Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя дні працы музэю Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі – сястра Быкава праводзіць першыя экскурсіі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Каб адзначыць 80-я ўгодкі Васіля Быкава на ягонай радзіме, у мінулыя выходныя ў вёсцы Бычкі пабывалі сотні людзей з усяе Беларусі. У кожны з гэтых дзён наведнікаў у музэі Васіля Быкава пабывала куды болей, як на афіцыйным адкрыцьці, якое адбылося 18 чэрвеня, і куды кіраўніцтва райвыканкаму выпісвала адмысловыя запрашэньні.

У дзень народзінаў Васіля Быкава нехта з наведнікаў падвёз да музэю сястру Васіля Быкава, Валянціну Ўладзімераўну, якая жыве за 30 кілямэтраў, у вёсцы Ваўчо. І яна некалькі гадзін запар распавядала пра свайго брата наведнікам музэю. Дарэчы, менавіта яна давала парады, як тут расставіць мэблю, каб гэта было так, як пры жыцьці старэйшага брата, як раскласьці асабістыя рэчы. І нават уласнаручна зрабіла фіранкі на ўсе вокны, такія самыя, як былі тут у часы ейнага дзяцінства — з газэтаў ды марлі. Праўда, замест тагачасных газэтаў давялося выкарыстаць на папяровыя карункі нумары газэты “Народная воля”, якую спадарыня Валянціна выпісвае ды чытае.

А вось на тое, што прадстаўнікі абласнога кіраўніцтва не даверылі ёй перарэзаць чырвоную стужку ў часе адкрыцьця музэю, спадарыня Валянціна не пакрыўдзілася: яна кажа, што нечага падобнага і чакала, ведаючы стаўленьне ўладаў да свайго брата.

Найбольш гэтай акалічнасьцю абураліся аднавяскоўцы. Маўляў, і экспанаты для музэю зьбіралі ўсёй вёскай, і ўсёй вёскай кантралявалі будаўніцтва, каб на падворку ўсе пабудовы стаялі дакладна так, як было раней, а як дайшло да адкрыцьця, дык высьветлілася, што самая пачэсная роля ў стварэньні музэю іхнага земляка належыць начальству.

Зрэшты, з часу афіцыйнага адкрыцьця музэю сюды ніхто з раённага кіраўніцтва не прыяжджаў. Але загадчык вушацкага Музэю народнае славы Мікалай Кірпіч ужо атрымаў з райвыканкаму заўвагу за арганізацыю імпрэзаў да 80-х угодкаў Васіля Быкава. Загадчыца раённага аддзелу культуры Тацяна Малак засталася дужа незадаволеная, паглядзеўшы мастацкую экспазыцыю ў выстаўнай залі музэю, якая адчынілася тут 19 чэрвеня. Выстаўленыя карціны Арлена Кашкурэвіча, Алега Скавародкі, Алеся Марачкіна, Міколы Купавы ды іншых мастакоў яна назвала “апазыцыйнымі”.

У дзень народзінаў Васіля Быкава на Вушаччыну ехалі ды ехалі людзі. Хтосьці трапляў на выставу ў Вушачы, а хтосьці кіраваўся адразу ў Бычкі. Наглядчыца музэю, жонка меншага брата Васіля Быкава, спадарыня Антаніна казала, што не чакала столькі народу, хаця з самае раніцы падрыхтавалася прымаць наведнікаў.

(Антаніна Быкава: ) “Карову падаіла, парасят пакарміла, нешта ў хаце зрабіла і пайшла. Памыла там…”

(Карэспандэнтка: ) “І першыя наведнікі зьявіліся а каторай гадзіне?”

(Антаніна Быкава: ) “Дзесьці а палове на дзясятую. Сёньня цэлы дзень людзі, спрэс увесь дзень! Наваполацкія былі, арэхаўскія былі, кубліцкія былі… Ды я ўжо і не пыталася, хто адкуль. Шмат было людзей, вельмі шмат!”

Спаміж тых, хто прыехаў у Бычкі на 80-я ўгодкі пісьменьніка, былі вядомая сьпявачка Лера Сом з Полацку, прадстаўнікі перадвыбарчае кааліцыі “Пяцёрка+” і актывісты ТБМ зь Віцебску, паэтка зь Бешанковічаў Валянціна Гракун, стваральніца музэю Язэпа Драздовіча Ада Райчонак з Шаркоўшчынскага раёну і яшчэ мноства людзей. Прычым далёка ня ўсе зь іх ведалі, што тут ужо працуе музэй. Людзі проста ехалі да Васіля Быкава.

(Спадар: ) “Мяне зваць Яраслаў Берніковіч, я старшыня Глыбоцкае філіі фонду Льва Сапегі, і мы прыехалі сюды, на сядзібу Васіля Быкава, у дзень ягоных народзінаў”.

(Спадарыня: ) “Я Ада Райчонак, жыву ў вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёну. Я вельмі шаную Васіля Быкава, мы вырасьлі на ягоных кнігах. Я зь ім аднойчы бачылася, калі ў Менску адкрываўся помнік Язэпу Драздовічу: мне трэба было пасьля яго выступаць. Ён быў мой кумір, у мяне ўсё ўнутры трымцела, а ён павярнуўся да мяне ды кажа: “Ня бойся, дзяўчыначка, ня бойся!” Гэта была сустрэча на ўсё жыцьцё!”

(Спадарыня: ) “У паэта зь Бешанковічаў Георгія Станкевіча ёсьць верш з такімі радкамі: “Закацілася зорка яго. Плач, зямля мая, плач, бо няма чым суцішыць твой боль, загаіць тваю рану!” Гэта вялікая страта для Беларусі — страта Быкава. Але зорка ягоная не закацілася. Наадварот, яна ўзьнялася высока-высока над нашай краінай!”

(Спадар: ) “Гэта такія ўспаміны! Гэта быў такі таленавіты чалавек! І ён увайшоў у гісторыю, у гісторыю! Ён быў, ёсьць і будзе!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG