Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Толькі сіла і моц апазыцыі разам з эўрапейскай супольнасьцю могуць зьмяніць сытуацыю”


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Лічу, што рашэньне палітычных пытаньняў дамагаюцца не галадоўкай, а барацьбой за галасы выбаршчыкаў. Вось калі людзі выберуць такіх дэпутатаў, як Парфяновіч ці Фралоў, дык і галадаць ня трэба будзе. А так атрымліваецца, што Лукашэнка павінен даць ім расьпіску, што ня будзе балятавацца на трэці тэрмін, каб яны спынілі галадоўку, і каб 97 дэпутатаў падпарадкаваліся волі трох дэпутатаў і ўнесьлі зьмены ў Выбарчы кодэкс. Так у сьвеце не бывае. Гэта проста шантаж улады і ўсё. Дзякуй”.

(Шавель: ) “Быў аб’яўлены конкурс “Мая Свабода”, і аб’явілі, што ўсе ўдзельнікі атрымаюць невялічкія падарункі. Я сагітаваў усіх членаў сваёй сям’і, і на пачатку траўня мы даслалі матэрыялы, я, жонка, і дачка. Да цяпершнягя часу ня ведаем, ці атрымалі вы нашае заказное пісьмо ці не. Шавель Міхаіл Пятровіч”.

(Спадар: ) “Меркаваньне наконт галадоўкі нашых дэпутатаў. Я вельмі ім спачуваю. Гэта па-першае. Па-другое, хачу сказаць, што ў рэгіёнах Беларусі нават ня ведаюць, што праходзіць такая акцыя пратэсту супраць Выбарчага заканадаўства. І хацелася б, каб Радыё Свабода больш казала на гэтую тэму ў сваім эфіры, таму што дзе балятаваўся Ананьеў, у акрузе нават ня ведаюць, што ён прымае ўдзел у галадоўцы. Прабачце, калі ласка, за маю дрэнную мову. Але гэта не мая віна, а бяда. І я на старасьці гадоў хачу дасканала яе ведаць, таму выпісваю беларускія газэты і падтрымліваю ўсё, што пішуць у гэтых газэтах, у тым ліку і перадачы Радыё Свабоды. Дзякуй вам вялікае за ўсе перадачы і за тое, што вы ёсьць у эфіры”.

(Спадар: ) “Дыктатары хаваюцца за сьпіной сілавых структураў. Народ палохаецца ўсюды, таму разумеюць толькі сілу, грубую, фізычную сілу, якая абрынаецца, абрушваецца на іх тлустыя плечы. Толькі сіла і моц апазыцыі разам з эўрапейскай супольнасьцю могуць зьмяніць сытуацыю. Ніякія ўгаворы і размовы, ніякія галадоўкі ня зьменяць пачварную прыроду дыктатараў; ніякі выдатны Выбарчы кодэкс не ўратуе беларусаў ад самавольства змоўшчыкаў: Ярмошынай, дэпутатаў-марыянэтак і самога лялькавода. Толькі сіла, а не маральныя фактары, можа зьнішчыць апошнюю дыктатуру ў Эўропе. Час прысьпешвае”.

(Спадарыня: ) “Паважаныя галадоўнікі! Ваш чын, накіраваны на ўдасканальваньне Выбарчага кодэксу, прыняцьце якога паставіць Беларусь у шэраг дэмакратычных дзяржаваў, разарве міжнародную ізаляцыю, – глыбока патрыятычны. Ваш пратэст абляцеў увесь сьвет, а нам, электарату, адкрыў вочы на заганнасьць Выбарчага кодэксу, які дае магчымасьць фальсыфікацыі выбараў. У асноўным вы сваю місію выканалі. А зараз, калі ласка, прыпыніце галадоўку! Вашае здароўе яшчэ спатрэбіцца для барацьбы за шчасьце беларусаў! Дзякуй за ўвагу”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Добры вечар, Свабода! З вашых штодзённых праграмаў даведваюся аб той галадоўцы, якая праходзіць. Я выказваў сваё меркаваньне наконт такой акцыі як галадоўка, прынамсі я супраць такіх акцыяў. Але што ёсьць, то ёсьць. Але зьдзіўляе іншае. Зьдзіўляе тое, што самі дэпутаты, з вашых праграмаў даведаўся, яны і самі ня надта вераць у тое, што яны жадаюць зьдзейсьніць. Таму я ўсё ж такі ў гэтым зьвязку жадаў бы прачытаць паводле Мацьвея “Сьвятое Дабравесьце” разьдзел 21, 21 сьціх:

А Ісус сказаў яму ў адказ: “Праўду кажу вам. Калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: падыміся, кінься ў мора – будзе. І ўсё, чаго не папросіце, ў малітве зь вераю атрымаецца.”

То я параіў бы тым дэпутатам, якія рашыліся на гэты крок, калі яны рашыліся на гэта, усё ж такі мець веру, а то атрымоўваецца, што гэта сапраўды пусты піярскі акт, як гэта некаторыя людзі на расейскай мове гавораць на радыё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG