Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чарнілы” і Беларусь сіняносая


Севярын Квяткоўскі, Менск Беларусь стала абсалютным чэмпіёнам сярод суседніх краінаў у вырабе прадукту, што ў народзе завецца “чарнілам”. Беларускім інстытутам харчаваньня на сёньняшні дзень зарэгістравана каля 1500 гатункаў танных пладова-ягадных вінаў: “Шэпт манашкі”, “Інтрыга”, “Загадка”, “Лямбада”, “Дваранскае”… Ці ёсьць мяжа фантазіі вытворцаў? У чым існасьць зьявы, якую можна акрэсьліць як “Беларусь чарнільная”?

Не пасьпяваю зьвярнуцца да прадавачкі вінна-гарэлачнага аддзелу адной зь менскіх крамаў, як да прылаўка падыходзіць сямейная пара пэнсійнага веку. Раяцца, што ўзяць з сабой у дарогу:

(Спадарыня: ) “Дайце, калі ласка, “Васіліну” ці “Мальвіну”… Можа, “Мальвіна” тая лепшая?”

(Прадавачка: ) “Колькі?”

(Спадарыня: ) “Адну”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а ці ёсьць розьніца?”

(Спадарыня: ) “Крышталеўская, “Крышталь” самы лепшы”.

У невялікія крамы звычайна завозяць два-тры гатункі:

(Прадавачка: ) “Сем скрыняў віна за суткі разьбіраюць”.

Гэта ў малой вёсцы. У вялікіх гарадох абарачэньне чарніла значна большае:

(Прадавачка: ) “Вэрмут “Янтарны” – маленькая бутэлька, вялікая – “Лясны водар”. Зранку вельмі добра разьбіраюць. Больш – пажылыя, у якіх няма грошай”.

(Карэспандэнт: ) “Назва як-небудзь уплывае на якасьць?”

(Прадавачка: ) “Лепшае, кажуць, “Водар мяты”. А лепш за ўсё “Вэрмут” бяруць”.

Размова адбываецца ў звычайнай менскай краме. Але, калі б у сталіцы існавала крама, якая б спэцыялізавалася выключна на танных алькагольных напоях, памерамі яна была б падобная да супэрмаркету. “Наталі”, “Суданская ружа”, “Ласкавае лета”, “Летняя забава”, “Купецкае”, “Дваранскае”, “Гусарскае”, “Рагнеда”, “Пальміра”, “Крыжачок” і нават “Агні Парыжу…” Без усьмешкі ўспрымаюцца нэўтральныя назвы, напрыклад, “Яблычна-клубнічнае” альбо геаграфічныя накшталт “Залескага”.

(Прадавачка: ) “Гэта, як у народзе называюць, “чарніла”? Ёсьць “Аронія”, “Родны кут”, “Тамада” і ёсьць яшчэ такая – “На будэр…штаф”… Альбо як яны называлі “танец сьмерці” – “Крыжачок”.

(Песьня “ZET” “Крыжачок – танец сьмерці”)

(Прадавачка: ) “Яны жартуюць. Я колькі тут працую, дык ведаю, што хочуць, і адразу стаўлю”.

“Яны жартуюць”. Рок-кумір Лявон Вольскі ў сваім праекце пад назвай “ZET” выкарыстаў народны жарт у песьні “Танец сьмерці”.

(Вольскі: ) “Назвы сьмешныя й абсурдныя ў гэтых напояў, я ня тое, каб калекцыянаваў, але як анэкдоты запамінаў, потым людзям апавядаў. Але праз пэўны час гэта зрабілася абсалютна нецікава, бо яны практычна ўсе называюцца так сьмешнавата”.

Зрэшты, сатырычнае выданьне “Навінкі” чэрпае ў назвах беларускіх танных напояў матэрыял для творчасьці:

(Канавальчык: ) “Бутэлечка 0,7 “Летняй забавы” зробіць вас усьмешлівым, што сонейка. А паветра вакол вас сьпякотным: у асноўным дзякуючы вогненнаму подыху з рота”.

Галоўны рэдактар “Навінак” Паўлюк Канавальчык працытаваў адзін з артыкулаў з сэрыі, прысьвечанай чарнілу.

Калі ў Беларусі яшчэ ёсьць публіка, якая цешыцца з назваў чарніла, дык аўтарам пладова-ягадных напояў не да сьмеху. Тлумачыць галоўны тэхноляг слуцкага вінна-гарэлачнага заводу:

(Тэхноляг: ) “Разгортваем слоўнікі: расейска-беларускі, беларуска-расейскі… Дзесьці ў літаратуры нейкае слова чытаеш, заўважыш – нібыта для віна гарманічная назва выходзіць”.

А цяпер увага – момант ісьціны! У Францыі, дзе віно – адзін з сымбаляў краіны, налічваюць некалькі соцень гатункаў. Колькі гатункаў, столькі й назваў, якія даюць паводле наступнай сыстэмы:

(Хлопец: ) “Спачатку ў назьве стаіць рэгіён, дзе расьце вінаград: ці то Эльзас, ці то Бардо, ці то Кот дзю Ром і так далей. Потым ідзе падрэгіён, а тады, напрыклад, “замак Шато”. Унізе ідзе подпіс, якое гэта віно: ружовае, белае ці чырвонае”.

Тлумачыць беларускі хлопец, які цяпер працуе ў адной з рэстарацыяў Парыжу. У Францыі колькасьць гатункаў – і адпаведна назваў – віна залежыць ад колькасьці плянтацыяў і гатункаў вінаграду. Але адкуль у Беларусі паўтары тысячы гатункаў нізкаякасных пладова-ягадных напояў?

(Тэхноляг: ) “Гэта ад натхненьня: калі хочацца распрацаваць рэцэптуру і ёсьць сыравіна. Яблыкі плюс чарнаплодныя рабіны – “Навальніца”, яблыкі плюс чорныя парэчкі ды чарніцы – “Інтрыга”…

“Інтрыга”, “Загадка…” Лявон Вольскі жартаваў пра напой пад назвай “Загадка”, маўляў, на кожную “Загадку” ёсьць свая “разгадка”: нехта апынаецца ў міліцыі, нехта – у лякарні.

* * *

Пладова-ягадныя віны вядомыя беларусам як мінімум ад пачатку 19 стагодзьдзя. На думку дасьледніка матэрыяльнай культуры нашых продкаў Алеся Белага, у 19 стагодзьдзі не было надта шмат гатункаў вінаў. Рабілі зь вішні, з парэчак і адпаведна назвалі напоі – напрыклад, “Вішнёўка”. Такая самая традыцыя ў нашых суседзяў – палякаў ды літоўцаў. Дарэчы, менавіта праз далучэньне да Эўразьвязу Літвы й Польшчы аб’яднаная Эўропа атрымала ў асартымэнт гэты нязвыклы напой – пладова-ягадныя віны. Тлумачыць мой варшаўскі калега Аляксей Дзікавіцкі:

(Дзікавіцкі: ) “Палякам сказалі, маўляў, нельга пісаць, што гэта віно, бо яно шкоднае для здароўя. Ну а палякі адказалі, што будзе рэвалюцыя, бо вельмі шмат прыхільнікаў чарніла. Тады дамовіліся, што будуць пісаць “polish wine”.

“Polish wine” – польскае віно. Звычайна палякі называюць свае пладова-ягадныя напоі проста “Вішнёўка” альбо на ангельскі манер “Cherry”. Зрэшты, візыт у польскую краму можа ўзбагаціць такімі назвамі, як “Мужыцкае”, “Ленін”, “Адлёт”, “Адзін даляр” (столькі прыблізна каштуе польскае чарніла), “Пладовы рай”, “Спакуса”, “Сон старасты”, “Забаронены плод” і нават “Цешчына чароўнасьць”. Адпаведна зроблены этыкеткі – з гумарам.

На слуцкім вінна-гарэлачным заводзе нядаўна выпусьцілі напой пад назвай “Аляксандар і Я”. Вядома, тут абыграная назва мясцовасьці: ці то старадаўняга гораду, ці то радзімы Аляксандра Лукашэнкі. Але галоўны тэхноляг заводу не змагла выразна патлумачыць, што менавіта выяўлена на этыкетцы:

(Тэхноляг: ) “Ну… я ня ведаю, такой канкрэтнай выявы няма”.

Пра этыкеткі беларускага чарніла кажа ўладальнік дызайнэрскай студыі Дзьмітры Аўрамцаў:

(Аўрамцаў: ) “Сутнасьць такая: (сьмяецца) чым “чарнільней”, тым больш яркая, кідкая павінна быць этыкетка”.

* * *

У Беларусі ёсьць вінна-гарэлачныя фірмы, якія дбаюць пра назвы й пра выгляд этыкетак. Напрыклад, прыватная фірма “БелПі” – “Беларускае пітво”. Нядаўна фірма адрадзіла старадаўні напой “Крамбамбулю”. У асартымэнце ёсьць гумарныя назвы: “Вогненная вада”, “Вясёлы дзед”, “Вярнідуб” і – паводле рэгіянальнай прыкметы – “Смалявіцкая”. Інтэрнацыянальныя назвы “Генэрал” і “Хіт”. А таксама тыя назвы, што асацыююцца з нацыянальнай гісторыяй. Расказвае суўладальнік “БелПі” Зьміцер Дайнэка:

(Дайнэка: ) “Францыск” бальзам існуе, “Кастусь” гарэлка, “Вялікае Княства”, джын “Канцлер” будзе ў нас”.

Цэны на названую прадукцыю адпавядаюць якасьці: напоі ў сярэднім у паўтара-два разы даражэйшыя за дзяржаўныя. Дый напояў “БелПі” распрацавала не паўтары тысячы, а пару дзясяткаў.

Што да дзяржаўных пладова-ягадных напояў, на думку гісторыка Алеся Белага, неймаверная колькасьць гатункаў зьвязаная зусім ня з творчымі парывамі тэхнолягаў заводаў. А з адсутнасьцю стандарту, з усьвядомленым прадукаваньнем шкодных для здароўя прадуктаў:

(Белы: ) “Імкненьне замесьці сьляды, прыхаваць гэта, нічога больш. Як бы яны маглі называцца, гэтыя напоі? Тут назвамі – беларускімі, нацыянальнымі – нічога не палепшыш, бо гэта ўсё роўна прафанацыя. Калі казаць пра існасьць зьявы, то самае страшнае, як яно вырабляецца. І што ўвогуле дазволены гэты выраб: гэткая шэрая зона ў заканадаўстве”.

Вось як пра сакрэты вінаробства ў адной зь вёсак Віцебскае вобласьці апавядае рабочы заводу, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча.

(Рабочы: ) “За месяц па некалькі разоў могуць этыкеткі памяняць. Якую налепку купяць, такое й віно будзе. Крыху пах памяняюць, крыху колер… Спрабавалі “Сангрыю” выпускаць, паставілі італьянскую лінію, але гоняць сваё віно. Я яго ня п’ю – труціліся людзі…”

Пры канцы яшчэ раз зьвернемся да спажыўцоў беларускага чарніла:

(Карэспандэнт: ) “Ці не падкажаце карэспандэнту, якое тут самае лепшае чарніла?”

(Пакупнік: ) “Гм, самае таннае”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле эфэкту?”

(Пакупнік: ) “Усё ж б’е па галаве”.

(“ZET” – “Танец сьмерці”: “Вось так пачаў я выпіваць, сабе па поўнай наліваць, Пазычце людзі, я аддам…”)
XS
SM
MD
LG