Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Падаляк лічыць, што нацыянальнай бясьпецы Беларусі пагражае Аляксандар Лукашэнка


Альгерд Невяроўскі, Менск Дэпартаваны зь Беларусі намесьнік галоўнага рэдактара незалежнага тыднёвіка “Время” грамадзянін Украіны Міхаіл Падаляк зьбіраецца і надалей выдаваць гэтую газэту і пісаць артыкулы пра дачыненьні ў найвышэйшых эшалёнах беларускай улады. Ён мае намер зьвярнуцца да ўладаў Расеі, Польшчы і Літвы з просьбай даць яму дазвол на жыхарства ў адной з гэтых краінаў.

Я патэлефанаваў ва ўкраінскі горад Луцк, дзе Міхаіл Падаляк жыве цяпер у сваіх бацькоў, і папрасіў распавесьці, што зь ім адбылося пасьля таго, як 21 чэрвеня, у суправаджэньні афіцэраў КГБ, ён ад’ехаў са сталічнага вакзалу цягніком “Менск–Адэса”:

(Падаляк: ) “Са мной да мяжы ехалі чатыры афіцэры Камітэту дзяржбясьпекі. Ехалі, размаўлялі, абмяркоўвалі розныя пытаньні. Хлопцы з КГБ абсалютна абыякавыя, яны лічаць, што паводзяць сябе адэкватна. Робяць усё, што трэба дзеля таго, каб абараніць Беларусь ад такіх, як я, іншаземных грамадзянаў. Далей яны перадалі мяне беларускім памежнікам. Пры гэтым начальнік беларускага памежнага атраду папрасіў пастанову. Пастановы аб дэпартацыі яму не далі, як і мне, чым ён быў вельмі зьдзіўлены. На мяжы мяне чакала камэра ОНТ. Камэры БТ і ОНТ нябачна прысутнічалі побач са мной цягам усёй дарогі. Яны як быццам удзельнічалі ў сплянаванай акцыі. А потым украінскія памежнікі сустрэлі мяне як вядомага ўжо чалавека. Паляпалі па плячы, сказалі: “Усё нармальна, у нас да цябе прэтэнзіяў няма і быць ня можа”.

(Карэспандэнт: ) “Міхаіл, як вы ўладкаваліся ва Ўкраіне і чым зьбіраецеся займацца?”

(Падаляк: ) “Цяпер, цягам наступных двух дзён я буду знаходзіцца ў бацькоў.Усё ж такі была аказія — і трэба было наведаць бацькоў. Пасьля я хутчэй за ўсё паеду ў Маскву і Кіеў. Калі буду ў Кіеве, зьбіраюся зрабіць заяву ці нават зварот да ўрадаў Літоўскай рэспублікі, Польшчы і Расеі з просьбай даць мне права часовага пражываньня на пэрыяд, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе ў Беларусі. Бо я больш не давяраю дзяржаве пад назваю Ўкраіна. Украінскі консул ня выканаў сваіх прафэсійных абавязкаў і не прыйшоў у адпаведны час у КГБ і ня стаў бараніць мае грамадзянскія правы. Надалей буду займацца выпускам газэты “Время”, альбо любой іншай газэты, якая будзе існаваць замест яе. Тое, што мы будзем публікаваць шмат цікавай інфармацыі пра Беларусь, у гэтым сумневаў няма”.

Журналіст называе абсурднай афіцыйную прычыну сваёй дэпартацыі — “публікацыя матэрыялаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі”:

(Падаляк: ) “Я думаю, што нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь пагражае сам Аляксандар Рыгоравіч. Бо ён дэстабілізуе становішча — сваімі рашэньнямі, разбурэньнем іміджу краіны, парушэньнем Канстытуцыі і г.д. Я ніякай пагрозы для нацыянальнай бясьпекі не ўяўляў. Пытаньне пра тое, што нашыя тэксты, якія публікавала газэта “Время”, у той ці іншай ступені траплялі ў цэль”.

Міхаіл Падаляк не спадзяецца, што ў цяперашняй Беларусі ў судовым парадку ўдасца дамагчыся адмены рашэньня аб дэпартацыі. Неўзабаве да яго прыедзе жонка Ірына. Міхаіл Падаляк выказаў падзяку ўсім сваім калегам і арганізацыям, якія выступілі ў ягоную абарону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG