Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будаваў Вільню? Перадача першая


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”.

Удзельнічае: мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Вільня, старадаўняя сталіца нашае колішняе дзяржавы, даволі малады горад — адносна іншых эўрапейскіх сталіцаў. Ведама, што толькі з канца 11 стагодзьдзя тут вырасла больш-менш буйное места. Тым часам у сталіцу яно пераўтварылася толькі за Гедымінам, у сярэдзіне 14 стагодзьдзя. Калі ж Вітаўтава Вялікае Княства разраслося ад Балтыкі да Чорнага мора, Вільня стала цэнтрам самай буйной дзяржавы Эўропы ад часу Рымскае імпэрыі. Натуральна, сюды сьцякаліся скарбы матэрыяльныя і духоўныя з усіх неабдымных абшараў краю. Перафразоўваючы Жылку, “прыбой нямоўкнучы з палёў” грукаўся ў віленскія брамы стагодзьдзямі. Гледзячы сёньня на хараство віленскіх вуліцаў і пляцаў, сьвятыняў і палацаў, узьнікае пытаньне — хто ж гэта ўсё будаваў?”

(Сяргей Харэўскі: ) “Сярод тых дойлідаў, што стагодзьдзямі стваралі віленскае хараство, багата беларускіх імёнаў. Самыя славутыя зь іх — гэта Тамаш Жаброўскі з Наваградку, Дыянізі Чадай зь Пінску, Габрыэль Лянкевіч з Полацку, Аляксандар Аўсюкевіч, Ян Несямкоўскі, Ян Шантыр, Караль Падчашынскі, Казімер Камінскі, Аўгусцін Касакоўскі, Браніслаў Тычэцкі ды багата іншых. На вялікі жаль, большасьць гэтых імёнаў мала што кажа нашым суайчыньнікам. І гэта прыкра. Скажам, вось яшчэ адно імя было зусім забытае ў Беларусі — гэта Ян Франковіч. Імя гэтае і дасёньня ведамае толькі вельмі вузкаму колу дасьледчыкаў. Яго вы не спаткаеце ні ў даведніках, ні ў энцыкляпэдыях...”

(Ракіцкі: ) “А чым слаўны гэты дойлід? Чаму ты спыніўся менавіта на гэтым імені?”

(Харэўскі: ) “Таму што менавіта гэты архітэктар запачаткаваў той горадабудаўнічы ансамбаль барочнага кшталту, якім мы сабе і ўяўляем Вільню. Ён збудаваў найвялікшыя бажніцы на сумежжы 16 і 17 стагодзьдзяў: касьцёл Сьвятога Яна пры ўнівэрсытэце, касьцёл Сьвятога Казімера побач з ратушай, а таксама царкву Сьвятога Духа ў славутым манастыры пры Вострай Браме”.

(Ракіцкі: ) “А адкуль ён быў родам? Дзе і ў каго вучыўся?”

(Харэўскі: ) “Нарадзіўся ён у Менску, у 1559 годзе. Ведама таксама, што ён, як і ягоны бацька, быў рамесьнікам-кушняром. Затым ён увайшоў у закон езуітаў. Крыху пажыў у Рызе, у кляштары. Доўгі час ён жыў у Нясьвіжы, дзе быў у езуітаў пекарам. Тут у 1594 годзе Франковіч сустрэўся з выбітным эўрапейскім архітэктарам, італьянцам, Янам Марыя Бэрнардоні, які прыехаў на запрашэньне Радзівіла Сіроткі. За тыя гады Бэрнардоні здолеў навучыць усяму, што ведаў сам, свайго маладзейшага сябра, Франковіча. Менавіта Ян Франковіч ставіў купал над нясьвіскім касьцёлам Божага Цела. Пра гэта сьведчыць выяўлены пры канцы 20 стагодзьдзя, ва ўкраінскай Акадэміі Навук, альбом архітэктурна-будаўнічых праектаў, што належыць, як мяркуе гісторык архітэктуры Валянцін Калнін, самому Яну Франковічу. Гэтак, беларускі кушнер і пекар, які ніколі ня бачыў Італіі і наагул ніколі не зьяжджаў зь Беларусі, стаў першым ў нашых краях архітэктарам эпохі барока”.

(Ракіцкі: ) “А калі ж ён і чаму апынуўся ў Вільні?”

(Харэўскі: ) “Маладому тады закону езуітаў бракавала, як бы сёньня сказалі, кваліфікаваных кадраў, таму, калі паўстала патрэба будаваць віленскі езуіцкі кляштар з касьцёлам Сьвятога Казімера, выбар быў зроблены на карысьць Франковіча.Гэта было ў 1604 годзе. Будоўля расьцягнулася на 14 гадоў, але ў выніку паўстала ў Вільні бажніца, у няведамым тады тут стылі — барока. Паводле пляну і першапачатковага вобразу гэтая сьвятыня амаль дакладна паўтарала рысы касьцёлу Божага Цела, што ў Нясьвіжы. Але касьцёл Сьвятога Казімера шматкроць перавысіў памерамі свой правобраз. Адно вышыня купалу сягае на 40 мэтраў угару. Ян Франкевіч, усьлед за сваім настаўнікам Бэрнардоні, імкнуўся стварыць бажніцу як мадэль Сусьвету: просты крыж, а над ім — купал, як мэтафара Ўсясьвету.

Дарэчы, па вайне савецкія літоўскія ўлады яго былі замкнулі, а пазьней ўтварылі тут Музэй рэлігіі й атэізму. Бог ты мой! Ведаў бы пра тое Ян Франковіч. Ды ўрэшце ўсё гэта скончылася. Ізноў гучыць пад ягонымі скляпеньнямі арган ды б’юць званы на званіцах. Адно толькі... Імя нашага слыннага дойліда па-ранейшаму застаецца вядомае толькі самаму вузкаму колу адмыслоўцаў. Зрэшты, усё наперадзе”.

(Ракіцкі: ) “Ты казаў, што Франковіч перабудоўваў касьцёл Сьвятога Яна. А навошта гэта спатрэбілася?”

(Харэўскі: ) “Ёсьць пра гэта нават паданьне. І яно досыць вусьцішнае.

Памёр у Вільні адзін багацей. У касьцёле Сьвятога Яна быў пастаўлены адмысловы катафалк... А ўначы злодзеі вырашылі скрасьці дарагія пярсьцёнкі й ланцугі памерлага. Дзеля таго затрымалі тыя злыдні хлопца, які меўся той ночы пільнаваць касьцёл. Пагражаючы яму сьмерцю, змусілі яго паздымаць зь нябожчыка пярсьцёнкі, каб затым перадаць ім іх праз акенца. Хлапец, які шматкроць ужо начаваў у гэтым касьцёле, на гэты раз адчуваў невыказную трывогу. Дрыжучы ад жаху,узяўся за палец нябожчыка, абы як найхутчэй паздымаць пярсьцёнкі. Але... нябожчык раптам заварушыўся ў труне, сьціснуў рукі, раскрыў шырака вочы і загадаў гучным голасам:

— Браты, нябожчыкі, ратуйце мяне!

Пачалі рухацца камяні пахавальныя, ламацца саркафагі, і зь ляскатам распахваючы дзьверы, адчыняцца ўваходы ў скляпеньні. Зь пякельнага агню з трунаў паўставалі памерлыя і напаўнялі касьцёл... Увесь той тлум нябожчыкаў складаўся з магнатаў, сэнатараў, князёў рыцараў і заможных мяшчанаў, не бракавала таксама і кабетаў і нават немаўлятаў…

Злодзеі, чакаючы пад акном, як пачулі той гвалт пякельны, паўцякалі. Хлапец, паўпрытомны ад жуды, вырваўся з рук нябожчыка. Але памерлыя даганялі яго. Тады хлапчына зь велізарным пачуцьцём перажагнаўся і ўзмаліўся:

— Ісус, Марыя!

І тады з тае вышыні, на якую ўзьлезьлі, абрынуліся нябожчыкі ўніз, разам са сваімі трунамі й нагробнымі камянямі. Калі раніцай касьцёл адамкнулі, людзі пабачылі наўкол безьліч костак ды мерцьвякоў сярод перакуленых нагробкаў, трунаў ды плітаў. Усё было параскурочана, уваходы ў пахавальні параскрываныя, дамавіны амаль усе пустыя, за выняткам некаторых, у якіх, як сьцьвярджае паданьне, спачывалі сном вечным айцы езуіты. Бо толькі, бадай, яны і былі без граху. Тады прыступілі да разбору тых парэшткаў і іхных трунаў, дзе яны колісь ляжалі. Трывала гэта ажно два тыдні, гэткае было іхнае мноства. Усіх тых нябожчыкаў перавезьлі за Рудніцкую браму і там, за касьцёлам Сьвятога Сьцяпана, што й да сёньня стаіць за віленскім аўтавакзалам, пахавалі.

Паданьне паданьнем, без гратэску тут не абыходзіцца, але факт: касьцёл Сьвятога Яна быў моцна пашкоджаны да прыезду Яна Франковіча. Відавочна, гэта сталася вынікам бясконцых пахаваньняў у тоўшчы гатычных муроў. Вось яны і ня вытрымалі. Таму аднаўляць сьвятыню давялося нашаму земляку. Пра той выгляд, што набыў касьцёл Сьвятога Яна, мы можам меркаваць па красьлюнках і праекту Яна Франкевіча, што цудам ацалелі й перахоўваюцца цяпер у адным з кіеўскіх архіваў. Калі параўнаць тыя старыя праекты пачатку 17 стагодзьдзя і цяперашні плян касьцёлу, то можна заўважыць, што плян у агульных сваіх рысах не зьмяніўся ад тых часоў. Да нас дайшлі й скляпеньні, і бакавыя фасады, і вокны гэткімі, якімі іх узьвёў дойлід Франковіч”.

(Ракіцкі: ) “А што было далей? Як склаўся лёс гэтага дойліда і ягоных твораў?”

(Харэўскі: ) “Франковіч стаў самым славутым на тыя часы архітэктарам. Але неўзабаве, па сканчэньні велізарных будаўнічых работаў у Вільні, праз колькі ціхамірных багатых гадоў, ізноў пачаліся войны... Праўда, стары дойлід Ян Франковіч ужо расстаўся са сьветам гэтым у 1627 годзе і ня мог бачыць, як нішчыцца справа ягонага таленту. 8 жніўня 1655 году ад рана, калі люд віленскі кленчыў і маліўся ў бажніцах, у Вільню ўварваліся дзясяткі тысяч казакаў, што былі перадавымі войскамі арды маскоўскага цара Аляксея. У адзін той дзень загінула ў Вільні 20 тысяч чалавек, пасьля чаго казакі падпалілі горад з усіх бакоў. Пажары трывалі цэлы месяц, бо не было каму іх гасіць. І з квітнеючага места з найпякнейшымі бажніцамі, засталіся толькі груды друзу і попелу. А як ўвайшоў сюды й сам цар Аляксей, то ў Вільні трэба было Вільні шукаць”.

(Ракіцкі: ) “А адбудоўваць Вільню давялося ўжо наступнаму пакаленьню беларускіх дойлідаў...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG