Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: “Бясстрашныя праціўнікі Лукашэнкі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Бясстрашныя праціўнікі Лукашэнкі” – такі загаловак мае вялікі артыкул пра галадоўку ў Беларусі ў аўтарытэтным польскім штодзёньніку „Rzeczpospolita”.

„Rzeczpospolita” піша, што колькасьць галадоўнікаў, якія патрабуюць унясеньня зьменаў у выбарчае заканадаўства яшчэ да выбараў у палату прадстаўнікоў, увесь час павялічваецца.

“Нягледзячы на тое, што прыцягнуць увагу грамадзкасьці да галадоўкі атрымалася, мы маем неадназначныя адчуваньні. Я часта чую, што калі б мы пратэставалі супраць узросту коштаў за камунальныя паслугі, дык увесь Менск выйшаў бы на вуліцу, каб нас падтрымаць. Людзі не разумеюць, што адзіным ключом да вырашэньня таксама і такіх праблемаў ёсьць дэмакратызацыя ўлады, а акрамя гэтага яны баяцца рэпрэсіяў”, – цытуе штодзёньнік удзельніка галадоўкі Ўладзімера Парфяновіча.

Паводле газэты, палата прадстаўнікоў дае шанец сваім калегам спыніць галадоўку толькі праз 20 дзён ад яе пачатку, бо на ўнясеньне ў парадак дня пытаньняў аб зьмене выбарчага заканадаўства раней часу ў іх не знайшлося.

„Rzeczpospolita” піша таксама пра вырак у справе Аксаны Новікавай, якой суд прысудзіў 2,5 гады зьняволеньня за зьнявагу Лукашэнкі.

“Суд у справе спадарыні Новікавай адбываўся з парушэньнямі элемэнтарных правілаў судовага працэсу. Не было нават дазволена выслухаць сьведкаў, якіх выклікалі адвакаты”, – адзначае газэта.

Польскі штодзёньнік распавядае і пра судовую справу супраць кіраўніцтва Беларускага Хэльсынскага камітэту, якая ў артыкуле акрэсьліваецца як “абсурд”. „Rzeczpospolita” піша, што ў Беларусі дэкрэт кіраўніка дзяржавы больш важны, чым міжнародныя дамоўленасьці, якія падпісала краіна.

“У Беларусі ў вырашэньні кожнага канфлікту, які зьвязаны з уладамі, рашэньні прымаюць не суды, а адміністрацыя Лукашэнкі. Узмацненьне рэпрэсіяў зьвязанае з парлямэнцкімі выбарамі, напярэдадні якіх улады хочуць запалохаць грамадзтва”, – падае польскі штодзёньнік „Rzeczpospolita” словы старшыні БХК Тацяны Процька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG