Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Ўладзіміраўна Быкава: “Ён мне ўсё адно быў як бацька...”


Ігар Карней, Менск Заўтра Васілю Быкаву споўнілася б 80 год. Пра тое, якім бачылі знакамітага пісьменьніка самыя блізкія яму людзі, распавяла сястра Васіля Ўладзіміравіча – Валянціна.

У Валянціны Ўладзіміраўны Быкавай былі два браты. Малодшы Мікалай памёр тры гады таму; старэйшага, Васіля, ня стала летась. Цяпер, кажа спадарыня Валянціна, як асірацела: за братамі была як за сьцяной, а зараз – няма зь кім і параіцца.

Валянціне Ўладзіміраўне – 78. Жыве яна ў вёсцы Ваўчо на Ўшаччыне, што за некалькі кілямэтраў ад Бычкоў, дзе нарадзілася яна, а таксама ейны ўсясьветна вядомы брат, народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. У дзень юбілею Васіля Ўладзіміравіча, да якога той не дажыў роўна год, спадарыня Валянціна будзе разам з удавой малодшага брата Мікалая, Антанінай. Натуральна, будуць узгадваць далёкія часы маладосьці.

(Валянціна Ўладзіміраўна Быкава: ) “Я на два гады маладзейшая за Васіля. А брат Мікалай, што ў Бычках так і жыў, на два гады быў маладзейшы за мяне; ён памёр тры гады таму.

Нарадзіліся мы ў хатцы, якой ужо даўно няма, яшчэ да вайны ня стала. Нават падлогі там не было, цэглай было выслана. Васіль пайшоў адтуль у пачатковую школу. І якраз тады бацька пачаў будаваць іншую хату – гэта яшчэ да вайны. Цяжка было! Якраз калектывізацыя настала. Будаваў сам, лесу не дазвалялі купляць, каня не давалі. Неяк сяк-так згарадзіў, дый мы туды пераехалі. Васіль адтуль ужо ў Кублічы пайшоў у школу…”

(Карней: ) “А як ужо Васіль Уладзіміравіч пайшоў на вайну, то ў хату гэтую не вярнуўся?”

(Валянціна Ўладзіміраўна Быкава: ) “Толькі ўжо пазьней пачаў прыяжджаць кожны год. Бо ў Гародні адразу жыў, а пасьля ў Менск пераехаў. Але зьяўляўся на гадзіну ці дзьве. Апошні раз прыехалі з Барадуліным, крутануліся трохі й паехалі назад у Менск. Крыху даўжэй быў тыя гады, але толькі адзін раз, мусіць, пераначаваў, а так хуценька ад’яжджаў”.

Спадарыня Валянціна распавяла і пра тое, якім чалавекам быў Васіль Уладзіміравіч у стасунках са сваякамі.

(Валянціна Ўладзіміраўна Быкава: ) “Ён як быў добры такі, дык і застаўся. Душэўны, справядлівы, але такі, што лішняга слова ня скажа. Ведаеце ж, як у вёсцы: абы што гавораць, а ён – не. Але ніколькі ня быў ганарлівым зь людзьмі, усіх паважаў, пра ўсіх пытаўся, у мяне пра сваякоў усіх цікавіўся. Званіў увесь час і зь Фінляндыі, і зь Нямеччыны. Прыкладам, зірніце, як іншыя сем’і жывуць – брат з братам, сёстры паміж сабой не размаўляюць, адзін аднаго дужа не паважаюць… А мы зь ім – ён мне ўсё адно быў як бацька, а я яму быццам за матку. Моцна жаласьлівы; маму і тату так ужо шкадаваў! Заўсёды прывозіў нешта. Усё жыцьцё, адным словам, дапамагаў нам. Васіль быў такі, што ніколі пра нікога не забываўся”.

Спадарыня Валянціна прызнаецца, што ўвесь час не дае ёй спакою адна і тая ж думка: чаму так здарылася, што ўлады фактычна зацкавалі Васіля?

(Валянціна Ўладзіміраўна Быкава: ) “За тое, што ён ня згодзен з такой палітыкай, часта выступаў супраць улады, як Лукашэнка кіруе. Ну дык гэта ж і праўда: такі спад у эканоміцы! Я выпісваю “Народную волю” і пра ўсё гэта чытаю. Дык на фактах нават! Цэны растуць кожны дзень, а пэнсія, можа, разы тры на год павялічыцца, і тое на 3-4 тысячы рублёў. У каго ўжо болей, дык можа на дзесятку павялічаць. А кошты растуць кожны дзень. І пад сотню хто атрымлівае, усё роўна не хапае грошай. А ў горадзе як на сотню пражыць?”

Валянціна Ўладзіміраўна прыгадвае, што брат, ад’яжджаючы пасьля Фінляндыі ў Нямеччыну, доўга сумняваўся. Маўляў, як ехаць? Калісьці з немцамі ваяваў, а цяпер прымаць ад іх дапамогу? Кажа, супакойвала яго як толькі магла.

(Валянціна Ўладзіміраўна Быкава: ) “Цяпер жа немцы ад нас шмат людзей прымаюць – дзеці едуць на аздараўленьне. А беларусаў наогул шмат у Нямеччыне, і жывуць там нічога. Дый цяпер жа ўсё інакш. Як вось Расея, дык тая ўжо добра сябруе з Нямеччынай. Лукашэнка ня дужа – дык ён Захаду ня любіць, ён ні зь кім не сябруе”.

(Карней: ) “Аднавяскоўцы, натуральна, ведаюць, што вы сястра Народнага пісьменьніка Васіля Быкава. Як успрымаюць яны сам гэты факт?”

(Валянціна Ўладзіміраўна Быкава: ) “Ай, наперад неяк паважалі, а цяпер... У вёсцы ж нашай адно стар’ё жыве. А як Васіль у БНФ яшчэ ўступіў, дык тыя, хто за Лукашэнку, зусім адвярнуліся. Некаторыя разумныя паважаюць, а хто не разумее, дык не”.

Сёньня, напярэдадні юбілею пісьменьніка, у вёсцы Бычкі на Ўшаччыне адкрыцьцём наноў перабудаванай хаты сям’і Быкавых будзе ўшанаваная памяць Васіля Ўладзіміравіча.
XS
SM
MD
LG