Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прагаласавалі бы вы сёньня на прэзыдэнцкіх выбарах таксама, як 10 гадоў таму?


Галіна Абакунчык, Менск Дзесяць гадоў таму, 23 чэрвеня 1994 году, адбыўся першы тур выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Кандыдатамі на пасаду кіраўніка краіны тады былі шэсьць чалавек: Аляксандр Дубко, Вячаслаў Кебіч, Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў, Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч.

У другі тур трапілі двое: Вячаслаў Кебіч і Аляксандар Лукашэнка. Ці прагаласавалі бы вы сёньня гэтак, як дзесяць гадоў таму? — пыталася ў мінакоў на вуліцах гораду наша карэспандэнтка.

Пра выбары першага прэзыдэнта краіны свае меркаваньні выказвалі перадусім людзі сталага веку, паколькі ў часе кіраваньня Лукашэнкі вырасла новае пакаленьне беларусаў, якія на час ягоных першых выбараў былі яшчэ непаўнагадовыя. Пытаньне гучала так:

(Карэспандэнтка: ) “Дзесяць гадоў таму адбыліся першыя прэзыдэнцкія выбары. Як вы галасавалі тады і ці прагаласавалі бы гэтак сама сёньня?”

(Спадарыня: ) “Я галасавала за Лукашэнку. Я ня ведаю, ці галасавала бы цяпер, як мінулы раз, але я магу вам шчыра сказаць: нічога добрага мы не дачакаліся, стала толькі горш”.

(Спадар: ) “У другім туры я галасаваў супраць абодвух, у першым — за Пазьняка. Цяпер, на жаль, ён далёка ад нас, але будзем свае новыя сілы шукаць”.

(Спадарыня: ) “Я ня памятаю, як я галасавала тады, але не за Лукашэнку. Напэўна, за Карпенку — і цяпер зрабіла бы гэтак жа”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці прагаласавалі бы вы сёньня гэтак, як дзесяць гадоў таму?”

(Спадар: ) “Не, так бы не прагаласаваў. За гэтага чалавека я больш бы не галасаваў”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі не сакрэт, за якога?”

(Спадар: ) “За Лукашэнку. Асабіста маіх спадзяваньняў ён не апраўдаў”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле не галасавала і не галасую, бо галасуй не галасуй… Так я лічу, такое маё меркаваньне”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці прагаласавалі бы вы сёньня так, як дзесяць гадоў таму?”

(Спадар: ) “Канечне, прагаласаваў бы. Я галасаваў за Лукашэнку, і цяпер буду галасаваць. Я задаволены палітыкай Грыгорыя… Грыгор’евіча… Аляксандра Грыгор’евіча”.

(Спадарыня: ) “Я галасавала тады за Кебіча, каб толькі не Лукашэнка. І гэтым разам, калі так здарыцца, таксама толькі не за яго. Ён вельмі шмат абяцае, але толькі робіць усё наадварот. Проста я яму ня веру”.

(Спадар: ) “Калі бы я галасаваў за Лукашэнку, то цяпер ні ў якім разе за яго не галасаваў. Для мяне не было сакрэтам, што гэта чалавек неадэкватны, што ён ня будзе будаваць беларускую, незалежную дзяржаву, ня будзе да яе ашчадна ставіцца. Усё было відаць, толькі трэба было ўгледзецца крыху”.

(Спадарыня: ) “Не, я думаю, што цяпер бы гэтак не галасавала. Я не падтрымлівала тады ні Лукашэнку, ні Кебіча, але за таго дэмакратычнага кандыдата я цяпер гэтаксама не галасавала бы. У мяне зьмяніліся погляды, і думаю, што быў бы іншы выбар”.

***

23 чэрвеня 1994 году ў Беларусі адбыўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле дадзеных Цэнтарвыбаркаму ў выбарах узялі ўдзел 79% грамадзянаў краіны. Пададзеныя за кандыдатаў галасы разьмеркаваліся наступным чынам: Аляксандар Лукашэнка атрымаў 44.82%, Вячаслаў Кебіч – 17.33%, Зянон Пазьняк – 12.82%, Станіслаў Шушкевіч – 9.91%, Аляксандар Дубко – 5.98%, Васіль Новікаў – 4.29%. Два кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасьць галасоў – Аляксандар Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч выйшлі ў другі тур выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG