Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікі ўшанавалі памяць Васіля Быкава на Ўсходніх могілках


Алесь Дашчынскі, Менск Дэпутаты-галадоўнікі Валерый Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч, а таксама шасьцёра актывістаў АГП і БНФ прынялі ўдзел ва ўшанаваньні памяці Васіля Быкава на Ўсходніх могілках, падчас якой галадоўніцы Марыне Багдановіч зрабілася дрэнна з сэрцам.

Галадоўнікі прыехалі на імпрэзу ў поўным складзе, нягледзячы на дрэнны стан здароўя. Нават сябры АГП Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў, за якімі палюе міліцыя, не пажадалі заставацца ў гэты дзень на кватэры. Вось што сказалі дэпутаты-галадоўнікі Валерый Фралоў, Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч пра Васіля Быкава.

(Фралоў: ) “Кнігу “Доўгая дарога дадому” мне даў пачытаць Ігар Лучанок. Мяне вельмі ўразілі там такія словы пра беларускага мужыка: “Беларускі мужык працаваць лянуецца, красьці баіцца, а прасіць саромеецца”. Вельмі добрыя ў яго словы аб беларускай жанчыне, якая на генэтычным роўні заўсёды адказвае за сваю сям’ю й гэтага мужыка ў плечы б’е, кудысьці накіроўвае, і тады ён трохі рухаецца. Вось так ацаніў Васіль Уладзімеравіч нашага мужыка, і я бачу, што недзе яно так і ёсьць насамрэч.”

(Скрабец: ) “Васіль Быкаў – гэта сумленьне нашай нацыі, чалавек, які ніколі не баяўся казаць праўду.”

(Карэспандэнт: ) Сёньняшняя падзея – гэта асноўная падзея сямнаццатага дня галадоўкі. Чаму?

(Парфяновіч: ) “Мы павінны памятаць такіх людзей. Я спадзяюся, што ў бліжэйшы час адна зь лепшых вуліц Менску павінна быць названая вуліцай Васіля Быкава. Мы павінны заўсёды яго ўшаноўваць. Гэта той чалавек, які ўсім сваім жыцьцём паказвае прыклад, як трэба жыць, як трэба змагацца за незалежнасьць нашай дзяржавы, за яе лепшы лёс”.

У часе імпрэзы на могілках удзельніцы палітычнай галадоўкі Марыне Багдановіч зрабілася дрэнна з сэрцам. Да яе была выкліканая “хуткая дапамога”. У суправаджэньні іншага галадоўніка, сябры АГП доктара Уладзімера Чырвоненкі, спадарыню Багдановіч адвезьлі ў пятую менскую бальніцу, дзе ёй была зробленая кардыяграма. Дактары сказалі, што паказьнікаў для тэрміновай шпіталізацыі няма, але ёсьць праблемы з сэрцам, таму яны парэкамэндавалі ёй амбуляторнае лячэньне. Са шпіталя Марыну Багдановіч на кватэру да галадоўнікаў ўжо не павезьлі. Паводле сябра АГП Уладзімера Чырвоненкі, спадарыні Багдановіч варта было б прыпыніць галадоўку.

(Чырвоненка:) “Адвезьлі яе дадому, яна спыняе галадоўку. Калі ў шпіталі даведаліся, што яна пятнаццаць дзён ня ела, то настойліва парэкамэндавалі ёй спыніць галадоўку, таму што тут ёсьць прычынная сувязь. Мы бачым, што яна амаль не ходзіць, увесь час ляжыць, і яе непакояць вострыя болі ў сэрцы”.

Але ці згодная яна сама спыніць галадоўку?

(Багдановіч: ) “Не, пакуль я такога рашэньня не прыняла. Мне далі лекі, я адчула сябе лепш. Адзіна што дактары катэгарычна патрабавалі, каб быў спакой і цішыня. Я прыехала дадому. Мой сын расклаў мне ложак, і я зараз ляжу. Цішыня, нікога няма, і калі вечарам я буду адчуваць сябе добра, то працягну галадоўку. Калі будзе зусім дрэнна, то заўтра пачну паціху выходзіць, піць пакрыху сокі. А сёньня я пакуль трымаюся і спадзяюся, што хопіць сіл і надалей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG