Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія матабалісты – чэмпіёны Эўропы, але дзяржава іх амаль не падтрымлівае


Міхаіл Стэльмак, Менск Нацыянальная зборная Беларусі вызначылася на першынстве Эўропы па матаболу. Упершыню ў гісторыі спаборніцтваў у гэтым відзе спорту беларускія спартоўцы сталі чэмпіёнамі.

Беларускія спартоўцы чэмпіёнскі тытул заваявалі ў родных сьценах. Прычым адбылося гэта ня ў Менску, не ў сталіцы, а ў Пінску і Лунінцы. Менавіта ў гэтых гарадах Берасьцейшчыны адбываўся чэмпіянат, у якім брала ўдзел пяць каманд. Апроч Беларусі, гэта былі нацыянальныя зборныя Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі.

Фаварытам лічылася зборная Расеі, якая з 19 эўрапейскіх чэмпіянатаў перамагала 13 разоў. Дзіўна, але факт: ужо ў першым матчы Беларусь сустракалася з Расеяй і прайграла з сухім лікам 0:4. І, вядома, мала хто верыў, што беларусы пасьля гэтага ўздымуцца на вышэйшую прыступку п’едэсталу гонару. Тым больш, што яны пасьля выйгрышу ў французаў зноў саступілі – на гэты раз зборнай Нямеччыны. І толькі выйгрыш у суседзяў, у ўкраінскай каманды, даў магчымасьць яшчэ раз згуляць з расейцамі. У фінале. Вось што на гэты конт паведаміў сябра зборнай Уладзімір Бразоўскі:

(Бразоўскі: ) “Настроіліся на гульню. Гулялі калектыўна. Біліся, як кажуць, да апошняга. І ў фінале з Расеяй 3:1 выйгралі. У нас на фоне ўсіх, вядома, Антон Ласавец вылучаецца. Варатар Калюціч таксама выдатна згуляў”.

(Карэспандэнт: ) Скажыце, жыхары Пінску любяць матабол?

(Бразоўскі: ) “Вельмі любяць. Зараз на чэмпіянаце Эўропы стадыён быў забіты цалкам”.

Чаму эўрапейскі чэмпіянат адбываўся не ў сталіцы ці ў нейкім абласным цэнтры, а ў Пінску і яшчэ больш правінцыйным горадзе Лунінцы? Прычына ў тым, што якраз у гэтых гарадох жывуць лепшыя беларускія матабалісты. Напрыклад, пінскі “Аўтамабіліст” – 11-разовы чэмпіён краіны і 13-разовы ўладальнік Кубка Беларусі. Такая склалася традыцыя, што ў гэтым рэгіёне гэтаму віду спорту надаецца ўвага. Як вынік, мясцовыя жыхары тут любяць матабол.

У астатняй частцы Беларусі, у тым ліку і Менску, пра матабол ведаюць мала. Нягледзячы на тое, што беларуская каманда і раней ўваходзіла ў лік першай пяцёркі ў Эўропе, папулярызацыя яе дасягненьняў дзяржаўнымі спартовымі арганізацыямі не праводзілася.

Як зазначаюць пінчукі, і пасьля цяперашняй перамогі на чэмпіянаце Эўропы ў гэтым пляне наўрад ці што зьменіцца. Паколькі, маўляў, цяперашні кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка гуляе ў хакей, а не ў матабол. І таму спадзявацца на дзяржаўную падтрымку наўрад ці варта.

Як паведаміў Уладзімір Бразоўскі, які раней быў варатаром зборнай, а зараз ёсьць мэханікам каманды, матабалісты іншых краін, нават нягледзячы на тое, што яны саступілі беларусам на чэмпіянаце Эўропы, будуць у сваіх краінах як сьлед заахвочаныя:

(Бразоўскі: ) “Вунь зараз спонсары некаторым камандам шмат дапамагаюць. Але ў Беларусі гэтага нават і блізка не бачна”.

(Карэспандэнт: ) Колькі ў сярэднім атрымлівае гулец?

(Бразоўскі: ) “Я атрымліваю 220 тысяч рублёў. Як хочаш, так і жыві на гэтыя 100 даляраў. Матабол – тэхнічны від спорту. Калі б ён быў алімпійскім, то можа і лепш было б. А так мы да спорткамітэта ня маем дачыненьня. Як кажуць, свая палітыка”.

(Карэспандэнт: ) Што ўручылі камандзе за перамогу на чэмпіянаце Эўропы?

(Бразоўскі: ) “Медалі й кубак. І яшчэ пэўныя ганарары фэдэрацыя матаспорту выдзяляла, але яшчэ не было разьмеркаваньня”.

(Карэспандэнт: ) Інакш кажучы, вы яшчэ не ведаеце, колькі атрымаеце?

(Бразоўскі: ) “Там будзе мізэр”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG