ВЕНА. Іранскі міністар замежных справаў Камаль Харазі заявіў, што Іран падаў Міжнароднаму агенцтву атамнай энэргіі поўную інфармацыю што да сваёй ядзернай праграмы. Гэтая заява прагучала ў адказ на словы кіраўніка МАГАТЭ Махамада Эль-Барадэя, які лічыць, што Іран ня ў поўнай меры супрацоўнічае з інспэктарамі ААН. Учора рада кіраўнікоў Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі пачала ў Вене абмеркаваньне пытаньня пра ядзерную праграму Ірану. У рэзалюцыі, прапанаванай Францыяй, Нямеччынай і Вялікабрытаніяй, зьмяшчаецца крытыка іранскіх уладаў за непасьлядоўнае супрацоўніцтва з МАГАТЭ. Паводле кіраўніка МЗС Ірану, ядзерныя распрацоўкі краіны носяць выключна мірны характар. Заходнія дзяржавы падазраюць Іран у спробах стварыць ядзерную зброю.