Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні распачаўся фэст нацыянальных культураў, але безь літоўцаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні распачаўся Ўсебеларускі фэст нацыянальных культураў. Ён працягнецца тры дні. У Старым горадзе будуць працаваць 25 нацыянальных падворкаў. Фэст стане пятым па ліку, першы адбыўся ў 1996 годзе. Праводзіцца ён раз на два гады.

Спачатку зьявіліся зьвесткі, што сьвята наведае прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Але потым стала зразумела, што ён не прыедзе. Сёньня пра гэта можна меркаваць хаця б па тым, што людзям ніхто не перашкаджае свабодна хадзіць па цэнтры гораду, дзе пройдзе фэст. Трэба зазначыць, што Лукашэнка ні разу не наведаў гарадзенскі фэст нацыянальнасьцяў. Хаця сёньня ён імкнецца выкарыстаць любую такую нагоду, каб паказацца на людзях.

Канцэпцыя фэсту выглядае прыблізна так. Паводле аднаго з арганізатараў Пятра Гуда, сёньня “народы адной краіны могуць сабрацца на сваім сьвяце” ў Горадні. На сьвяце, якога, маўляў, больш нідзе на постсавецкай прасторы няма. Раней людзі ў народных строях праходзілі па Краснай плошчы ў Маскве. Сёньня такое шэсьце праходзіць па гарадзенскіх вуліцах. Меркаваньне сябра Саюзу палякаў Аляксандра Дварэцкага:

(Дварэцкаў: ) “Гэта добра, што ў Горадні праводзіцца фэст, яна заслугоўвае на яго і наш горад, я лічу, зьяўляецца ідэальным месцам для правядзеньня фэсту нацыянальных культураў. Аднак я лічу, што ўлады проста выкарыстоўваюць фэст для звычайнай паказухі. Маўляў, што ў нашай краіне ўсё мірна, спакойна, добра, усе нацыянальнасьці жывуць у згодзе”.

Вулічныя транспаранты паведамляюць, што ў горадзе адбываецца “Сьвята народаў Беларусі”. Іншымі словамі, у Беларусі жыве не адзін народ, а — шмат, як калісьці ў СССР. Сярод беларускіх народаў апынуліся комі, марыйцы, чувашы, і нават невядомая нацыя — казакі. Мясцовае радыё, дарэчы, нядаўна больш дакладна вызначыла, што “аргкамітэт атрымаў заявы ад прадстаўнікоў нацменшасьцяў Расеі”. З гэтага вынікае, што адзін дагестанец, які ўдзельнічаў у фэсьце мінулым разам, прадстаўляе якраз не адзін з народаў Беларусі, як заяўляюць арганізатары, а ўсё ж — нацыянальную меншасьць Расейскай Фэдэрацыі.

(Дварэцкаў: ) “Наколькі я бачу, часам правы меншасьцяў улада абмяжоўвае. Магу сказаць на прыкладзе нашай польскай меншасьці. Па-першае, апошнія некалькі гадоў улады не даюць дазволу на пабудову новых школаў. Я таксама чуў размовы пра гарадзенскую школу з польскай мовай навучаньня, што яе хочуць зрабіць расейскамоўнай. Пачаць ад расейскіх клясаў і паступова перарабіць у расейскамоўную”.

Аляксандар Дварэцкаў дадае, што Саюз палякаў, зьяўляючыся ўласьнікам школы, павінен за 15 дзён падаваць заяву ўладам, каб правесьці ў школе свой сход альбо іншае мерапрыемства. Раней палякі ды іншыя меншасьці раз на месяц маглі бясплатна арэндаваць памяшканьне ў гарадзкім Доме культуры, цяпер за гэта трэба плаціць.

Між іншым, аб’яднаньне гарадзенскіх літоўцаў “Тэвінэ” напярэдадні фэсту заявіла, што ня будзе ў ім удзельнічаць. Літоўцы гэтак выказалі свой пратэст супраць дзеяньняў уладаў, якія самі вырашаюць, у якіх сьвятах удзельнічаць аб’яднаньню “Тэвінэ”, а ў якіх — не. Летась улады не дазволілі літоўцам адзначыць угодкі Грунвальдзкай бітвы і 750-ю гадавіну каранацыі ў Наваградку вялікага князя Міндоўга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG