Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўкі далучыліся Віктар Івашкевіч і Ўладзімер Радзівончык


Алесь Дашчынскі, Менск Да галадоўкі дэпутатаў далучыліся намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і намесьнік старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Радзівончык.

Такім чынам, разам з дэпутатамі галадуюць яшчэ шэсьць чалавек: актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марына Багдановіч, Генадзь Ананьеў, Уладзімер Чырвоненкаў, Юры Істомін, Уладзімер Радзівончык і прадстаўнік БНФ Віктар Івашкевіч. Усе яны знаходзяцца ў Менску на службовай кватэры дэпутата Фралова.

Галадоўка Віктара Івашкевіча пачалася а 10-й гадзіны раніцы ў аўторак. Чым матываванае гэтае рашэньне?

(Івашкевіч: ) “Па-першае, гэта не спантанны ход, а вынік разважаньняў і аналізу — у тым ліку калегіяльнага, бо ўчора была ўправа БНФ, мы абмяркоўвалі гэтую сытуацыю. Народны Фронт падтрымлівае патрабаваньні, якія выставілі галадоўнікі. Па другое, мой непасрэдны ўдзел у якасьці суб’екта гэтай галадоўкі падштурхне сябраў фронту больш актыўна змагацца за выкананьне гэтых патрабаваньняў. Па-трэцяе, мой непасрэдны ўдзел дае магчымасьць кантраляваць працэс непасрэдна і не залежыць ад волі іншых людзей. І апошняе — гэта тое, што ліквідуе магчымасьць спэкуляцыяў на прадмет таго, што фронт стаіць збоку, малаактыўны і гэтак далей. Фронт на вастрыі працэсаў, і я гэта сваім удзелам сьведчу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае гэта, што вы спыняеце сваю партыйную працу на час галадоўкі?”

(Івашкевіч: ) “Маё галадаваньне не спыняе маіх службовых абавязкаў, проста нарады з маім удзелам перамяшчаюцца з Варвашэні, 8 на Казарменны завулак”.

Сябра АГП Уладзімер Радзівончык тлумачыць сваё рашэньне далучыцца да галадоўкі дэпутатаў:

(Радзівончык: ) “Я не магу знаходзіцца ў камфортных умовах, калі мае калегі тут пакутуюць і пазбаўленыя тых умоваў, якія я меў, седзячы ў сваёй хаце. Канечне, я далучаюся да тых афіцыйных заяваў, якія былі зробленыя, яны сёньня вельмі патрэбныя, асабліва мне, бо я сам зьбіраюся балятавацца ў парлямэнт на восеньскіх выбарах. Таму я далучаюся на знак салідарнасьці зь іх пазыцыяй”.

(Карэспандэнт: ) “Як рэагуюць у Берасьці на гэтую галадоўку, ці ёсьць ахвотныя далучыцца да яе?”

(Радзівончык: ) “Я размаўляў амаль з усімі партыямі, якія ў нас ёсьць, вёў перамовы з дэпутатамі раённых саветаў ад АГП, яны падтрымліваюць гэтую ідэю, і распрацоўваецца фармат удзелу берасьцейскіх лідэраў у далучэньні да галадоўкі, якая праходзіць у Менску”.

Каля дома, дзе галадуюць дэпутаты і партыйныя актывісты, дзяжураць міліцыянты. Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў пазбаўленыя магчымасьці выходзіць з кватэры, інакш іх прымусова даставяць у суд. Намесьнік начальніка Ленінскага райаддзелу міліцыі падышоў да балькона і папрасіў Марыну выйсьці.

(Багдановіч: ) “Я адмовілася, бо кепска сябе адчуваю. Ён папрасіў нумар майго мабільнага тэлефону і паабяцаў, што цягам двух месяцаў мы зь ім абавязкова сустрэнемся”.

Міліцыянты пакуль не тэлефануюць, затое адчуваецца падтрымка з боку грамадзянаў.

(Багдановіч: ) “Тэлефанаваньні працягваюцца, простыя людзі, пэнсіянэры, жанчыны тэлефануюць — і ўжо не баяцца сказаць, хто яны і адкуль, хаця зразумела, што тэлефоны праслухоўваюцца. Гэта вельмі важна. Асабліва, калі вечарам сюды прыходзяць людзі пад вокны, у мяне зьяўляецца другое дыханьне”.

Сярод вядомых палітыкаў, якія наведалі кватэру галадоўнікаў, міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў. Як ён ставіцца да сродку палітычнай барацьбы, абранага дэпутатамі?

(Саньнікаў: ) “Я хвалююся за здароўе людзей, гэта першае. Гэта ня новы сродак. Гэта вельмі жорсткія меры ў дачыненьні да саміх сябе, але ж людзі пайшлі на гэта невыпадкова. Яны спрабавалі нешта зрабіць у “палатцы”, яны спрабавалі зьвярнуць увагу на тое, што незаконна Марыніч апынуўся за кратамі й зьвярталіся да генпракурора і гэтак далей, і ніякай рэакцыі. Таму гэта для іх асабіста было вельмі прынцыпова — пайсьці далей. Я думаю, што на гэтым ня спыніцца іх рух наперад”.

Сёньня міліцыянты затрымалі сямёх удзельнікаў пікету, які правялі на плошчы Незалежнасьці сябры Маладога Фронту. Удзельнікі акцыі раздавалі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў звароты галадоўнікаў. Фралоў, Скрабец і Парфяновіч запатрабавалі ад начальніка Маскоўскага райаддзелу міліцыі неадкладна вызваліць затрыманых. Праз тры гадзіны маладафронтаўцаў адпусьцілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG