Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абураюся, калі параўноўваюць Лукашэнку з Машэравым”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Дзесяць год таму ў такія ж чэрвеньскія дні Беларусь упершыню ў сваёй гісторыі была ахоплена прэзыдэнцкай кампаніяй. Разгараліся скандалы, гучалі таямнічыя стрэлы пад Лёзна, на мяжы затрымлівалі рэклямныя плякаты і ўлёткі, рабіла свае сэнсацыйныя прызнаньні стуардэса, якая абслугоўвала спэцрэйс “Менск–Пэкін”... Сёньня, азіраючыся на мінулае дзесяцігодзьдзе, многія людзі міжволі падсумоўваюць вынікі 10-гадовага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Ліст ад пэнсіянэра Ўладзіслава Макейчыка зь Менску. Слухач піша:

“У прэзыдэнцкай газэце “Советская Белоруссия”, у нумары за 16 чэрвеня Аляксандра Лукашэнку назвалі “самым маштабным кіраўніком Беларусі пасьляваеннага часу”. Цяпер мне зразумела, чаму ў Менску дагэтуль няма дастойнага помніка Пятру Машэраву і чаму ўлада ня дужа прыхільна ставіцца да ўшанаваньня памяці гэтага самага папулярнага сярод беларусаў пасьляваеннага кіраўніка. Але тыя, хто памятае Машэрава, нават параўноўваць яго з Лукашэнкам ня хочуць. Там была асоба: герой Савецкага Саюзу, буйны кіраўнік партызанскага руху. Вельмі просты і даступны: памятаю, прыяжджаў да нас у Нясьвіж на звычайнай “Волзе”. Не прыпомню нават, ці была ў яго якая ахова. Калі і была, то можа, адзін чалавек — уся дэлегацыя складалася з трох машын: дзьве “Волгі” і адзін “уазік”.

А што Лукашэнка? Чым ён вызначыўся? Якія дзяржаўныя ўзнагароды СССР меў? Якую вытворчасьць наладзіў? Якімі дасягненьнямі вызначыўся пад ягоным кіраўніцтвам саўгас “Гарадзец”? Езьдзіць у даражэзных браняваных лімузынах, купляе пэрсанальныя самалёты, акружыў сябе сотнямі ахоўнікаў... Пры Машэраве жыцьцёвы ўзровень у Беларусі падвышаўся: будавалі шмат жыльля, якое людзі атрымлівалі бясплатна, больш станавілася тавараў у крамах, расьлі заробкі. А цяпер беларусы ператварыліся ў жабракоў”.

Слухач, на маю думку, заўважыў вельмі адметную тэндэнцыю: улады ўсяляк пазьбягаюць параўнаньня эпохі Лукашэнкі з эпохай Машэрава, апасаючыся, верагодна, якраз такіх высноваў, якія зрабіў Уладзіслаў Макейчык. Пра Машэрава ня згадваюць і ня пішуць нават напярэдадні 3 ліпеня — калі дзяржаўныя мэдыі спрэс запоўненыя ўспамінамі пра мала каму вядомых вэтэранаў.

Адметна, што былы прэм’ер Вячаслаў Кебіч, у свой час прэтэндуючы на пасаду прэзыдэнта, наадварот, імкнуўся акцэнтаваць увагу на пэрсоне Машэрава, падаючы сябе як ягонага пераемніка. У Аляксандра Лукашэнкі цяпер, відавочна, іншыя амбіцыі ды іншыя прэтэнзіі на месца ў беларускай гісторыі.

Ліст ад Часлава Хвайніцкага са Смаргоні. Слухач піша:

“Гарачая цяпер пара ў дзяржаўных ідэолягаў: паўсюль трэба пісаць ды зачытваць даклады пра тое, як расейцы самаахвярна вызвалялі беларусаў ад фашысцкай няволі, каб для гэтага цёмнага забітага народу пабудаваць сьветлую будучыню — камуністычны рай. Яшчэ адна задача ідэолягаў — пракантраляваць, каб у кабінэтах усіх дзяржаўных чыноўнікаў і школьных клясах віселі партрэты Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым трэба, каб партрэты былі ў дарагіх рамках, віселі на моцных вяроўках і добрых цьвіках — напэўна, такіх, якія Аляксандар Лукашэнка з Іванам Ціцянковым адабралі ў 1994 годзе ў Станіслава Шушкевіча. Бо Шушкевіч, як доктар тэхнічных навук, несумненна, разьбіраўся ў цьвіках — кепскіх ён на сваім лецішчы не трымаў бы. А калі, ня дай Бог, партрэт зваліцца, дык такога чыноўніка трэба жорстка караць — можна нават пасылаць на “хімію”.

Да партрэтаў правадыроў у спадара Хвайніцкага асаблівае стаўленьне, пачынаючы з 1950-х гадоў, калі яго, юнака, асудзілі да расстрэлу за тое, што пашкодзіў партрэт Сталіна. Потым сьмяротнае пакараньне літасьціва замянілі 20 гадамі паўночных лягераў. З палярных вугальных шахтаў яго вызвалілі толькі пасьля сьмерці “вялікага правадыра”, хоць дагэтуль не рэабілітавалі. Ведаючы гэтую перадгісторыю, няцяжка зразумець горкую іронію слухача, які назірае, як цэлы штат ідэолягаў сочыць за тым, каб партрэты Лукашэнкі былі добра прымацаваныя і віселі на ганаровых месцах.

Фрагмэнт ліста Мікалая Бельскага зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. Слухач піша:

“На вашым Радыё Свабода — абмежаванасьць інфармацыі і адсутнасьць свабоды меркаваньняў, паўгалоснасьць. Ня сёньня я ў гэтым пераканаўся, і папугаем вашым ніколі ня быў. Ухваляю пазыцыю Свабоды ў тым, што датычыць нацыянальнай мовы, дзяржаўнай сымболікі, сувэрэнітэту. І толькі. Дзякуй і за тое, што хоць нешта дазволілі выказаць. Менавіта гэта “нешта” і вызначае наяўнасьць вашых пастаянных слухачоў”.

Дапускаю, спадар Бельскі, што не заўсёды інфармацыя, якую мы перадаем у эфіры, усебаковая і апэратыўная настолькі, каб задаволіць густы ўсіх патрабавальных слухачоў. Хоць мы і імкнемся да таго, каб людзі, якія нас слухаюць, былі інфармаваныя пра ўсе самыя важныя падзеі і зьявы. Што да вашага сьцьверджаньня пра адсутнасьць свабоды меркаваньняў, то я зь ім не пагаджуся. Выкладаньне розных, у тым ліку процілеглых меркаваньняў наконт усіх грамадзка значных праблемаў — адзін з галоўных прынцыпаў Свабоды. Магчыма, сваю выснову вы зрабілі на падставе таго, што вашыя папярэднія лісты я працытаваў у моцна скарочаным выглядзе. Што ж, выбачайце: гэтага вымагаюць абмежаваны эфірны час і наша вялікая пошта.

Ліст ад Міхаіла Лекаха з Рыгі. Слухач піша:

“Пачуў па Беларускай Свабодзе паведамленьне пра тое, што ў Менску працуюць пяць крамаў, якія гандлююць таварамі, затрыманымі мытнікамі і канфіскаванымі паводле рашэньняў судоў. Зь перадачы вынікала, нібы мытнікі твораць самаўпраўства, вынікам чаго можа стаць зьмяншэньне транзытных патокаў, што рухаюцца праз тэрыторыю Беларусі. Усё гэта — паўпраўда. Беларуская Свабода змаўчала пра галоўнае: чаму былі затрыманыя гэтыя тавары? Чаму іх канфіскавалі і перадалі гандлю на рэалізацыю? Гэтыя пытаньні задасьць любы разважлівы чалавек. Ці, можа, вашыя перадачы разьлічаныя на малапісьменных недалёкіх людзей? Ці, можа, гэта рэдакцыйная палітыка радыё? У кожным разе, гэта аб’ектыўна дыскрэдытуе Беларускую Свабоду”.

Так, спадар Леках, фармальна ўся працэдура канфіскацыі выконваецца: мытнікі тавар затрымліваюць, спасылаючыся на пэўныя парушэньні, а суд прымае рашэньне аб канфіскацыі. Праблема ў тым, якія гэта парушэньні і як беларускія суды ставяцца да разьвязаньня канфліктных сытуацыяў. Калі партыю грузу, кошт якога складае сотні тысяч даляраў, канфіскуюць за тое, што ў накладной пераблытаныя пячаткі, альбо забіраюць аўтобус коштам 200 тысяч даляраў за тое, што кіроўца цішком хацеў правезьці празь мяжу некалькі блёкаў кантрабандных цыгарэт, гэта выклікае шмат пытаньняў. І гэтыя пытаньні адкрыта задаюць ня толькі камэрсанты.

Напрыклад, неаднаразова выступаў з гэтай нагоды з рэзкімі заявамі на адрас беларускіх уладаў амбасадар Расеі Аляксандар Блахін. Апошні раз 11 чэрвеня ён заявіў, што ня бачыць паляпшэньня сытуацыі, таму што за першы квартал на беларускіх межах канфіскавалі тавараў, што перавозіліся ў Расею і з Расеі, больш як на 23 мільёны даляраў. Гэта перавышае леташнія паказьнікі. І многія перавозчыкі, зважаючы на гэта, стараюцца аб’яжджаць Беларусь. Мытныя службы ў шчыльным супрацоўніцтве з судамі, якія, як правіла, выносяць рашэньне не на карысьць перавозчыка, сталі вельмі істотнай крыніцай папаўненьня беларускага бюджэту. Але гэтыя даходы ў вельмі недалёкай пэрспэктыве могуць ператварыцца ў яшчэ большыя страты.

На заканчэньне — урывак зь ліста Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:

“У нас у Берасьці зьявіліся фірмы, якія працуюць нелегальна. Як правіла, яны шыюць адзеньне. Паколькі вакол беспрацоўе, то знайсьці людзей нескладана. Яшчэ ня кожнага і бяруць. Некалькі чалавек мне расказвалі: захацелі ўладкавацца — а там запатрабавалі хабар. Нават кіроўцы-дальнабойшчыкі выплачваюць немалыя сумы сваім гаспадарам. Выйсьця ў іх фактычна няма: альбо плаці, альбо на тваё месца знойдзецца іншы, які будзе плаціць.

У гэтых прыватных фірмах часта і заробкі нясвоечасова выдаюць, ня плацяць бальнічных, дапамогаў на дзяцей, цяжарным... Ня пералічваюць грошай нават у пэнсійны фонд. Натуральна, людзі гэтым незадаволеныя. Канкрэтных прозьвішчаў не называю, каб не пацярпелі тыя, хто там пакуль працуе. Бо ўжо быў выпадак, калі тых, хто зьвярнуўся ў падатковую інспэкцыю, усіх да аднаго звольнілі. Такія вось парадкі ў прыватных фірмах”.

Вы, спадар Сац, акцэнтуеце ўвагу на тым, што фірмы — прыватныя. А я акцэнтаваў бы на іншым — што яны нелегальныя, незаконныя. Дзяржава павінна стварыць прыватным прадпрымальнікам такія ўмовы, каб яны не ўцякалі ў цень, не рызыкавалі ўласнай рэпутацыяй і нават асабістай свабодай, ствараючы падобныя падпольныя цэхі. А каб ім выгадна было працаваць сумленна, плацячы і падаткі, і добрыя заробкі, і сацыяльныя дапамогі. Калі падобных нелегальных вытворчасьцяў у краіне становіцца шмат, гэта дакладная прыкмета таго, што ня ўсё ў парадку у дачыненьнях паміж уладай і бізнэсам.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG