Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў не прыняла паправак да Выбарчага кодэксу – Валеры Фралоў заклікае да дзеяньняў


Алесь Дашчынскі, Менск Палата прадстаўнікоў не прыняла паправак да Выбарчага кодэксу, прапанаваных дэпутатамі Валерыем Фраловым, Сяргеем Скрабцом і Ўладзімерам Парфяновічам. Дэпутаты лічаць за неабходнае пераходзіць да іншых мэтадаў палітычнай барацьбы і выказваюць сумнеў, што парлямэнцкія выбары будуць прызнаныя.

За чатыры папраўкі дзеля дэмакратызацыі Выбарчага кодэксу аддалі галасы толькі восем дэпутатаў, супраць прагаласавалі 71. Адразу пасьля паседжаньня Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч выйшлі да Чырвонага касьцёлу, дзе сабралася каля дзьвюх соцень выбарцаў і журналісты, якіх не пусьцілі ў Палату на паседжаньне. Дэпутат Фралоў пракамэнтаваў вынікі галасаваньня:

(Фралоў: ) “Для мяне гэта дзіўна, бо я чакаў, што знойдзецца чалавек 25, якія адэкватна ацэньваюць сытуацыю ў краіне і ў выбарчым працэсе. Альбо калясальная праца праведзеная, альбо дзейнічае выбарчая кампанія. Гэта нейкі жах. Гэта яшчэ раз пацьвярджае нашыя падыходы, што патрэбна пераходзіць да іншых формаў і мэтадаў дзеяньняў”.

Фралоў і Скрабец заявілі на сэсіі пра сабраныя подпісы выбарцаў пад патрабаваньнямі зьменаў у Выбарчы кодэкс. Як на гэта рэагавала Палата прадстаўнікоў?

(Фралоў: ) “Ты хоць на тачцы туды закатвай, паказвай, што людзі падпісалі — на гэта ім напляваць”.

(Скрабец: ) “Людзі хочуць зьменаў — ніякай рэакцыі”.

У выніку чаканыя парлямэнцкія выбары могуць быць не прызнаныя, лічыць Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Мы застаемся ізаляванымі ад усёй міжнароднай супольнасьці. Няхай сабе ЗША, Эўропа не прызнаюць выбараў, з гэтым мы ўжо жылі. А што будзе калі й Расея, як дэмакратычная краіна, не прызнае выбараў? З кім мы застанемся, як мы будзем далей жыць?”

Ад самага ранку атмасфэра каля ўрадавага будынку, дзе знаходзіцца Палата прадстаўнікоў, была вельмі напружаная. Людзі ў цывільным і міліцыянэры дзяжурылі на плошчы Незалежнасьці — ад пэдагагічнага ўнівэрсытэту да Чырвонага касьцёлу і не давалі людзям спыняцца каля будынку, пазьней праход да Палаты ахова наогул перакрыла.

Аднак сябрам Беларускай партыі свабоды і Маладога Фронту ўдалося раздаць значную колькасьць улётак з патрабаваньнямі дэпутатаў Фралова, Скрабца і Парфяновіча. Як рэагавалі на вуліцы дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на зварот сваіх калегаў, прыгадвае Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Аднаму са значкам чырвона-зялёным я даю зварот, а ён мне яго аддае назад. Такая таўкатня цягнулася хвіліны дзьве. Урэшце я яму сунуў гэты зварот, і ён пайшоў абсалютна незадаволены, але атрымаўшы тое, што трэба яму пачытаць. Па-рознаму рэагавалі, некаторыя бралі зь цікаўнасьцю”.

Акцыя працягвалася нядоўга: міліцыянэры затрымалі сямёх яе ўдзельнікаў, а потым вызвалілі. Пратаколы склалі толькі на Сяржука Высоцкага і Васіля Парфянкова зь Беларускай партыі свабоды і на Алеся Васілеўскага з Маладога Фронту. Іх вінавацяць у распаўсюдзе на плошчы Незалежнасьці дэпутацкага звароту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG