Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры незалежных прафсаюзаў Беларусі паўдзельнічаюць у летняй сэсіі МАП у складзе міжнароднай дэлегацыі


Галіна Абакунчык, Менск Улады Беларусі адмовіліся ўключыць у склад дэлегацыі для ўдзелу ў летняй сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Удзел у міжнародным форуме лідэры дэмакратычных беларускіх прафсаюзных цэнтраў прымуць у складзе Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў. На паседжаньнях адмысловых камісіяў яны плянуюць выступіць з дакладам пра новыя факты ціску на незалежны прафсаюзны рух у Беларусі.

У летняй сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы прымаюць каля 170 краінаў сьвету. Паводле статуту МАП, кожная зь іх мусіць быць рэпрэзэнтаваная трыма дэлегацыямі: ад ураду, наймальнікаў і прафсаюзаў. Гэткім чынам, у Жэнэву накіраваліся міністар працы і сацыяльнай абароны Антаніна Морава, прадстаўнік Беларускай канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Мікалай Стральцоў. Ад Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі будзе прысутнічаць тры чалавекі на чале зь Леанідам Козікам. Чаму ў склад дэлегацыі не былі ўключаныя прадстаўнікі іншых буйных незалежных прафсаюзаў, у інтэрвію Радыё Свабода спадар Козік патлумачыў гэтак:

(Козік: ) “Ад прафсаюзаў паедзе прафсаюзны цэнтар, які найбольш масавы.Так было мінулы год, пяць гадоў таму, і я ўпэўнены, што так будзе яшчэ дзясятак гадоў. Але я гатовы давесьці пазыцыю ўсіх прафсаюзаў, якія ёсьць у Беларусі”.

Аднак паводле прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху, насамрэч Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі адмаўляецца ад усялякага супрацоўніцтва. Адным з такіх прыкладаў ёсьць факт нежаданьня кіраўніцтва ФПБ запрашаць на абмеркаваньне міжгаліновага працоўнага пагадненьня лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука. Вось як пракамэнтаваў заяву Леаніда Козіка адзін зь лідэраў незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Гэтыя найбуйнейшыя не заўважаюць іншых прафсаюзаў. Цалкам упэўнены, што на сэсіі будуць прадстаўнікі ўсіх расейскіх прафсаюзаў, там іх тры канфэдэрацыі. Ну, а Козік — ён гаворыць адно, а робіць іншае”.

Прыняць удзел у сэсіі МАП прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў Беларусі запрасіла Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў. Як прадстаўнікі гэтай міжнароднай дэлегацыі, яны намерваюцца давесьці да міжнароднай супольнасьці праўдзівыя факты пра становішча з правамі прафсаюзаў у краіне. Гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Мы прымем удзел у паседжаньні групы працоўных і будзем выступаць з ацэнкай сытуацыі ў Беларусі. Бо рэкамэндацыі МАП, яны ж не выконваюцца, а наадварот — узмацняюцца рэпрэсіі супраць прафсаюзаў цяпер”.

У зьвязку з новымі фактамі ціску з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў, праўстаўнікі незалежных прафсаюзаў зьвярнуліся ў пракуратуру, а таксама ў Камітэт па свабодзе аб’яднаньняў МАП. У сваю чаргу, праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” распачала грамадзкую акцыю ў падтрымку Аляксандра Бухвостава. Гэтым часам, як заявіў Леанід Козік, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі рыхтуецца да ўдзелу ў выбарах У Нацыянальны сход з мэтай стварэньня адмысловай парлямэнцкай фракцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG