Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыехаў у Віцебск, а "ДДТ" на ўрачыстым канцэрце для Лукашэнкі прысьвяціў сваю песьню Васілю Быкаву


Браніслава Станкевіч, Віцебск Шараговыя віцябляне гавораць, што іх такія візыты ўжо не цікавяць.

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ад самага ранку гавораць пра тое, што Аляксандар Лукашэнка сёньня распачаў у Віцебску чарговы сэмінар для кіроўных кадраў. Для віцяблянаў гэта стала неспадзяванкай, бо ва ўсім горадзе разьвешаныя плякаты-абвесткі пра тое, што сэмінар распачаўся яшчэ ўчора. Але, як пажартаваў адзін з удзельнікаў, галоўнае ня тое, калі сэмінар распачаўся, а хто яго распачаў.

У часе падрыхтоўкі да гэтае імпрэзы ў Віцебску тэрмінова адрамантавалі дзьве культурніцкія ўстановы — будынак культурна-дзелавога цэнтру, узьведзенага 18 гадоў таму, і будынак тэатру, які чакаў рамонту апошнія 20 гадоў. Менавіта тут праходзяць галоўныя падзеі сэмінару — паседжаньні ды ўрачысты канцэрт.

Дарэчы, што да апошняга, то ўсе дваццаць два нумары мастацкае самадзейнасьці прайшлі працэдуру зацьверджаньня ў аблвыканкаме. Тым больш, што ўчора ў “мастацкай праграме” здарылася неспадзяванка: наведнікаў сэмінару запрасілі на канцэрт расейскага рок-гурту “ДДТ”, і ў часе яго саліст Юры Шаўчук прысьвяціў песьню “Родина” пісьменьніку Васілю Быкаву, сказаўшы, што ён ёсьць самай знакавай асобай сучаснае Беларусі, а гэта выклікала незадавальненьне тутэйшых чыноўнікаў.

Працоўная праграма сэмінару, прысьвечанага інавацыйным тэхналёгіям, прадугледжвае візыты на шэраг прадпрыемстваў і навучальных установаў Віцебшчыны. Куды канкрэтна скіруецца Аляксандар Лукашэнка, пакуль што таямніца. Пляны ягонага візыту з мэтаў бясьпекі шырока не афішуюць, таму, да прыкладу, арганізатары сэмінару загадалі ўсім сабрацца сёньня ў 8.30 раніцы, хаця Лукашэнку давялося чакаць яшчэ паўтары гадзіны.

Шараговыя віцябляне, якіх усе гэтыя праблемы ня тычацца, сочаць за візытам Аляксанда Лукашэнкі хіба па нейкіх зьнешніх прыкметах, і вялікай цікаўнасьці да яго не выяўляюць.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчуваецца, што сёньня ў Віцебск прыехаў Аляксандар Лукашэнка?”

(Спадарыня: ) “Канечне! Усё прыбіраюць: і вуліцы, і бамжоў, і п’яніцаў. Звычайна яны ляжаць дзе на ходніках, а сёньня — няма!”

(Спадар: ) “Марафэт наводзяць — вуліцы мыюць, чысьцяць, плітка паўсюль новая”.

(Дзяўчына: ) “Аховы колькі паўсюль! Нікога блізка да цэнтру не падпускаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “А пра што бы вы гаварылі, каб вам усё-ткі ўдалося сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам?”

(Спадарыня: ) “Я бы да яго ўвогуле не пайшла! Няма мне зь ім пра што гаварыць, чэснае слова! Пасьля таго, што ён зрабіў з нашай краінай, яму толькі “падзякаваць” — у адваротным сэнсе. Усе пытаньні, што яму можна было задаць, ужо зададзеныя. І рот нам ужо закрылі!”

(Спадарыня: ) “А я зь ім ужо размаўляла, як ён мінулы раз прыяжджаў. Ну і што? Лукашэнка гаворыць, гаворыць, а вынікаў — няма!”

Зрэшты, пакуль што размаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам простым людзям ніхто і не дазваляў. А Барыса Хамайду, які выйшаў сёньня да “Сіняга дому” распаўсюджваць “Белорусскую деловую газету”, міліцыянты ўвогуле затрымалі на тры гадзіны, каб, паводле іхных словаў, “не псаваў прэзыдэнту гарадзкі краявід”.

(Хамайда: ) “Толькі я стаў, як падыходзяць двое ці трое ў цывільным ды кажуць: “Тут стаяць нельга!” Я адказаў: “Гэта мой родны горад, я тут стаяў і буду стаяць!” Мяне забралі ў Чыгуначны РАУС, а газэты адправілі на экспэртызу,каб праверыць, ці няма ў іх якога “кампрамату” на Аляксандра Лукашэнку”.

Пасьля выхаду з пастарунку спадар Хамайда ізноў скіраваўся да “Сіняга дому”, бо, як ён кажа, гэта ягоны родны горад, а Лукашэнкі тут ня будзе ўжо заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG