Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатаў-галадоўшчыкаў падтрымалі прадпрымальнікі, а Лукашэнка сказаў што “сам разьбярэцца” з галадоўшчыкамі


Валер Каліноўскі, Менск Ідзе пяты дзень палітычнай галадоўкі дэпутатаў з групы “Рэспубліка”. Трох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чатырох актывістаў АГП, якія трымаюць палітычную галадоўку, сёньня наведалі амбасадары краінаў Эўразьвязу: Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славаччыны, Швэцыі, Нямеччыны, Францыі Вялікай Брытаніі, а таксама кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску, прадстаўнікі “Народнай кааліцыі” “Пяцёрка плюс”, група прадпрымальнікаў.

Усе яны выказалі галадоўнікам падтрымку і разуменьне іх патрабаваньняў. Удзельнікі галадоўкі пратэсту вымагаюць зьменаў Выбарчага кодэксу, вызваленьня Міхаіла Марыніча і недапушчэньня трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Амбасадары краінаў Эўразьвязу правялі гадзінную гутарку з галадоўнікамі. Прадстаўнік Францыі Стэфан Шмялеўскі, зьвяртаючыся да дэпутатаў Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца і Уладзіміра Парфяновіча, заявіў, што вылучаныя імі патрабаваньні “цалкам супадаюць з эўрапейскімі чаканьнямі” наконт пабудовы дэмакратычнай Беларусі.

Сёньня ж галадоўнікаў наведалі прадстаўнікі прадпрымальніцкай ініцыятывы “Пэрспэктыва” з многіх гарадоў Беларусі. Яны заявілі пра поўную падтрымку “мужных дзеяньняў дэпутатаў”. Прадстаўнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі прынялі рашэньне на знак салідарнасьці з патрабаваньнямі галадоўнікаў правесьці 17 чэрвеня агульнанацыянальны страйк пратэсту супраць свавольства ўладаў.

Гаворыць лідэр прадпрымальніцкай ініцыятывы “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Калі яшчэ на адзін тэрмін застанецца Лукашэнка, нас проста ня будзе. І ўвогуле я баюся, што да канца і цяперашняга тэрміну не застанецца прадпрымальнікаў. Бо цяпер урадавыя структуры: Камітэт дзяржкантролю, Міністэрства фінансаў лабіруюць свае вузкаведамасныя інтарэсы. Яны намагаюцца любым коштам утрымаць цяперашнюю ўладу і захаваць цяперашні рэжым. Гэта мы зразумелі, няхай, магчыма, позна. Страйк пакажа, сьвядома ці не, але я спадзяюся, што сёньня крок зроблены, гэта крок у будучыню, і мы ня спынімся”.

Анатоль Шумчанка заявіў, што заклікаючы да агульнанацыянальнага страйку, прадпрымальнікі перайшлі і да палітычных патрабаваньняў: вызваліць Міхаіла Марыніча і Валерыя Леванеўскага, дэмакратызаваць выбарчы працэс і не дапусьціць адмены палажэньняў Канстытуцыі наконт немагчымасьці трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва для адной асобы.

Пад час сваёй вечаровай прэсавай канфэрэнцыі дэпутаты-галадоўнікі высока ацанілі ініцыятыву прадпрымальнікаў, як канкрэтны крок на абарону дэмакратыі.

Сярод іншага дэпутат Парфяновіч паведаміў, што ў Сочы пад час прэсавай канфэрэнцыі У. Пуціна і А. Лукашэнкі апошняга спыталі пра галадоўку дэпутатаў. І той адказаў, што “сам разбярэцца”.

Акрамя таго, там журналістам забаранілі пытацца пра трэці тэрмін А. Лукашэнкі, – паведаміў Уладзімір Парфяновіч. Ён аднак не назваў крыніцы сваёй інфармацыі.

У вечаровай прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла ў двары дома па Казарменным завулку ў Менску, і сабрала каля паўсотні чалавек, не змаглі ўзяць удзел два галадоўнікі – актывісты АГП Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў. Яны не пакідаюць межаў кватэры Валерыя Фралова, дзе праходзіць агульная галадоўка, бо на вуліцы іх можа затрымаць міліцыя, каб даставіць у суд за суботняе ўсталяваньне ў гэтым двары намётаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG