Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі даведнік папярэджвае польскіх турыстаў, што зьбіраюцца ў Беларусь, пра магчымыя цяжкасьці


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня міністэрства замежных справаў Польшчы наладзіла прэзэнтацыю штогадовага даведніка “Паляк за мяжой”, дзе падаецца інфармацыя для грамадзянаў Польшчы, якія зьбіраюць наведаць тую ці іншую краіну сьвету. У артыкуле пра Беларусь, сярод іншага, палякам раяць не набываць харчы ў невялікіх дзяржаўных крамах, а ў выпадку неабходнасьці падрыхтавацца да беларускай бюракратыі.

Міністэрства замежных справаў Польшчы нагадвае сваім грамадзянам, што ў Беларусі замежнікі абавязкова мусяць рэгістравацца ў АВІРы, інакш – штраф. Што да мэдычнага абслугоўваньня, дык аўтары даведніка “Паляк за мяжой” раяць у выпадку неабходнасьці карыстацца паслугамі прыватных клінік, бо ў дзяржаўных “узровень абслугоўваньня вельмі нізкі, і можа ня быць патрэбных лекаў”.

Тых, хто едзе ў Беларусь на аўтамабілі, інфармуюць, што беларускія міліцыянты вельмі часта кантралююць хуткасьць пры дапамозе радару, а калі спыняюць дык вельмі ўважліва правяраюць ці ёсьць аптэчка, дадатковае кола і гэтак далей.

“Галоўныя дарогі ў Беларусі ўтрымліваюцца ў вельмі добрым стане, але трэба быць асьцярожным, бо па аўтастрадах часта ходзяць людзі, хатнія жывёлы, ці там могуць ляжаць пакінутыя некім вялікія рэчы. У сваю чаргу ў гарадох галоўная праблема – дзіркі ў асфальце, дрэннае асьвятленьне ды адкрытыя люкі без адпаведных папераджальных знакаў”, – гаворыцца ў даведніку.

Аўтары адзначаюць, што пагроза злачыннасьці ў Беларусі, насуперак распаўсюджаннаму меркаваньню, невялікая – амаль няма нападаў на кіроўцаў, але часта здараюцца крадзяжы рэчаў з аўтамабіляў і гатэляў.

У даведніку гаворыцца, што ў беларускай правінцыі, нягледзячы на вельмі прыгожую прыроду, амаль няма турыстычнай і гастранамічнай інфраструктуры, а гатэлі дарагія і маюць нізкі стандарт.

“Непажадана купляць мяса, малочныя харчы, рыбу ў невялікіх дзяржаўных крамах і ў выпадковых месцах, бо там не прытрымліваюцца ўвогуле ніякіх нормаў гігіены. На поўдні краіны лепш не ўжываць харчы мясцовай вытворчасьці з прычыны радыяцыйнага забруджваньня”, – папярэджваюць аўтары.

У даведніку таксама гаворыцца, што ў Беларусі вельмі разбудаваная бюракратычная сыстэма, дзе дамінуе расейская мова, і каб вырашыць нейкае пытаньне ў дзяржаўнай установе трэба падрыхтавацца да працяглых бюракратычных працэдураў ды магчымых дадатковых аплатаў за іх паскарэньне.

У сваю чаргу самі беларусы, як адзначае даведнік Міністэрства замежных справаў Польшчы, вельмі добра і цёпла ставяцца да палякаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG