Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты дзень палітычнай галадоўкі дэпутатаў. Галадоўнікаў наведалі амбасадары Эўразьвязу


Валер Каліноўскі, Менск Галадаюць сем чалавек. Разам з дэпутатамі Валерыем Фраловым, Уладзімерам Парфяновічам і Сяргеем Скрабцом цяпер галадаюць прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Генадзь Ананьеў, Марына Багдановіч, Уладзімер Чырвоненка і Юры Істомін. Усе яны знаходзяцца ў службовай кватэры Валерыя Фралова ў так званым дэпутацкім доме па завулку Казарменным у Менску.

Ля дому Валерыя Фралова стала дзяжурыць аўтобус з двума дзясяткамі супрацоўнікаў міліцыі. Сочаць за сытуацыяй і прадстаўнікі спэцслужбаў. Плякат, які вісіць на гаўбцы Фралова, з надпісам “Не — трэцяму тэрміну! За справядлівыя выбары! Свабоду Марынічу!” ужо выклікаў занепакоенасьць міліцыі, якая ўбачыла ў гэтым адміністрацыйнае парушэньне, аднак прыцягнуць да адказнасьці дэпутата яна ня можа. Спробаў зьняць плякат таксама пакуль няма.

Сёньня ў кватэры Фралова чакалі прыходу замежных дыпляматаў і міліцыі, якая хоча прыцягнуць да адказнасьці кіраўнікоў менскай і віцебскай абласных арганізацыяў АГП Марыну Багдановіч і Генадзя Ананьева за суботнюю спробу ўсталяваць намёты ў двары дома па Казарменным завулку. Багдановіч і Ананьеў у суд не пайшлі менавіта з прычыны таго, што яны з 4 чэрвеня таксама трымаюць галадоўку пратэсту, гэта ўплывае на іх фізычны стан. Акрамя таго, яны хочуць быць разам з дэпутатамі.

Валерыю Фралову ў выходныя двойчы выклікалі хуткую дапамогу. Лекар зафіксаваў перадінфарктны стан, але дэпутат адмовіўся ад шпіталізацыі, бо стан свайго здароўя ён ведае дасканала:

(Фралоў: ) “Гэта нармальны мой стан, на жаль, апошнім часам. Нармальны стан, які дазваляе мне працаваць зь дзевяці да дванаццаці, да двух ночы. Кожны дзень без выходных без адпачынку”.

Дэпутат Фралоў кажа, што суседзі па ягоным элітным доме выказваюць падтрымку галадоўцам, а вось калегі-дэпутаты маўчаць.

Пра свой стан распавядае былы спартовец дэпутат Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Увесь час галаўны боль. Па-другое, тое што мяняецца ў гэтай сытуацыі, — трошкі псыхіка. У якім пляне — тое, што ў цябе ўсё ёсьць, але ты ня можаш зьесьці. Мая жонка цяпер у хаце ўсё пахавала, на стале ўжо няма нічога. Яна мяне вельмі шануе ў гэты час”.

Уладзімер Парфяновіч зазначае, што на заўтрашняе пленарнае паседжаньне Палаты прадстаўнікоў дэпутаты-галадоўнікі ісьці не зьбіраюцца, бо хоць у пятніцу нарэшце там быў раздадзены іх законапраект пра зьмены ў Выбарчы кодэкс, але разам зь ім быў прадстаўлены і праект пастановы па ім — “Адхіліць”. У такой сытуацыі ісьці на сэсію няма сэнсу. Часу на тое, каб Палата прадстаўнікоў да выбараў зьмяніла кодэкс, амаль няма, прызнае спадар Парфяновіч, ад А.Лукашэнкі чакаць нейкіх пазытыўных зрухаў таксама ня варта:

(Парфяновіч: ) “Я яму сёньня ня веру. Гэта падмацавалася, калі я ў апошні раз паглядзеў па тэлебачаньні, як ён расьпякаў Паўлава і кампанію. І ніхто за скрадзеныя грошы ў народу не пацярпеў”.

З усіх галадоўцаў патрэбны досьвед мае толькі Сяргей Скрабец, які летась галадаў 22 дні. Але адна справа галадаць для здароўя, ведаючы, што кожны дзень ты можаш адмовіцца ад гэтага, а іншая — калектыўная публічная галадоўка пратэсту, якая стварае іншую атмасфэру і адказнасьць. Вось што гаворыць спадар Скрабец пра мэты, якіх можа дасягнуць іх галадоўка:

(Скрабец: ) “Гэтым можна дасягнуць аб’яднаньня ўсіх палітычных сілаў і проста людзей, якія забітыя страхам і безвыходнасьцю ў жыцьці, якія ня бачаць пэрспэктывы, будучыні ні для сябе, ні для сваіх дзяцей. Гэтай акцыяй мы хацелі бы сказаць, што яно ёсьць”.

Дэпутат Скрабец так адказаў на пытаньне, ці пацікавіліся іх патрабаваньнямі і фізычным станам кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў Папоў і Канаплёў:

(Скрабец, сьмяецца: ) “На мой погляд, гэта сьмешна. Яны самі там сядзяць і баяцца, што іх Лукашэнка выкліча і за нас будзе кляйміць”.

У кватэру спадара Фралова тым часам заходзяць дзясяткі людзей: дыпляматы, праваабаронцы, палітыкі, журналісты, знаёмыя. У асобным блякноце яны пакідаюць свае водгукі. Адзін зь іх, вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў, выказаў наступныя думкі:

(Пастухоў: ) “Асабіста я захапляюся мужнасьцю дэпутатаў Фралова, Парфяновіча і Скрабца. Лічу, што яны даюць добры прыклад усім сумленным грамадзянам нашай краіны. Іх патрабаваньні справядлівыя. Нам сапраўды трэба ўнесьці зьмены ў наша выбарчае заканадаўства, каб былі падставы гаварыць пра сумленныя, вольныя і справядлівыя выбары”.

* На фотаздымку: Амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі вітае Валерыя Фралова. 7 чэрвеня некалькі амбасадараў краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу наведалі галадоўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG