Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якімі рэаліямі давядзецца сутыкнуцца асобна ўзятаму японскаму інвэстару ў Беларусі? Мэнэджэр “Komatsu” тыдзень вывучаў бізнэс-клімат у Менску


Ігар Карней, Менск Летась замежныя інвэстыцыі ў Беларусь склалі каля 900 мільёнаў даляраў. Урад, праўда, разьлічваў атрымаць болей — найменей 1,5 мільярда. Чаму ўкладаньні ў беларускую эканоміку такія сьціплыя, і на якія дывідэнды спадзяюцца дзелавыя людзі, якія ўсё ж рызыкуюць інвэставаць свае капіталы ў Беларусь? Гэта высьвятляў наш карэспандэнт у размове зь японскім прадпрымальнікам, які зьбіраецца прадаваць у Беларусі пагрузчыкі вядомай маркі “Komatsu”.

Паводле леташніх справаздачаў Міністэрства статыстыкі і аналізу, сярод лепшых інвэстараў, якія ўклалі грошы ў эканоміку Беларусі, ёсьць нават Віргінскія выспы: гэтая экзатычная краіна саступіла толькі Расеі й Швайцарыі, і яе ўнёсак у беларускую эканоміку — амаль 8% ад агульнага аб’ёму наўпроставых інвэстыцыяў.

Зрэшты, спэцыфіка пераводу грошай праз афшорныя зоны добра знаёмая фіскальным органам і казаць пра Віргіны як пра паўнавартасных інвэстараў наўрад ці выпадае.

А вось самая багатая выспавая дзяржава, Японія, падобна, не сьпяшаецца ўкладаць капіталы ў эканоміку Беларусі. Хіба толькі японскі бізнэсовец Нарыфумі Ічыкава вырашыў гэтую хібу выправіць уласнымі сіламі. Днямі ён наведаў Менск, каб распачаць сумесны праект ў продажы пагрузчыкаў фірмы “Komatsu”. Натуральна, я найперш запытаў у спадара Ічыкавы, ці ведае ён, што, паводле справаздачаў шматлікіх замежных інстытутаў, Беларусь знаходзіцца ў групе падвышанай эканамічнай рызыкі?

(Ічыкава: ) “Рызыка? Я не лічу беларускі рынак звышрызыкоўным. Увогуле мы працуем шмат зь якімі краінамі, інвэстуем грошы “Komatsu” па ўсім сьвеце: Кітай, Тайвань, Карэя, Тайлянд, Турэччына, Вялікая Брытанія. Таму цалкам лягічна, што мы хацелі бы прадаваць сваю прадукцыю і тут, у Беларусі. І я лічу, што гэты рынак мае досыць вялікі патэнцыял”.

Прыехаў японскі прадпрымальнік у Беларусь з глябальнай ідэяй: наладзіць тут вытворчасьць японскіх пагрузчыкаў “Komatsu”. Жаданьне зразумелае, бо зь Японіі па вадзе, а потым чыгункай пагрузчык будзе дастаўляцца ў Беларусь каля месяца. Тым болей, што гэта і рызыкоўна, бо ўжо былі выпадкі, калі японскія грузы проста зьнікалі на іркуцкім участку транссыбірскай магістралі Расеі.

Аднак ужо празь некалькі дзён знаходжаньня ў Менску спадар Ічыкава зразумеў утапічнасьць сваёй ідэі. Тым болей, што тут ён даведаўся, чаму была згорнутая вытворчасьць аўтамабіляў “Ford”, чым скончыліся высілкі нямецкага боку ў сумесным праекце “МАЗ-MAN” і што сабой уяўляе адмысловае права дзяржавы ўводзіць на прадпрыемствах любой формы ўласнасьці “залатую акцыю”. Цяпер ужо японскі бізнэсовец скарэктаваў свае пляны — проста прадаць як мага болей пагрузчыкаў.

(Ічыкава: ) “Для мяне ўвогуле незразумела, як дзяржава можа ўмешвацца ў справы прыватнага бізнэсу. Тым ня меней, мы плянуем рабіць тут бізнэс. Але, пэўна, мне трэба вывучыць сытуацыю: чаму амэрыканцы ды эўрапейцы зь Беларусі сыходзяць”.

Беларускі партнэр японскага вытворцы “Komatsu” — сталічная кампанія “Ярмар”. Цяпер “Ярмар” будзе выконваць функцыі афіцыйнага дыстрыбутара. Але ад самага пачатку, як кажа спадар Ічыкава, у яго не было праблемаў выбару, з кім працаваць — зь дзяржаўнымі структурамі ці прыватнікамі.

(Ічыкава: ) “Прыватныя кампаніі больш гнуткія, мабільныя. Да таго ж, наш кампаньён за месяц працы з “Komatsu” прадаў болей пагрузчыкаў, чым за некалькі гадоў кантактаваньняў з баўгарскімі ці ўкраінскімі пастаўшчыкамі. Для мяне гэта вельмі добры знак, а інакш і быць не магло: гэта вельмі стабільная тэхніка, якая зробленая з выкарыстаньнем высокіх тэхналёгіяў, а значыць — для чалавека. Вельмі шмат перавагаў”.

Падхопліваю лёгіку Нарыфумі Ічыкавы: іншымі словамі, ня толькі легкавікі, але і пагрузчыкі японцы вырабляюць такімі, каб імі было камфортна кіраваць чалавеку?

(Ічыкава: ) “Yes!!!” (Задаволена сьмяецца.)

Спадар Ічыкава на разьвітаньне прызнаўся, што за тыдзень гасьцяваньня ў Беларусі энтузіязму ў яго істотна паменела, але ўкладаць грошы ў эканоміку Беларусі ён паспрабуе. І дадаў, што бізнэс — перадусім, а палітыка ўжо — пасьля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG