Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Брагіну і Хойнікаў выступаюць за правядзеньне мясцовага чарнобыльскага рэфэрэндуму


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Брагінцы і хойнікцы падтрымліваюць ініцыятыву правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму пра наданьне раёнам, пацярпелым ад Чарнобылю, рэальнага статусу зоны экалягічнага бедзтва.

У Хойніках і Брагіне ўжо распачаўся збор подпісаў наконт правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму. Ініцыятарам яго выступіў ураджэнец Брагінскага раёну, кіраўнік Гомельскай арганізацыі “Прававая ініцыятыва”, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леанід Судаленка. У свой час Вярхоўны Савет 12 скліканьня аб’яўляў тэрыторыю Беларусі зонай экалягічнага бедзтва. Я пацікавіўся ў спадара Судаленкі, чым выкліканая неабходнасьць асобнага рэфэрэндуму ў Хойніках ды Брагіне:

(Судаленка: ) “Вярхоўны Савет сапраўды аб’явіў Беларусь зонай экалягічнага бедзтва. Але кіраўнік дзяржавы сваімі ўказамі паадмяняў ільготы для людзей у чарнобыльскай зоне. А праблемы? Яны ў людзей засталіся — са здароўем, з абаронай ад радыяцыі. Людзі наогул ня ведаюць, як выжыць на гэтай заражанай зямлі. Жыхары хочуць, каб дзейнічалі законы пра сацыяльную абарону. Людзей хвалююць і пытаньні справядлівых выбараў, і трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну, і сваволі мясцовых чыноўнікаў. Мясцовы рэфэрэндум і павінен прымусіць улады вырашаць праблемы людзей у чарнобыльскай зоне”.

Жыхары заражаных раёнаў падтрымліваюць ініцыятыву правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму. Распавядае жыхарка Брагіну Натальля Нікіценка:

(Нікіценка: ) “Я жыла тут падчас аварыі. Я ведаю, што гэта такое, я не разумею, чаму заражаныя тэрыторыі робяць чыстай зонай. Трэба, каб даўно людзі сабралі подпісы. Радыяцыя нікуды ня зьнікла. Ільготы адмянілі. А як зь мізэрнымі заробкамі ды пэнсіямі абараніцца ад радыяцыі, ніхто не гаворыць. Калісьці бальшавікі разбуралі цэрквы, а цяпер іх аднаўляюць. Як нельга было глуміцца над Богам, так нельга пацяшацца і з радыяцыі. Яна гэтага не даруе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG