Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэрвені ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў


Севярын Квяткоўскі, Менск 26 чэрвеня 1941 году на выхадзе з гораду ва ўрочышчы Цагельня былі расстраляныя вязьні чэрвеньскай перасыльнай турмы. Жалобная ўрачыстасьць мае назву “Ігуменскі шлях” і ладзіцца сёлета пятнаццаты раз. Ад 1991 году у жальбінах бяруць удзел прадстаўнікі Літвы і Польшчы.

У 1989 годзе стала вядома, што Чэрвень стаўся другімі Курапатамі, бо вакол горада пахаваныя тысячы палітычных зьняволеных. Дагэтуль захаваліся камэры, дзе трымалі, катавалі, расстрэльвалі людзей розных нацыянальнасьцяў – беларусаў літоўцаў, палякаў. Гаворыць дачка рэпрэсаваных Валерыя Матусевіч:

(Спадарыня Матусевіч:) “Бацька мой быў арыштаваны, яму пагражала Камароўка. І маму арыштавалі. Я мела два месяцы”.

Менавіта ў такім узросьце спадарыня Валерыя Матусевіч патрапіла ў 1922 годзе ў Чэрвеньскую турму. Вязьням пашчасьціла выжыць, і яны неўзабаве ўцяклі ў Польшчу. Але пасьля 1939 году перасыльная турма напоўнілася палякамі, а пасьля 1940 году – літоўцамі.

Традыцыйна месца расстрэлу наведваюць прадстаўнікі літоўскага Саюзу ахвяраў рэпрэсіяў, а таксама прадстаўнікі польскай дзяржавы. Адным зь іх ёсьць генэральны консул Польшчы ў Беларусі спадар Бучэк.

(Бучэк: ) “Мы ня можам забыцца, што тут гінулі палякі, гінулі нявінныя людзі. Адсюль нашая прысутнасьць штогод у гэтым месцы”.

Ушанаваньне памяці забітых працягнулася ля помных крыжоў ва ўрочышчы Цагельня, дзе 26 чэрвеня 1941 году адбыўся расстрэл вязьняў. Сталым арганізатарам мерапрыемства ёсьць сябра партыі БНФ і гісторыка-асьветніцкага таварыства “Ігумен” Уладзімер Дарагуж.

(Дарагуж: ) “Я дзіўлюся з нашага паважанага чынавенства, якое стаіць воддаль і толькі ўсьміхаецца. Чамусьці яны ўявілі сябе нашчадкамі катаў”.

Уладзімер Дарагуж ня першы год прапануе зрабіць у Чэрвені музэй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Намесьнік старшыні Чэрвеньскага райвыканкаму Міхаіл Рускевіч тлумачыць адмову ў стварэньні музэя адсутнасьцю фінансаў, а таксама адсутнасьцю дастатковых фактаў пра злачынствы савецкай ўлады.

(Рускевіч: ) “Гэта мусяць быць дакумэнты, якія афіцыйна пацьвярджаюць гэта ўсё”.

А вось для спадарыні Надзеі Дземідовіч не патрэбна болей дакумэнтаў, бо яна сама прайшла праз сталінскія канцлягеры.

(Дземідовіч: ) “Гэты дзень я заўсёды ўшаноўваю. І мне ў вачах стаяць усе тыя людзі, якіх я бачыла жывых, а пасьля мёртвых. Я напісала верш: “Вам сьнілася поле, і родныя хаты, дзе ў той час чужынцы нахалы жылі/ Убачылі б вы сваю моладзь, каб усталі, пачулі б, пачулі б званы, што паўсталі зь зямлі/ Іх разам з вамі маскалі стралялі, яны разам з вамі былі ў зямлі”.

У жальбінах узялі ўдзел каля сямі дзясяткаў чалавек. Большасьць склала дэлегацыя КХП БНФ на чале зь Юрасём Беленькім. Акцыя скончылася выкананьнем гімну “Магутны Божа” і ўскладаньнем кветак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG