Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на верталёце прыляцеў у Горадню і адкрыў помнік савецкім памежнікам


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні пры ўдзеле Аляксандра Лукашэнкі адкрыты помнік савецкім памежнікам. Мэмарыял пабудаваны на месцы, дзе раней звычайна адбываліся цыркавыя імпрэзы, там выступалі з гастролямі маскоўскі цырк, праскі ды іншыя. Афіцыйныя мэдыі ўжо назвалі гарадзенскі помнік трэцім па значнасьці ў Беларусі — пасьля Берасьцейскай крэпасьці і Хатыні.

Мэмарыял стаіць на скрыжаваньні вуліцаў Савецкіх памежнікаў і Паповіча. За гадзіну да адкрыцьця міліцыя перакрыла рух на чатырох вуліцах за некалькі кілямэтраў. Пасажыры грамадзкага транспарту мусілі ісьці пешшу, частка спынялася каля помніка, так сабралася публіка. У 10.50 у небе зьявіўся прэзыдэнцкі верталёт. Сам ён прыехаў прыблізна праз 15 хвілінаў. Публіка вітала яго даволі стрымана.

Аляксандар Лукашэнка зрабіў экскурс у 1941 год і не забыўся таксама пра сучасных агрэсараў, гаворачы “пра агульныя намаганьні ў будаўніцтве мэмарыяльнага ансамблю”:

(Лукашэнка: ) “Яны таксама служаць гістарычным напамінкам усім, хто яшчэ не адмовіўся ад дэструкцыйных плянаў разьвязаньня палітычных праблемаў шляхам збройнага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаваў”.

Разам з прэзыдэнтам Лукашэнкам былі спадары Рушайла і Барадзін з Масквы, але яны не выступалі. Старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка назваў помнік “унікальным”, “манумэнтам, які ўражвае” і вельмі дзякаваў прэзыдэнту за пабудову і адкрыцьцё помніка. Таксама вельмі дзякаваў і галоўны памежнік генэрал-лейтэнант Паўлоўскі. Дарэчы, папярэдне было вядома, што пасьлязаўтра спадар Саўчанка павінен даць Лукашэнку справаздачу за ўласную дзейнасьць. І помнік савецкім памежнікам яму ў гэтай справаздачы можа вельмі прыдацца.

Гараджане на адкрыцьці ці то жартам, ці то ўсур’ёз віншавалі адзін аднаго са сьвятам. Атрымліваецца, што высілкамі ўлады дзень нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз стаў сёньня сьвятам. Гарадзенцы ўспрынялі пабудову помніка спакойна.

(Маладзён: ) “Трэба паболей у Горадні нечага будаваць такога, а то толькі ў Менску будуюць”.

Дарэчы, бронзавы помнік зрабіў скульптар Генадзь Буралкін зь Менску, які калісьці жыў у Горадні. Помнік — гэта тры бронзавыя памежнікі у фуражках, мноства памежных слупоў з гербамі СССР, я налічыў іх каля дзесяці. Усё гэта — вышынёй 7,5 мэтра. Як вынікала з выступаў, гэта помнік салдатам арміі неіснуючай краіны. Дарэчы, некаторыя гарадзенскія гісторыкі лічаць, што побач з гэтым месцам да вайны існаваў зборны пункт, адкуль людзей вывозілі ў Сыбір.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG