Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Гомеля ўспамінаюць, як галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе


Казімер Яноўскі, Гомель Ці галасавалі б вы сёньня так, як галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах 10 гадоў таму, у 1994 годзе? Гэтае пытаньне задаваў жыхарам Гомелю наш карэспандэнт.

(Мужчына: ) “Так і галасаваў бы, як тады галасаваў. У мінулы раз я ўсіх выкрасьліў, бо не было за каго галасаваць”.

(Мужчына: ) “Галасаваў бы таксама – за Лукашэнку”.

(Мужчына: ) “Я галасаваў бы так, як і ў 1994 годзе. Я галасаваў за Зянона Пазьняка. Калі б цяпер былі прэзыдэнцкія выбары, я б таксама галасаваў за Пазьняка”.

(Мужчына: ) “Той раз я аднёсься вельмі пасіўна да выбараў і цяпер не пайду. Ня бачу годных кандыдатаў. БНФ неяк сышоў у цень, Пазьняк зьнік з гарызонту. Ня бачу ніякага сэнсу. Нічога ж ня зьменіцца. А ўлада такая, што адна назва – улада”.

(Пэнсіянэр: ) “Лукашэнка ўжо два тэрміны! Няхай ідзе на пэнсію. Паводле Канстытуцыі павінна быць два тэрміны, значыць, трэба абіраць іншага прэзыдэнта. Няхай іншы пажыве, паезьдзіць у розныя краіны”.

(Мужчына: ) “Так, галасаваў бы зноў за Лукашэнку. Ня бачна альтэрнатывы”.

(Вэтэран: ) “Ды не, не галасаваў бы за Лукашэнку. Я сам прайшоў усю вайну, ваяваў, у 16 гадоў пайшоў на фронт. Паглядзіце, колькі людзей ходзіць цяпер па сьметніках, рыюцца, ядуць усе гэтыя адыходы. Яны ўжо, як жывёліны сталі. Раней такога не было. Вельмі шмат цяпер гаварыльні, а канкрэтных спраў мала”.

(Жанчына: ) “Ня хочу я пра гэта гаварыць. Я баба старая, у выбары ня лезу”.

(Мужчына: ) “Я галасаваў бы так, як у 1994 годзе. Я галасаваў тады, кажу прама, за Зянона Пазьняка. Сёньня я не абавязкова менавіта за Пазьняка галасаваў бы, але галасаваў бы за кандыдата, які адпавядае інтарэсам беларускай нацыі. Можа ён будзе і крыху не такім. Але я вылучаю Зянона Пазьняка як шчырага беларуса, які ведае праблемы Бацькаўшчыны і зьяўляецца шчырым прыхільнікам беларускасьці”.

(Жанчына: ) “За Лукашэнку галасавала б зноў. Лепей не было б, як цяпер”.

(Жанчына: ) “Галасавала за Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча, а сёньня – гледзячы, якія кандыдаты будуць яшчэ”.

(Пэнсіянэр: ) “За Лукашэнку галасаваць ня будзем, бо ён адно гаворыць, а робіць іншае. Цэны як паднімаў, так і паднімае, а пэнсія на месцы. Ні капейкі за душою. І квартплата, і малако, і мяса – усё даражэе і даражэе”.

(Мужчына: ) “Не, цяпер за Лукашэнку ніколі б не галасаваў, бо ён не зрабіў нічога, што абяцаў”.

(Жанчына: ) “За “бацьку” я ніколі не галасавала. Я гэтага хлопца зразумела яшчэ тады, калі ён быў дэпутатам і лічыў цьвічкі ў Шушкевіча. Ніколі ў жыцьці я за яго галасаваць ня буду. Мне сорамна за тое, што ў нас такі правіцель”.

Гэта былі адказы гамельчукоў на пытаньне тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG