Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідзе сёмы дзень галадоўкі пратэсту, стан здароўя галадоўнікаў задавальняючы


Валер Каліноўскі, Менск Палітычная галадоўка дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова, Уладзімера Парфяновіча, Сяргея Скрабца працягваецца сёмы дзень. Разам зь імі галадаюць шэсьць актывістаў АГП і БНФ. Лекары пасьля чарговага агляду канстатавалі здавальняючы стан здароўя галадоўнікаў. Амбасадар ЗША выказаў сваю падтрымку галадоўнікам.

Амбасадар ЗША Джордж Крол, які ўчора наведаў галадоўнікаў, у афіцыйным паведамленьні амбасады назваў справядлівымі патрабаваньні галадоўнікаў і зноў заклікаў беларускія ўлады прывесьці выбарчае заканадаўства і працэдуры ў адпаведнасьць з нормамі АБСЭ, выконваць грамадзянскія і чалавечыя правы арыштаванага Міхаіла Марыніча.

За здароўем галадоўнікаў стала сочаць тры лекары. У сераду раніцай усіх удзельнікаў галадоўкі агледзеў Аляксандар Валчанін:

(Валчанін: ) “Нічога, стан нядрэнны. Толькі я вельмі хвалююся за здароўе генэрала, у яго ж інфаркт міякарда. І канечне ж, калі будзе падвышацца ціск, гэта будзе дрэнна адбівацца на сэрцы. Ішэмія можа прагрэсаваць”.

Аляксандар Валчанін працуе лекарам хуткай дапамогі ў Жодзіне, мае мэдычны стаж 25 гадоў. Спадар Валчанін сам зьяўляецца актывістам АГП і на сваю ініцыятыву наведвае галадоўнікаў праз суткі — у дні, вольныя ад службовых дзяжурстваў. На ягоную думку, істотная небясьпека для здароўя зьяўляецца на дваццаты дзень галадоўкі, але і меншы тэрмін можа дрэнна адбіцца на здароўі, асабліва Валерыя Фралова, які перанес інфаркт. Дэпутата Фралова пэрсанальна аглядае вядомы беларускі кардыёляг Аляксандар Сьпіглазаў.

(Сьпіглазаў: ) “На сёньняшні дзень стан здавальняючы. Сама па сабе галадоўка — рэч небясьпечная. З трэцяга дня пачынаюцца зьмены, якія небясьпечныя для здароўя. На цяперашні момант стан, у прыватнасьці Фралова, не выклікае якіх-небудзь засьцярогаў”, — зазначыў лекар Сьпіглазаў.

Самі галадоўнікі пра свой стан здароўя кажуць стрымана. Гаворыць Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Я ведаю свой арганізм, бо апошнім часам шмат розных кніг давялося прачытаць, думаю, вельмі разумных. Я адчуваю сябе ў цэлым здавальняюча”.

Калега Валерыя Фралова Сяргей Скрабец параўноўвае цяперашнюю галадоўку зь леташняй, калі ён 22 дні ўстрымліваўся ад ежы падчас посту:

(Скрабец: ) “Цяжэй, канечне, калі з папярэднім галаданьнем параўнаць, бо там ніхто ня ведае, калі ты сам асабіста гэта праводзіш, калі ніхто цябе не турбуе — як, што. І стомленасьць пад вечар большая. Галава шуміць, ужо ня памятаеш, з кім ты сустракаўся і што казаў”.

Сяргей Скрабец і іншыя галадоўнікі часам скардзяцца, што не хапае часу на сон, бо вельмі шмат наведнікаў.

Адзіная жанчына сярод галадоўнікаў Марына Багдановіч імкнецца падтрымліваць сваіх сяброў:

(Багдановіч: ) “На трэці-чацьверты дзень мне было трошкі цяжкавата — першы раз я галадаю, і была арытмія сэрца. Але прыехаў наш доктар з Жодзіна Валчанін Аляксандар, параіў мне лекі. І цяпер ужо нармальна, ціск нармалізаваўся, сэрца неяк лепей. Другое дыханьне адкрылася. Мацнее душа, мацнее дух. Так што нармальна”.

Тым часам Лідэр БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч, які разам зь іншымі прадстаўнікамі “Эўрапейскай кааліцыі” сёньня наведаў галадоўнікаў, падзяліўся зь імі ўласным досьведам палітычнай галадоўкі, якую ён трымаў па два тыдні ў 1996 і 1999 гады ў менскіх ізалятарах.

(Статкевіч: ) “Калі галадаеш, трэба як мага больш рухацца, як мага больш піць чыстага, гэта маецца на ўвазе гатаванай альбо мінэральнай вады, і прымаць душ і гэтак далей. У мяне там такіх умоваў не было”.

На думку Міколы Статкевіча, галадоўка дэпутатаў вымагае актыўнай падтрымкі ўсіх палітычных сілаў краіны.

(Статкевіч: ) “Мы маем справу з актам мужнасьці, з актам ня толькі фізычнага, а ў нейкай ступені палітычнага самаахвяраваньня, таму што, безумоўна, гэтая галадоўка спрыяе дэмакратыі, яна стварае фон, на якім робіцца больш цяжкім аб’яўленьне рэфэрэндуму аб трэцім тэрміне, яна аказвае ўціск на ўладу ў самы нязручны для яе момант, калі яна апынаецца ў міжнароднай ізаляцыі з усіх бакоў, з усіх флянгаў”.

Беларускія праваабаронцы арганізавалі ў кватэры Фралова, дзе адбываецца калектыўная галадоўку пратэсту, сталы пост незалежнага назіраньня за яе ходам, і, як абяцае кіраўнік гэтага пасту Алена Танкачова з зачыненай уладамі арганізацыі “Незалежнае таварыства праваабарончых дасьледаваньняў”, хаваць ад грамадзкасьці інфармацыю пра стан здароўя галадоўнікаў яны не зьбіраюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG