Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абараняць Канстытуцыю 1996 году могуць толькі ворагі Беларусі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У многіх допісах апошняга часу слухачы Свабоды закранаюць тэму магчымага рэфэрэндуму, з дапамогай якога Аляксандар Лукашэнка можа зрабіць спробу перагледзець Канстытуцыю, каб застацца пры ўладзе пасьля больш як дванаццаці гадоў прэзыдэнцтва. Вось якімі развагамі на гэты конт падзяліўся ў сваім электронным лісьце наш слухач Валеры Грыцук зь Менску. Ён піша:

“Даведаўся я пра iнiцыятыву аб стварэньнi так званага “Аргкамiтэту па абароне Канстытуцыi”. Але ж Канстытуцыя узору 1996-га году — гэта не прадмет абароны. Шкада, што некаторыя паважаныя людзi трапiлi ў палiтычную пастку агентаў КГБ. Абараняць Канстытуцыю 1996 году — гэта пагадзiцца з гвалтам. Дарэчы, менавiта я яшчэ ў красавiку 1994-га ведаў, якi шлях чакае Беларусь, і таму пранаваў Мечыславу Грыбу падтрымаць стварэньне арганізацыi дзеля абароны Канстытуцыi. Мечыслаў Грыб мяне не падтрымаў, але ж гэтую прапанову зафiксаваў у сваёй кнізе. Лiдэры апазыцыi тады таксама скептычна паставіліся да прапановы, хоць ў 1996 годзe нарэшце падтрымалi гэтую ідэю.

Але “ГРАК” (Грaмадзкi рух у абарону Канстытуцыi) жыў нядоўга, таму што фармальныя лідэры не захацелi працаваць супольнa. Найперш гэта датычыла Зянона Пазьняка. Зараз сытуацыя iншая. Ёсьць “5+” — гэтага дастаткова. “Падзяляй i ўладар!” — гэта вядомая мэтода нашых ворагаў. Яшчэ будзе много фальшывых iнiцыятываў. Але мы маем “галiнак” толькi дзеля аднаго “венiка”, каб чыста прыбраць краіну. Наша сiла — толькi ў яднаньні ўсiх дэмакратаў без выключэньня. Гэта час, як у вайну са сьмяротным ворагам: адкiнем амбiцыi i крыўды. Той, хто ня хоча ў адзiн “венiк” — той вораг Беларусi”.

Цяжка ўспомніць хаця б адну грамадзка значную праблему, дзеля вырашэньня якой усе без выключэньня дэмакратычныя сілы аб’ядналіся, забыўшы пра ўласныя амбіцыі і крыўды. Такое аб’яднаньне наўрад ці магчымае. Ды і ці мэтазгоднае? Разнастайнасьць поглядаў і меркаваньняў — аснова дэмакратыі. І там, дзе абвяшчаюць ворагам таго, хто, паводле вашага, спадар Грыцук, выразу “ня хоча ў адзін венік” — там канец дэмакратыі.

Ці варта прыпісваць агентам спэцслужбаў ініцыятыву абароны Канстытуцыі 1996 году? Так, усе памятаюць, хто яе распрацоўваў і якім чынам за яе галасавалі. Але калі казаць пра тактычную задачу — а менавіта пра недапушчэньне рэфэрэндуму аб пераглядзе канстытуцыйнай нормы, якая абмяжоўвае тэрмін прэзыдэнцтва, то што заганнага ў падтрымцы тых, хто выступае супраць чарговага перапісваньня Канстытуцыі дзеля амбітных прыхамацяў адной асобы?

Ліст ад Ларысы Сянкевіч зь Нясьвіжу. Яна піша:

“Каб новыя выбары былі дэмакратычныя, сумленныя і справядлівыя, трэба, каб кожны загадзя абдумаў і вырашыў, за якога кандыдата аддаць голас. Мы ж самі можам выбраць разумных і дастойных людзей, якія будуць сумленна працаваць на карысьць свайго народу і краіны. Гэта ж датычыць і выбараў прэзыдэнта. Няўжо мы ня можам выбраць чалавека, які любіць беларускую мову і свабодна на ёй размаўляе, які з павагай ставіцца да свайго народу і да народаў іншых краінаў?”

Зусім слушныя развагі і высновы, спадарыня Сянкевіч. Аднак ва ўмовах сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці многае залежыць ня толькі ад таго, за каго аддасьць свой голас выбаршчык. Ці дапусьцяць да выбараў тых кандыдатаў, якія не падабаюцца ўладзе? Ці сумленна палічаць галасы выбарчыя камісіі (а гэта значыць, ці ўвойдуць у гэтыя камісіі не залежныя ад улады асобы)? Ці будзе наладжаны аб’ектыўны кантроль за выбарамі? Нарэшце, ці дапусьцяць на ўчасткі і ў камісіі незалежных назіральнікаў? Усе гэтыя пытаньні — вельмі істотныя, бо бязь іх вырашэньня немагчыма разьлічваць на тое, што пры ўладзе ў Беларусі апынуцца тыя людзі, за якіх сапраўды прагаласавала большасьць насельніцтва. І зусім невыпадкова трое дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў —Уладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў — адважыліся нават на радыкальны крок — бестэрміновую галадоўку ў сьценах Палаты прадстаўнікоў, дзеля таго, каб палітыкі і грамадзтва зьвярнулі ўвагу на недасканаласьць беларускага выбарчага заканадаўства.

Ліст ад Мікалая Лясовіча зь Менску. Слухач піша:

“Сёньня пачуў па Свабодзе дадатковыя доказы таго, што Лукашэнка разумее: ні на народ, ні на Расею ягоная ўлада абапірацца ня можа. Ну, пра што можа сьведчыць загад закрыць напярэдадні экзамэнацыйнай сэсіі дзясятак недзяржаўных навучальных установаў? Гэта пакрыўдзіла і зьняважыла тысячы студэнтаў і дзясяткі тысяч іхных сваякоў. Але ўлада ігнаруе меркаваньне народу.

А заява дасьведчанага расейскага палітыка Караганава пра тое, што ў Расеі няма палітыкаў, якія падтрымліваюць трэці тэрмін Лукашэнкі? Лукашэнка Расеі не патрэбен — і ён сам гэта разумее. Трэба абвяргаць міт пра тупасьць нашага народу, які распаўсюджваюць найміты Лукашэнкі. Трэба падтрымліваць дух барацьбы і аптымізму ў прыхільнікаў свабоды. Я мяркую, што падчас выбарчай кампаніі Лукашэнку чакае шмат сюрпрызаў”.

Ня думаю, спадар Лясовіч, што патрэбнае нейкае адмысловае змаганьне зь мітамі. Тым больш, што вашае сьцьвярджэньне наконт распаўсюджанасьці міту пра, як вы пішаце, “тупасьць беларускага народу” выглядае яўным перабольшаньнем. Людзі маюць патрэбу ў аб’ектыўнай і своечасовай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе. Будуць яны ведаць праўду — тады змогуць прымаць правільныя рашэньні і рабіць асэнсаваны выбар. Нават бяз штучнага падтрыманьня ў іх “духу барацьбы і аптымізму”.

Алесь Цадко з Маладэчна ў сваім лісьце нагадвае пра некаторыя падзеі дзесяцігадовай даўніны, калі Аляксандар Лукашэнка яшчэ толькі змагаўся за пасаду прэзыдэнта. Слухач піша:

“Цікава, чаму да гэтага часу не прыцягнутыя да адказнасьці асобы, вінаватыя нібыта ў паклёпе ў сувязі з памятнымі лёзьненскімі стрэламі па “Мэрсэдэсе”, у якім ехаў Лукашэнка. Ні адзін волас не ўпаў з галавы і стуардэсы, якая расказала па тэлебачаньні пра некаторыя пікантныя падрабязнасьці авіяпадарожжа дэпутата Лукашэнкі. А пазьнейшыя падзеі? Варта было Тамары Віньнікавай, якая пры загадкавых абставінах трапіла з-пад арышту ў Лёндан, намякнуць у друку пра нейкія рахункі ў Нямеччыне і Югаславіі, як зачапілі яе сыноў. Тое ж самае і з Іванам Ціцянковым. Як толькі ён залёг на дно — яго перасталі чапаць. І яго, і іншых, відаць, добра напалохалі. А калі яны загавораць, іх можа чакаць лёс Лявонава, Чыгіра ці Клімава”.

За апошняе дзесяцігодзьдзе, спадар Цадко, у Беларусі было шмат гучных скандальных здарэньняў і абвінавачаньняў, няскончаных крымінальных справаў, зьнікненьняў вядомых асобаў, падрабязнасьці і абставіны якіх дагэтуль невядомыя. Аб’ектыўнае расьсьледаваньне наўрад ці магчымае да таго часу, пакуль у дзяржаве на высокіх службовых пасадах застаюцца людзі, што маюць непасрэднае дачыненьне да гэтых справаў альбо асабіста зацікаўленыя ў тым, каб яны не былі даведзеныя да суду. Але застаюцца дакумэнты і шматлікія сьведкі. І пасьля зьмены ўлады ў Беларусі, відавочна, многае стане вядома.

Актывіст Маладога Фронту з Магілёва Сяргей Нягацін у сваім лісьце на Свабоду вяртаецца да падзеяў нядаўняга скандальнага сойму, які быў сарваны. Сяргей падрабязна апісвае, з чаго пачаліся скандал і бойка, як Сойм быў спынены і перанесены на іншы час. Усё гэта слухачы Свабоды ведаюць з падрабязных рэпартажаў двухтыднёвай даўніны. Сяргей таксама выказвае надзею, што другая сэсія Сойму, якая прызначаная на 5 сьнежня, пройдзе выдатна.

Ліст ад Алеся Станкевіча з Горадні. Слухач піша:

“Свабода павінна часьцей нагадваць, колькі грошай марнуе рэжым на розныя забавы — на ўсе гэтыя палёты ў Японію, Аўстрыю, Славенію. А цяпер вось Лукашэнку ўжо не падабаецца Ту-154, падавай “Боінг”. А гэта ж сотні мільёнаў даляраў. А на мэдыцыну і адукацыю грошай няма. Затое вунь якая ў Беларусі безьліч міліцыі — ажно 130 тысяч чалавек. Столькі ж, як у Польшчы, але там насельніцтва ў чатыры разы болей. І любы сяржант міліцыі ў Беларусі атрымлівае столькі ж, як лекар ці настаўнік.

Ці вось яшчэ адна тэма. Ставяць у нас у Горадні помнік савецкім пагранічнікам. Знайшліся на гэта немалыя грошы, у тым ліку з саміх памежнікаў два гады грошы з зарплаты бралі. А вось на помнікі Кастусю Каліноўскаму і Васілю Быкаву, якія жылі ў Горадні, грошай няма. Можа, таму, што яны не любілі расейскіх калянізатараў і змагаліся за незалежную Беларусь?”

На ўсе пералічаныя вамі, спадар Станкевіч, тэмы журналісты Свабоды рыхтавалі рэпартажы, і гэтыя рэпартажы гучалі ў нашым эфіры. Многія людзі менавіта зь перадач Свабоды ўпершыню даведаліся і пра новы прэзыдэнцкі “Боінг”, і пра адпачынак Аляксандра Лукашэнкі ў Альпах. Вяртацца да гэтых жа паведамленьняў зноў, праз шмат часу пасьля падзеяў, наўрад ці ёсьць сэнс. Слухачы чакаюць ад Свабоды найперш навінаў, інфармацыі пра апошнія падзеі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Перадача “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG