма злавіць Беларускую службу Радыё Свабода. Хаця зімой магчыма было злавіць, і добра было ўсё чуваць.

Па-другое, расейская служба Радыё Свабода ўчора паведамляла пра тое, што яны думаюць пра Ірак. Хачу для іх два словы сказаць, бо зь Менску патэлефанаваць туды не атрымліваецца.

Калі іракцы ці амэрыканцы ня будуць выкарыстоўваць увесь вопыт барацьбы савецкіх спэцслужбаў з бандэраўцамі і з прыбалтыйскімі нацыяналістамі, а яны маюць цудоўны вопыт, і яны перамаглі, то… Цяпер амэрыканцы чамусьці не выкарыстоўваюць гэты вопыт. Дзякуй вам.”

***

(Лусевіч Міхаіл: ) “Я наконт Аксаны Новікавай. Гэта, канечне, вашая справа перадаваць мой званок, ці не. Я ўжо калісьці выказаўся, што Аксана Новікава зрабіла вялікае глупства, працягваючы свае гэтыя ўпартыя намаганьні паказаць сябе, што яна такая змагарка. Зараз яна пазбавіла дзяцінства сваёй адной дачцэ, і – аказваецца цяжарная – пазбаўляе магчымасьці нарадзіцца ў нармальных умовах другому свайму дзіцяці. І гэта ёсьць, на мой погляд, вялікае бязглузьдзе і проста хамства ў адносінах да сваіх дзяцей.

Я шчыра скажу, ніводны Лукашэнка ня варты ніводнага дзіцёнка тут на Беларусі. Таму часам глядзіш на нашых апазыцыйных лідэраў, якія са скуры вылузваюцца, каб сябе паказаць, то часам проста дзіву даесься. Спадар Пазьняк крычыць на ўсіх вуглах, што ўсе кругом гады, толькі ён добры, толькі ён разумны, толькі ён мудры. Становіцца проста гідка ад такіх выказваньняў, а ён жа прэтэндаваў на ролю лідэра. І ўсе яго такім і лічылі, у тым ліку і я. Таму ў мяне такое меркаваньне, што трэба нашым лідэрам апазыцыі, усім, хто прыхільны да яе, думаць аб тым, як рабіць і што рабіць і ня дзеля шоў, а дзеля Беларусі. Дзякуй.”

***

(Іван Карпавіч: ) “Хачу выказацца наконт нямецкіх і савецкіх могілак. Гэта сьвятая справа. Немец ён ці расеец, беларус ці нейкай іншай нацыянальнасьці, які загінуў і памёр на тэрыторыі гэтай краіны, іхныя могілкі павінны захаваць і даглядаць за імі.

Калі ўзяць Германію. Могілкі савецкіх воінаў дагледжаныя. А мы ўсе могілкі ўбралі, нават тых немцаў, якія Менск будавалі. На аўтазаводзе, памятаю, бярозавыя крыжы стаялі, а потым пабудавалі фэдэральны пасёлак. Мы не паважаем нашых продкаў. Напрыклад, на Даўгабродзкай – якая цяпер Казлова – зьнесьлі могілкі, пабудавалі вуліцу; далей, Кальварыю – таксама зьнесьлі… Гэта ж непавага да нашых продкаў! Мы ніколі ня будзем жыць як людзі, бо мы зьверы. Камуністы азьвярэлі поўнасьцю, будуюць, ня гледзячы ні на што. Я сам бачыў, як бульдозэрам труны выймалі на Даўгабродзкай вуліцы. Гэта проста зьдзек! Што няма болей месца, дзе будаваць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG