Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пратэставалі супраць прымусовага ўвядзеньня кантрактнай сыстэмы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 4 чэрвеня ўвечары ў Магілёве прайшоў мітынг апазыцыі. Ягонымі арганізатарамі выступілі лідэры магілёўскіх суполак Партыі БНФ, сацыял-дэмакратычнай партыі і Партыі працы. Магілёўскія ўлады дазволілі правесьці мітынг на адкрытай пляцоўцы каля дому культуры заводу.

У мітынгу, які адбыўся ў Магілёве, брала ўдзел, паводле прыблізных падлікаў, больш за сотню чалавек. Ён доўжыўся паўтары гадзіны. Магілёўцы выказалі свой пратэст супраць масавага прымушальнага пераводу наёмных работнікаў на кантрактную сыстэму працы.

Людзі, якія бралі слова, зьвязвалі перавод на кантракты з палітычнай сытуацыяй у краіне і магчымым рэфэрэндумам аб працягу прэзыдэнцкага тэрміну. Такое меркаваньне выказаў на мітынгу кіраўнік Магілёўскай арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

(Кастусёў: ) “Ведаеце, як нашыя людзі жывуць, і згубіць працу ў такі цяжкі час жыцьця — гэта для чалавека амаль ўсё. Таму зачапіўшы іх праз кантракты, адміністрацыя і асабіста прэзыдэнт будуць рабіць зь імі ўсё што хочуць”.

Прамовы на мітынгу ілюстравалі плякаты і карыкатуры, якія зрабілі магілёўскія маладафронтаўцы. Хаця ў гэтую моладзевую арганізацыю ўваходзяць у большасьці студэнты, яны ўсё ж прысьвяцілі наглядную агітацыю асноўнай тэме мітынгу — кантрактнай сыстэме, дэвіз — “Сем разоў падумай і адзін раз падпішы”. Тлумачыць лідэр магілёўскага Маладога Фронту Ігар Казьмерчак:

(Казьмерчак: ) “Вядомая справа, што рабочы чалавек звычайна не такі сьмелы, як студэнт, таму даводзіцца студэнтам змагацца за правы сваіх бацькоў”.

У магілёўскім мітынгу бралі ўдзел госьці зь Менску, прадстаўнікі палітычных партыяў, якія ўваходзяць у кааліцыю “5+” Вінцук Вячорка, Людміла Гразнова, Сяргей Калякін, Аляксандар Бухвостаў, Аляксей Кароль. Удзельнікі мітынгу выказалі сваю падтрымку дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыю Фралову, Сяргею Скрабцу і Ўладзімеру Парфяновічу, якія абвесьцілі пратэстную галадоўку, каб дамагчыся разгляду беларускімі парлямэнтарамі зьменаў у выбарчае заканадаўства. Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу і магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Юры Новікаў:

(Новікаў: ) “Тое пытаньне, якое яны ўздымаюць, датычыцца ўсяго нашага грамадзтва. Канечне, мы будзем зь імі салідарныя і падтрымліваем іх”.

Лідэр магілёўскага БНФ Рыгор Кастусёў выказаў упэўненасьць, што магілёўцы разумеюць і падтрымліваюць дэпутатаў, якія вырашыліся на галадоўку.

(Кастусёў: ) “Я лічу, што гэта вельмі мужны ўчынак, і мы ўсе разам падтрымліваем і будзем падтрымліваць гэтых людзей у іхнай барацьбе супраць рэжыму Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG