БАГДАД. У Іраку прыведзеныя да прысягі прэзыдэнт, кіраўнік часовага ўраду й чальцы кабінэту. Улада ў краіне афіцыйна перададзеная ірацкаму ўраду – на два дні раней за прызначаны тэрмін. Цырымонія перадачы ўлады новаму прэм’еру Іяду Аляві ад кіраўніка часовай амэрыканска-брытанскай адміністрацыі Пола Брэмэра адбылася ў моцнаахоўванай “зялёнай зоне” Багдаду. Аляві назваў сёньняшні дзень “гістарычным”. Неўзабаве пасьля цырымоніі Пол Брэмэр пакінуў Ірак. Мяркуючы з усяго, цырымонія адбылася на два дні раней празь небясьпеку тэрактаў.