Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім гарвыканкаме пачалася “чыстка”


Юры Сьвірко, Менск Свае пасады страцілі начальнікі “Менскзелянбуду” і “Гаррамаўтадару”, іх звольнілі пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, які даў менскім чыноўнікам шэсьць месяцаў для навядзеньня парадку ў сталіцы. Вымовы і заўвагі атрымалі намесьнікі старшыні гарвыканкаму Міхаіла Паўлава ды галоўны архітэктар Менску Руслан Белагорцаў.

У двары гарадзкога выканкаму ды з боку плошчы Незалежнасьці ў аўторак пачалі высаджваць кветкі. Супрацоўніцы “Менскзелянбуду” сказалі мне, што пакуль саджаюць кветкі, абмяркоўваюць лёс свайго начальніка Анатоля Струкава, які нібыта арыштаваны. Аднак гэтая інфармацыя не пацьвердзілася: спадара Струкава, начальніка “Менскзелянбуду”, ды Івана Гурыновіча, кіраўніка “Гаррамаўтадару”, проста звольнілі з пасадаў.

Але гэтыя зьвесткі трымаюцца ў сакрэце. Прэсавая сакратарка Менскага гарвыканкаму Алена Аўрынская сказала, што афіцыйных папераў яшчэ ня бачыла, ды накіравала мяне з другога паверху на першы, у пратакольны аддзел. Адтуль давялося схадзіць яшчэ ў некалькі кабінэтаў. Калі я паскардзіўся адной з супрацоўніц апарату, што ў іх сапраўды вялікая забюракратызаванасьць, яна адказала мне паўжартам: “Прыходзьце праз паўгоду, калі скончыцца новы пэрыяд навядзеньня парадку”. Нагадаю, што летась Аляксандар Лукашэнка абвяшчаў “год навядзеньня парадку на зямлі”. Цяпер для сталіцы аб’явілі адпаведнае паўгодзьдзе.

У калідорах сталічнага выканкаму я нарэшце сустрэў намесьніка старшыні Віктара Буру, які ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў першую афіцыйную інфармацыю пра захады, зробленыя пасьля Лукашэнкавай нарады. Спадар Бура, прызначаны на сваю пасаду Аляксаyдрам Лукашэнкам толькі сёлета ў лютым, распавёў, што звольненыя кіраўнікі двух унітарных прадпрыемстваў гораду, за якія ён адказвае, — Анатоль Струкаў ды Іван Гурыновіч. Ці значыць гэта, што пацярпелі толькі два чыноўнікі?

(Бура: ) “Ня два. Вымову атрымаў першы намесьнік старшыні Ярохаў Мікалай Міхайлавіч, заўвагі атрымалі яшчэ два намесьнікі старшыні Менгарвыканкаму, улучна са мной”.

(Карэспандэнт: ) “А вам за што?”

(Бура: ) “Напэўна, за недастатковы кантроль. Вымову атрымаў галоўны архітэктар — зноў жа нягледзячы на непрацяглы час знаходжаньня на пасадзе. Але яму падпарадкаваныя праектныя інстытуты — не задавальняе аўтарскае суправаджэньне праектаў. Дадаткова яму даручана прыцягнуць да адказнасьці дырэктараў праектных інстытутаў. Таксама прыцягнутае да дысцыплінарнай адказнасьці кіраўніцтва камбінату “Менскбуд”. Гэты арганізацыйна-кадравы ланцужок досыць вялікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG