Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: незалежны экспэрт Андрэй Фёдараў зь Менску і наш карэспандэнт Віктар Дзятліковіч з Масквы

(Валер Карбалевіч: ) “Калі не лічыць нядаўняй вельмі кароткай сустрэчы ў Ялце, то Лукашэнка з Пуціным не праводзілі перамоваў больш як паўгоду. Для краінаў, якія лічаць сябе блізкімі саюзьнікамі, гэта ня вельмі натуральна. За гэты час назьбіралася шмат праблемаў, якія патрабавалі палітычнага рашэньня на вышэўшым узроўні. Таму вялікія надзеі ўскладаліся на гэтую сустрэчу ў Сочы, якая адбылася 5 чэрвеня. Перамовы працягваліся больш за чатыры гадзіны. Па выніках сустрэчы бакі адзначылі супадзеньне пазыцыяў, а Лукашэнка заявіў, што бакі дамовіліся амаль па ўсіх пытаньнях. Дык пра што ж яны дамовіліся? Як вы ацэньваеце вынікі перамоваў?”

(Андрэй Фёдараў: ) “Здаецца, тая заява, якая прагучала з вуснаў Лукашэнкі, што дамовіліся амаль па ўсіх пытаньнях, крыху перабольшаная. Напрыклад, што тычыцца канстытуцыйнага акту, то толькі ў найбліжэйшы час будзе абноўленая расейская частка працоўнай групы, якая працуе над ім. І толькі пасьля дапрацоўкі ён будзе вынесены на разгляд найвышэйшага дзяржсавету. Гэта паўтараецца ўжо шмат разоў. Адносна ўвядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты Беларусі й Расеі Пуцін сказаў, што гэта наўрад ці адбудзецца.

Наконт газу абодва кіраўнікі заявілі, што ўсе пытаньні вырашаныя. Але Пуцін зноў заявіў, што разнагалосьсі ў гэтым пытаньні ўзьнікаюць на ўзроўні суб’ектаў гаспадараньня. Але чамусьці гэтыя суб’екты гаспадараньня ня могуць дамовіцца і ўвесь час выносяць пытаньне на найвышэйшы палітычны ўзровень. І, здаецца, расейскі прэзыдэнт тут быў ня вельмі шчыры. Бо калі ў лютым “Газпром” адключыў Беларусь ад газу, гэта было зроблена з дазволу найвышэйшага расейскага кіраўніцтва. Таму нягледзячы на даўжыню гэтых перамоваў, здаецца, сур’ёзных вынікаў яны не прынесьлі”.

(Віктар Дзятліковіч: ) “Калі глядзець на гэтыя перамовы з Масквы, то, паводле расейскіх экспэртаў і мэдыяў, вынікі, хутчэй, на карысьць расейскага боку. Нягледзячы на закрытасьць інфармацыі, у Маскве лічаць, што Пуцін дамогся ад Лукашэнкі саступак у газавым пытаньні. На мінулым тыдні прадстаўнікі “Газпрому” заявілі, што гатовыя пастаўляць газ у Беларусь коштам 53 даляры за 1 тысячу кубамэтраў. І цяпер у Маскве лічаць, што Лукашэнка згадзіўся купляць газ па такіх коштах. Прынамсі, такую выснову робяць расейскія экспэрты з заяваў і Лукашэнкі, і Пуціна. Акрамя таго і прадстаўнікі “Газпрому” заявілі, што задаволеныя вынікамі перамоваў. Падаецца, гэта адзінае пытаньне, па якім бакі знайшлі нейкае паразуменьне.

Але і тут магчымыя нечаканасьці. Калі пачнуцца перамовы “Газпрому” і прадстаўнікоў беларускага ўраду і высьветліцца, што беларускі бок адыгрывае назад, то ніхто ня зьдзівіцца. І праз паўгоду гэтае пытаньне можа зноў узьнікнуць на сустрэчы двух прэзыдэнтаў, зноў яны будуць яго абмяркоўваць. Безумоўна, немагчыма лічыць пазытыўным вынікам тое, што адзіная валюта ня будзе ўведзеная з пачатку наступнага году”.

(Карбалевіч: ) “Я зьвярнуў увагу вось на што. Калі Лукашэнкі казаў пра выынікі перамоваў у газавай сфэры, то сказаў такую фразу — я думаю, мы дамовіліся. Вось гэтыя словы “я думаю” кажуць пра няўпэўненасьць. І яшчэ хацеў бы зьвярнуць увагу та тое, што летась падчас перамоваў Пуціна і Лукашэнкі бакі таксама, здаецца, дамовіліся аб цэнах на газ. Лукашэнка казаў, што “ўкраінскія” кошты паставак газу і транзыту для нас прымальныя. Але празь некалькі месяцаў Лукашэнка запатрабаваў, каб Расея пастаўляла Беларусі газ па ўнутраных расейскіх цэнах. Таму ў беларуска-расейскіх дачыненьнях дамоўленасьці на найвышэйшым узроўні яшчэ не азначаюць, што пытаньне вырашанае.

Абодва бакі робяць акцэнт на пасьпяховым разьвіцьці гандлю паміж Беларусьсю і Расеяй. На гэта зьвярталі ўвагу Пуцін і Лукашэнка і ў Ялце, і падчас прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоваў у Сочы. Чаму такая ўвага да гэтага пытаньня? Магчыма, гэта адзіны кірунак, дзе адбываецца нейкі прагрэс, чым можна пахваліцца?”

(Фёдараў: ) “Я думаю, вы маеце рацыю, калі кажаце, што гэта, фактычна, адзіны кірунак, у якім назіраецца пэўны прагрэс. За першыя месяцы гэтага году гандаль паміж краінамі павялічыўся на 25%. Гэта значны прырост. Уражвае і тое, што у расейскім замежным гандлі Беларусь займае другое месца пасьля Нямеччыны. Але перад Беларусьсю стаіць праблема дывэрсыфікацыі зьнешняга гандлю. Таму што такая вялікая залежнасьць ад адной краіны небясьпечная. Да таго ж Беларусь мае адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй у памеры прыкладна 1 мільярда даляраў. І гэты мінус перакрывае нашае станоўчае сальда ў гандлі з астатнімі краінамі”.

(Дзятліковіч: ) “Што тычыцца гандлю, то наколькі гэта зьяўляецца вынікам працы афіцыйных уладаў? Таму што гандлююць фірмы, прадпрыемствы. Акрамя таго, давайце ўлічваць той факт, што ў гэтым годзе павялічыліся кошты на газ. І гэтыя цэны таксама ўлічваюцца пры падліку росту аб’ёму гандлю”.

(Карбалевіч: ) “На выніковай прэс-канфэрэнцыі абодва кіраўнікі дзяржаваў дэманстравалі аптымізм і задаволенасьць вынікамі перамоваў. Асабліва добры настрой быў у Лукашэнкі. Ён апавядаў, што ніколі раней перамовы не былі такімі доўгімі, прафэсійнымі і шчырымі. Чаму бакі спрабуюць дэманстраваць пасьпяховы працэс саюзнага будаўніцтва? Чаму бы шчыра не сказаць, што існуюць вялікія супярэчнасьці, праблемы, будаваць саюзную дзяржаву не атрымліваецца? Навошта трэба ўсё маскаваць?”

(Фёдараў: ) “Адказ на гэтае пытаньне даволі відавочны. Ні ў аднаго, ні ў другога боку няма падставаў рабіць заявы аб немагчымасьці далейшай інтэграцыі. Ім гэта цяпер непатрэбна. Але дэманстрацыя паказнога аптымізму мала аб чым сьведчыць. Лукашэнка сказаў, што гэта былі самыя доўгія перамовы. Але ён, мусіць, забыўся, што два гады назад перамовы ў Санкт-Пецярбургу доўжыліся каля 12 гадзінаў. І тады пасьля перамоваў бакі паведамлялі, што ўсе праблемы вырашаныя, будзем хутка рухацца наперад. Але праз кароткі час прагучала заява расейскага прэзыдэнта аб мухах і катлетах”.

(Дзятліковіч: ) “Кіраўнікам дзяржаваў на публіцы лепей дэманстраваць аптымізм, чым пэсымізм. У пэўнай часткі грамадзтва моцныя інтэграцыйныя настроі, таму навошта губляць гэты электарат. Калі дачыненьні будуць пагаршацца, я думаю, што найперш Пуцін зь ягоным крэдытам даверу зможа выказацца наконт таго, што ў зносінах зь Беларусьсю трэба нешта мяняць. Ён гэта ўжо рабіў. Але ў мяне такое ўражаньне, што расейскія ўлады вырашылі паказаць пазытыў, які адбываецца ў выніку ціску Масквы”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, перамовы ў Сочы паміж Пуціным і Лукашэнкам засьведчылі, што нягледзячы на паказны, дзяжурны аптымізм, беларуска-расейскія дачыненьні ня могуць выйсьці з супярэчнасьцяў, якія, здаецца, становяцца ўсё больш невырашальнымі. І нават чатыры гадзіны перамоваў, гледзячы па ўсім, не далі значных канкрэтных вынікаў. 8 чэрвеня ў Менск прыяжджае прэм’ер Расеі Фрадкоў, адбудзецца паседжаньне саюзнага саўміну. І, магчыма, тады будзе больш зразумела, аб чым жа сапраўды дамовіліся кіраўнікі дзяржаваў у Сочы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG