Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты-галадоўнікі прымусілі Палату прадстаўнікоў пайсьці на саступку


Валер Каліноўскі, Менск Шосты дзень палітычнай галадоўкі дэпутатаў з групы “Рэспубліка”. Да трох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чатырох актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі 8 чэрвеня далучыліся намесьнік старшыні Берасьцейскай арганізацыі АГП Уладзімер Радзівончык і намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Сёньня адбылося адно з апошніх паседжаньняў Палаты прадстаўнікоў старога складу, на якое дэпутаты-галадоўнікі Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец не зьявіліся. Тым ня менш, будынак парлямэнту зноў быў блякаваны супрацоўнікамі службы бясьпекі прэзыдэнта. Самі яны адмаўляліся называць свае прозьвішчы і пасады, але адфільтроўвалі прэсу і наведнікаў. Незалежнай і замежнай прэсе, нягледзячы на дзейныя акрэдытацыйныя пасьведчаньні, уваход у будынак парлямэнту быў забаронены невядомымі. Сьпікер палаты Вадзім Папоў на крытыку дэпутатаў з гэтай нагоды адказаў, што ўсё, што адбываецца па-за сьценамі Авальнай залі, парлямэнту не датычыць.

Ні сьпікер Папоў, ні хтосьці з дэпутатаў за першую палову дня на пленарным паседжаньні ніяк не згадалі ў сваіх выступах галадоўкі калегаў. Аднак на першую саступку галадоўнікам Палата прадстаўнікоў усё ж пайшла: яна нарэшце уключыла ў парадак дня сэсіі прапанаваны яшчэ год таму дэпутатамі “Рэспублікі” законапраект аб зьмяненьнях Выбарчага кодэксу. За гэта сёньня прагаласавалі 46 дэпутатаў. Законапраект павінен разглядацца 22 чэрвеня дзясятым пунктам парадку дня. Але ў праекце пастановы палаты па ім, раздадзеным дэпутатам, ужо запісаная рэкамэндацыя: “Адхіліць”. Дэпутат Уладзімер Навасяд заявіў, што галадоўку парлямэнтароў справакаваў сваімі парушэньнямі рэглямэнту сьпікер Вадзім Папоў.

(Навасяд: ) “Парлямэнт існуе як магчымасьць легітымнага публічнага абмеркаваньня любых пытаньняў, у тым ліку самых вострых. І калі такую магчымасьць у дэпутатаў забіраюць, то і атрымліваюцца такія экстрэмальныя формы пратэсту супраць такіх рашэньняў”, — сказаў дэпутат Уладзімер Навасяд, які адстойвае ў палаце інтарэсы галадоўнікаў.

Самі ж дэпутаты Фралоў, Скрабец і Парфяновіч не разглядаюць сёньняшніх падзеяў у палаце як нейкую перамогу. Гаворыць Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Канечне, нейкі ціск яны адчуваюць, але зь іншага боку, на маю думку, калі гэтае пытаньне пакетам уключаюць у парадак дня, то яны і зрабілі выгляд, што й той патрапіў у гэты пакет. Вось яго “прычэпам” і ўнесьлі”.

Уладзімер Парфяновіч упэўнены, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі зноў пройдуць паводле недэмакратычнага заканадаўства, новы склад палаты будзе нелегітымным і непаўнамоцным, а Беларусь застанецца ў самаізаляцыі. Вось што сказаў спадар Парфяновіч пра цяперашнюю дзейнасьць Палаты прадстаўнікоў:

(Парфяновіч: ) “Ніякіх важных момантаў, якія бы цікавілі нашых грамадзянаў, там сёньня не адбываецца. Не вырашаецца там іх лёс, не вырашаецца іх будучыня”.

Учора каля поўначы камунальныя службы з выкарыстаньнем спэцыяльнай тэхнікі зьнялі плякат, які вісеў на гаўбцы кватэры галадоўнікаў, з надпісам: “Не — трэцяму тэрміну! За справядлівыя выбары! Свабоду Марынічу!” Гаворыць дэпутат Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Я лічу, што гэта незаконнае дзеяньне, бо плакат зьяўляецца нашай маёмасьцю ўласнай, будзем патрабаваць, каб вярнулі”.

(Карэспандэнт: ) “А самі ня вырабіце яшчэ адзін плякат?”

(Скрабец: ) “Ён ужо рыхтуецца, і не адзін, яшчэ пяць. Калі будуць зрываць, то мы ж тут доўга зьбіраемся быць. Будзем штодня вывешваць плякат з тым жа самым зьместам”.

На фізычны стан галадоўнікі пакуль ня скардзяцца, ацэньваюць сваё здароўе як нармальнае для такіх нагрузак. Тым часам ад сёньня пачаў працу сайт акцыі пратэсту галадоўнікаў. Ягоны адрас: www.inart.info
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG