Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр непрымірымы змагар супраць камунізму


Аляксей Знаткевіч, Прага Былы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Роналд Рэйган памёр у суботу ў сваім каліфарнійскім доме ва ўзросьце 93 гадоў. Рэйган, які стаяў на чале ЗША ад 1981 па 1989 год, пры канцы свайго знаходжаньня на пасадзе меў найвышэйшы ўзровень папулярнасьці сярод амэрыканскіх прэзыдэнтаў ад часоў Фрэнкліна Рузвэлта, нягледзячы на сваю супярэчлівую палітычную спадчыну, асабліва ва ўнутранай палітыцы. Прыхільнікі Рэйгана найбольш ухваляюць ягоную ролю непрымірымага змагара супраць камунізму.

Роналд Рэйган прыйшоў да ўлады ў часе, калі пачала развальвацца палітыка разрадкі – мірнага суіснаваньня з Сваецім Саюзам. У 1979 годзе савецкія войскі ўвайшлі ў Аўганістан. Масква разьмяшчала ў краінах Варшаўскай дамовы ядзерныя ракеты, якія маглі дастаць любы з гарадоў Заходняй Эўропы. Польскія ўлады пачалі рэпрэсіі супраць руху “Салідарнасьць” і ў хуткім часе ўвялі ваеннае становішча. У сытуацыі пагаршэньня адносінаў паміж ЗША і Савецкім Саюзам, Рэйган абвясьціў камунізм гістарычнай памылкай у сваім эмацыйным выступленьні ў брытанскім парлямэнце ў 1982 годзе. (Рэйган: ) “Тое, пра што я кажу цяпер – гэта доўгатэрміновы плян і надзея. Менавіта марш свабоды і дэмакратыі пакіне марксізм-ленінізм на папялішчы гісторыі, так як ён пакінуў іншыя тыраніі, якія стрымліваюць свабоду і прыціскаюць самавыяўленьне людзей”. Філязофію Рэйгана ва ўнутранай палітыцы можна коратка сфармуляваць словамі амэрыканскага паэта 19-га стагодзьдзя Ралфа Ўолда Эмэрсана: “Чым менш у нас ураду, тым лепей”. Рэйган падтрымаў жорсткія скарачэньні ў сацыяльных праграмах і падатках. Ягоныя крытыкі гавораць, што ён значна павялічыў разрыў паміж багатымі і беднымі ў ЗША. Ягоны антыкамунізм часам прыводзіў і да сумнеўных вынікаў – да прыкладу, да скандалу “Іран-Контрас”, калі ЗША нелегальна прадавалі зброю Ірану, а прыбыткі выкарыстоўвалі для фінансаваньня антыкамуністычных паўстанцаў у Нікарагуа. Але ў многіх выпадках, палітычная філязофія Рэйгана давала лепшы плён. Вось што гаворыць пра спадчыну Рэйгана былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан: (Клінтан: ) “Я думаю, што найважнейшая рэч у тым, што ён верыў у Амэрыку і верыў у свабоду, як унівэрсальную каштоўнасьць. Ён лічыў, што ўсе хочуць быць свабоднымі. Ён быў прэзыдэнтам пры канцы Халоднай вайны. Ён паехаў у Бэрлін і выступіў зь вялікай прамовай пра разбурэньне муру. Ён заўсёды верыў, што Халодная вайна скончыцца, і што свабода пераможа. Яго пэўна радавала, што ў апошнія гады ягонага жыцьця ўпершыню ў гісторыі больш за палову людзей ў сьвеце жывуць пад урадамі, якія яны самі абіралі. Ён верыў у гэта. Ён верыў, што ўсе хочуць быць свабоднымі. І ён змагаўся за гэта. І я думаю, што гэта будзе ягоная жывая спадчына”. Рэйган падтрымліваў свае заявы дзеяньнем. Ён пачаў найвялікшае нарошчваньне ваеннага патэнцыялу ў гісторыі ЗША. Ён заахвочваў іншыя краіны НАТО разбудоўваць іх ваенныя магчымасьці. Адначасна, ён пачаў перамовы з Масквой аб вывадзе з Эўропы ядзерных ракет. Рэйган быў абраны прэзыдэнтам у 69 гадоў – гэта найстарэйшы узрост сярод прэзыдэнтаў ЗША. За свае два тэрміны, ён аднак перажыў трох савецкіх лідэраў, Леаніда Брэжнева, Юрыя Андропава і Канстанціна Чарненку. Пры ўладзе чацьвертага – Міхаіла Гарбачова – амэрыкана-савецкія адносіны значна палепшыліся. Аднак Рэйган не спыніў ціску на савецкі Саюз. У чэрвені 1987 году падчас наведваньня Заходняй Нямеччыны ён зрабіў знакаміты заклік, стоячы каля Бэрлінскага муру. (Рэйган: ) “Спадар Гарбачоў, разбурыце гэты мур!” Крыху больш чым праз два гады мур быў разбураны. Роля Рэйгана ў падзеньні камунізму дагэтуль застаецца прадметам спрэчак гісторыкаў, але мала хто сумняецца, што жорсткая антыкамуністычная кампанія амэрыканскага прэзыдэнта спрычынілася да гэтага. Савецкая прапаганда вельмі жорстка крытыкавала Рэйгана, параўноўваючы яго ледзь ня зь Гітлерам. Але вось што гаворыць Андрэй Саньнікаў, які ў 1980-я гады быў перакладчыкам ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. (Саньнікаў: ) “Я прыехаў з гэтым прапагандысцкім штампам, але паколькі я быў у Злучаных Штатах, я амаль адразу ж адчуў наколькі папулярны быў прэзыдэнт Рэйган, наколькі вялікая падтрымка была сярод насельніцтва ў Рэйгана, нягледзячы на тое, што ён праводзіў даволі жорсткія эканамічныя рэформы". Сваю кар’еру Роналд Рэйган пачынаў, як актор. Хоць ён і ня стаў зоркай узроўню Кларка Гэйбла ці Гэры Гранта, ён быў даволі папулярны, зьняўшыся ў 53 фільмах ад 1937 па 64-ы год. Акторскія карані Рэйгана часткова тлумачаць ягоную прывабнасьць для выбаршчыкаў і ягоную веру ў сілу слоў і сымбаляў. (Саньнікаў: ) "Акторская галівудзкая школа дапамагала вельмі моцна. Слухалі яго ня толькі як прэзыдэнта звышдзяржавы, але і як вельмі выдатнага аратара". Прыйшоўшы ў палітыку, Рэйган у 1966 годзе быў абраны губэрнатарам штату Каліфорнія, і пераабраўся ў 1970-м. Гэтаксама два тэрміны -- 8 гадоў -- Рэйган быў і на пасадзе прэзыдэнта ЗША, сышоўшы ў 1989 годзе. У разьвітальнай прамове Рэйган вярнуўся да свайго ўлюбёнага параўнаньня ЗША зь “бліскучым горадам на ўзвышшы” – маяком і прыкладам для астатняга сьвету. (Рэйган: ) “Я гаварыў пра “бліскучы горад” ўсё сваё палітычнае жыцьцё. Але я ня ведаю, ці цалкам патлумачыў, што я маю на ўвазе. У маім разуменьні, гэта высокі паважны горад, пабудаваны на камяні, мацнейшым за акіян; горад, на які дзьмуць вятры, блаславёны Богам і поўны людзей рознага кшталту, якія жывуць у гармоніі і міры, горад з портамі, якія гудуць гандлем і творчасьцю, і калі там ёсьць гарадзкія муры, у гэтых мурах ёсьць дзьверы, і яны адкрытыя для кожнага, хто мае волю і сэрца прыйсьці сюды. Так я яго бачыў і так бачу дагэтуль. І як стаіць гэты горад у гэты зімовы вечар? Заможнейшы, бясьпечнейшы, і шчасьлівейшы, чым восем гадоў раней. Але больш за тое, праз 200 гадоў, два стагодзьдзі, ён усе яшчэ стаіць моцны і праўдзівы на гранітнай скале”.
XS
SM
MD
LG