Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывуць і сьпяць галадоўнікі, што робяць і як разьмяшчаюцца ў маленькай кватэры генэрала Фралова?


Валер Каліноўскі, Менск Галадоўнікі ня скардзяцца на свой побыт, хаця ім цесна. Службовая кватэра Валерыя Фралова, дзе адбываецца галадоўка пратэсту, пераўтварылася ў сапраўдны грамадзка-палітычны асяродак, дзе пабывалі сотні вядомых людзей, якія кожны дзень прыходзяць да ўдзельнікаў акцыі са словамі падтрымкі. Толькі іншыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія таксама жывуць у гэтым элітным доме, праходзячы побач з калегамі-галадоўнікамі, якія ў двары вечарамі сустракаюцца зь людзьмі, таропка вітаюцца і сыходзяць, хаваючы позіркі.

Дзьверы кватэры Валерыя Фралова на Казарменным завулку ў Менску ў гэтую суботу рамантаваў сьлесар — спружына замка ня вытрымала. У кватэру дагэтуль прыходзіць безьліч гасьцей, і галадоўнікі былі вымушаныя ўвесьці абмежаваньне на іх прыём з 14 да 16 гадзінаў, каб забясьпечыць так званы ціхі час, на чым настойваюць лекары.

Кватэра невялікая, усяго два пакойчыкі, прычым адзін зь іх сумешачаны з кухняй. З апошняй вынесеныя ўсе харчовыя запасы, нават часнок і цыбуля. Затое поўна бутляў з вадою. Ваду і кветкі прыносяць госьці. У кухні галадоўнікі й правабааронцы арганізавалі мабільны офіс: тры ноўтбукі і друкарка, аб’яднаныя ў сетку і падлучаныя да Інтэрнэту. Там набіраюцца тэксты зваротаў, прэс-рэлізаў, рэдагуецца сайт галадоўнікаў.

У вольны ад наведнікаў час галадоўнікі чытаюць, дыскутуюць, глядзяць тэлевізар, прыкметна ажываючы, калі па тэлебачаньні паказваюць нейкія сцэны ўжываньня ежы. Галадоўнікі шчыра гавораць пра сваю рашучасьць, кажуць, што яшчэ зусім ня думаюць пра выхад з галадоўкі, але ж зразумела, што і яны людзі не жалезныя, есьці ахвота. Нават генэрал Фралоў сказаў пра гэта на сустрэчы з наведнікамі:

(Фралоў: ) “Усё-ткі ахвота, я вось падумаў аб капусным лісьце — і нейкая такая радасьць…”

Іншая галадоўніца Марына Багдановіч таксама прызналася:

(Багдановіч: ) “А ўжо нічога асаблівага ня хочацца… Я ўчора ляжала і падумала, што нічога не хачу, толькі вось скарынку чорнага хлеба. Больш нічога. Там на балконе стаяў часнок, я з такой асалодай узяла ўчора галоўку, панюхала і кажу: “Госпадзе! Раней так францускія духі ня нюхала, як гэтую часначыну цяпер”.

Марына Багдановіч — адзіная жанчына ў гэтым гурце галадоўнікаў, у цеснай кватэры. Яна кажа, што калі ўсе кладуцца на ноч, то відовішча ў пакоі нагадвае лёжбішча коцікаў. Але ўсе неяк уладкоўваюцца, ніхто не крыўдуе.

(Багдановіч: ) “Нармальна, там вось на канапе я кладуся, хлопцы ў спальніках, Валодзя тут, дзе кухня, Віктар на балькончыку, а ў маленькай спальні — дэпутаты Фралоў і Скрабец”.

Толькі дэпутат Уладзімер Парфяновіч начуе ў сябе дома, тлумачыць гэта неабходнасьцю рабіць дома патрэбныя ў такіх выпадках гігіенічныя працэдуры. У суботу Ўладзімер Парфяновіч наведваў дачку ў дзіцячым лягеры, прывёз ёй харчоў. Але за руль аўтамабіля ўжо не садзіўся — жонка кіравала.

Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў, супраць якіх складзеныя міліцэйскія пратаколы за ўсталяваньне ў двары намётаў, у горшай за іншых сытуацыі — яны не выходзяць на вуліцу, бо там іх дагэтуль чакаюць міліцыянты, каб адвезьці ў суд. Міліцыянтаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія шпацыруюць у двары і ваколіцах дому, запісваюць на відэа, галадоўнікі ўжо пазнаюць.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які далучыўся да галадоўнікаў апошнім, мае “пэрсанальную спальню” на зашклёным бальконе. Ён як прыйшоў, адразу прызнаўся, што моцна храпе, яго і накіравалі спаць асобна. Там ён пераважна сядзіць і днём з мабільнікам і дакумэнтамі — працягвае выконваць свае партыйныя справы. У суботу ён наведаў сойм БНФ. Пра побыт галадоўнікаў гаворыць Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “У параўнаньні з маёй галадоўкай на Акрэсьціна ў 1996 годзе і з галадоўкай у 1997 годзе, зноў жа на Акрэсьціна (першы раз дзесяць сутак, другі раз пяць), натуральна, тут курортныя ўмовы. Магчыма рабіць душ, клізму, магчыма прайсьціся вакол дома, што таксама трэба пры галадаваньні для здароўя — рухацца і дыхаць сьвежым паветрам. Там, натуральна, ўсяго гэтага не было”.

Віктар Івашкевіч лічыць, што калектыўная галадоўка дапамагае пераадолець жаданьне есьці й надае больш эмацыйнай матывацыі. Галадоўнікі пахудзелі ўжо ад 7 да 10 кіляграмаў кожны, найбольш схуднеў Сяргей Скрабец — на 10 кіляграмаў, але цяпер іхная вага стабілізавалася.

У кватэры і на бальконе забаронена паліць, бо пахі нэгатыўна ўспрымаюцца галадоўнікамі, нават найбольш пахучыя букеты кветак давялося вынесьці на балькон. Некаторыя з галадоўнікаў кінулі паліць, у тым ліку генэрал Фралоў:

(Фралоў: ) “Трэці дзень не палю…На жаль, я як Марк Твэн, якому кінуць паліць нічога не каштуе, ён казаў, што сто разоў кідаў... Я кідаў гэтак, што раз дзевяць гадоў не паліў, два разы па паўгоду, але цяпер адчуваю, што пара кідаць рэальна”.

Дэпутат Валеры Фралоў паабяцаў калегам-галадоўнікам, са сваёй “новай сям’і”, як ён сам выказаўся, што на гэты раз кінуў паліць назусім.

На 10–11 дні галадоўкі рэжым зьмяніўся, калі раней галадоўнікі ўставалі а сёмай-восьмай, то цяпер а дзявятай-дзясятай. Многія адпачываюць і днём, як рэкамэндуюць дактары. Лекары, якія прыходзяць да галадоўнікаў, — пераважна партыйныя актывісты, як жодзінец Аляксандар Валчанін з АГП. Прыходзіць і былы высокапастаўлены супрацоўнік Міністэрства аховы здароўя Дзьмітры Міхнюк, звольнены з пасады на загад Замяталіна. Прыбіраць у кватэры галадоўнікаў гэтымі днямі прыходзіць Зінаіда Ганчар.

У распарадку дня галадоўнікаў ёсьць абавязковы пункт — а 18-й вечара яны сустракаюцца зь людзьмі, якія прыходзяць іх падтрымаць, і журналістамі. Тады ўсе акрамя Марыны Багдановіч і Генадзя Ананьева выходзяць у двор. Штодня вельмі дысцыплінавана на гэтыя сустрэчы прыяжджае здымачная група першага каналу БТ, роўна а 18-й яны ўсталёўваюць сваю відэакамэру і ўсё запісваюць. Праўда, рэпартажаў іх пакуль ніхто ня бачыў, і гэта выклікае ўсьмешкі і кпіны сярод галадоўнікаў і іх гасьцей. Гаворыць Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Можна яшчэ выказаць вялікую падзяку Беларускаму тэлебачаньню, за тое, што яно прыяжджае да нас рэгулярна, здымае кожны дзень. Але не трансьлюе…”

(Фралоў: ) “Так, зь нецярпеньнем чакаем рэпартажаў”.

(Галасы наведнікаў: ) “Відэастужкі не хапае? Эфірнага часу няма ці вусаты не пускае?”

Двор, дзе штовечар з галадоўнікамі сустракаюцца людзі, а сюды часам прыходзяць сотні чалавек, днямі супрацоўнікі камунальных службаў пад пільным вокам людзей у цывільных цалкам перарылі, нібыта для замены нейкіх трубаў. Баяцца, відаць, што сюды прыйдзе занадта шмат людзей, — кажуць галадоўнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG