Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці адбыўся пікет салідарнасьці з дэпутатамі, што трымаюць галадоўку


Алег Супрунюк, Берасьце Сябры Маладога Фронту зарганізавалі ў Берасьці пікет у падтрымку патрабаваньняў, якія вылучылі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, што трымаюць галадоўку.

Пікет ладзіўся ў цэнтры Берасьця на вуліцы Савецкай каля кінатэатру “Беларусь”. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках плякат, на якім было напісана: “Дэпутаты Фралоў, Парфяновіч і Скрабец. Яны могуць памерці. 16-ты дзень галадоўкі”. Сябры Маладога Фронту распаўсюджвалі сярод мінакоў улёткі, у якіх падрабязна паведамлялася пра патрабаваньні дэпутатаў, што абвесьцілі галадоўку. Асаблівая ўвага ва ўлётцы зьвярталася на тое, што галадоўнікі зьвяртаюцца да беларускага народу з просьбай не дапусьціць канстытуцыйнага перавароту і выступіць супраць рэфэрэндуму аб падаўжэньні паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары ўлёткі лічаць, што вынікі рэфэрэндуму прывядуць краіну да яшчэ большай самаізаляцыі, узмацняць бяспраўе, перакрэсьляць будучыню беларусаў.

Кіраўнік берасьцейскага Маладога Фронту Сяржук Бахун наступным чынам патлумачыў мэту сёньняшняй акцыі:

(Бахун: ) “Нас падштурхнула абурэньне з тае прычыны, што людзі галадаюць ужо шаснаццаты дзень, а ўлады на гэта ніяк не зьвяртаюць увагі. Няважна, хто гэтыя людзі — апазыцыя, дэпутаты ці хто, але гэта людзі нашай краіны, нашы землякі-беларусы. Мы проста выказваем салідарнасьць зь імі, заклікаем людзей падтрымаць іх у гэты цяжкі час галадоўкі”.

Спадар Бахун усьцешаны тым, што большасьць берасьцейцаў, што падыходзілі да ўдзельнікаў акцыі, спачуваюць галадоўнікам і з разуменьнем ставяцца да іхных патрабаваньняў.

Пікет працягваўся паўтары гадзіны, міліцыянтаў на месцы акцыі заўважана не было. Тым часам у розных месцах Берасьця зьявіліся графіці, якія заклікаюць вызваліць з-за кратаў Міхаіла Марыніча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG