Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журы конкурсу “Мая свабода” вызначыла пераможцу


Сяргей Шупа, Прага “Свабода – гэта шчасьце. а шчасьце – гэта свабода. Страх – спадарожнік і вораг свабоды. Паўната свабоды, яе сэнс залежаць ад ступені пераадоленьня страху, ад уменьня пераадолець стомленасьць ад чаканьня, бачыць нябачнае, пераадолець чаканьне. Пераадолеем страх – будзем свабоднымі. І станем шчасьлівымі”, – напісаў пераможца, Мікола Савіцкі зь Менску.

У склад журы ўваходзілі тры чалавекі: гісторык прафэсар Ян Запруднік (Нью-Ёрк), перакладчык і настаўнік Лявон Баршчэўскі (Менск), каардынатар конкрусу “Мая свабода” Сяргей Шупа (Прага). Сёньня журы падводзіла вынікі конкурсу.

(Шупа: ) “Найперш пытаньне: што вас найбольш уразіла – прыемна, непрыемна – у гэтым конкурсе? Янка, калі ласка”.

(Запруднік: ) “Перш-наперш я хачу адзначыць, што конкурс быў выдатнай ідэяй і выдатнай падзеяй. Агульнае ўражаньне і самае моцнае ўражаньне ад яго – гэта тое, што расьце маладая зьмена, якая думае вельмі здорава, вельмі правільна, вельмі глыбака, вельмі па-людзку і па-чалавечы. Пачуцьцё свабоды ўкарэненае глыбака, інтэлектуальна, ня толькі эмацыянальна, і я думаю, што ў гэтым трэба бачыць надзею на будучае палепшаньне цэлага стану ў Беларусі”.

(Баршчэўскі: ) “Мяне зьдзівіла колькасьць удзельнікаў гэтага конкурсу. Яна сапраўды надзвычайна вялікая. Гэта значыць, што гэта носіцца ў думках у людзей: свабода – яна ўнутры чалавека. І вельмі істотная патрэба гэта выказаць. Што да самога конкурсу, хачу сказаць, што, можа быць, крыху сама назва "Мая Свабода" магла крыху ўвесьці ў зман, бо такое індывідуальнае ўспрыняцьце свабоды як бы імпліцыравалася, а хацелася б вось бачыць тое, што людзі супольна рабілі для свабоды, як яны іншых людзей на гэта папіхалі. І вось я ў сваім рашэньні вылучаў менавіта такіх людзей, якія імкнуліся рабіць нешта супольна для свабоды”.

(Шупа: ) “Ну вось цікава, бо я хацеў задаць такое пытаньне – шмат якія тэксты пачыналіся так: “Што такое свабода? Гэта кожны разумее па-свойму”. Ці сапраўды гэта так, ці сапраўды гэта глыбока й пэрсанальна, ці ўсё ж такі нават на падставе гэтых тэкстаў можна вызначыць нейкія заканамернасьці адчуваньня свабоды, нейкія агульныя ўяўленьні пра свабоду, якія можна вызначыць як унівэрсальныя ў вызначэньні свабоды?”

(Запруднік: ) “Увесь матэрыял вельмі багаты, Лявон правільна адзначыў, дае аснову для некаторых такіх абагульненьняў. Напрыклад, адчуваецца рэлятыўнасьць свабоды. Сяргей правільна адзначыў, што шмат якія аўтары пачынаюць з таго, што кожны разумее свабоду па-свойму. І яно, фактычна, так і ёсьць. Свабода – паняцьце шырокае, глыбокае, і кожны чалавек прыкладае гэтае паняцьце ня толькі да свайго асабістага жыцьця, але й да жыцьця грамады, да жыцьця народу. Так што рэлятыўнасьць свабоды – яна відавочная. Функцыянальнасьць свабоды, спалучанасьць гэтага паняцьця з асабістым жыцьцём, жыцьцём народу. Роля свабоды ў жыцьці, уплыў гэтага паняцьця на самыя розныя жыцьцёвыя сытуацыі. Дарэчы, я крыху адыду ў бок, я хацеў тут выказацца на тэму моладзі. Удзел маладых людзей у конкурсе вельмі актыўны, і мяне зьдзівіў высокі інтэлектуальны ўзровень нават вучняў старэйшых клясаў сярэдняй школы і студэнтаў. Я думаю, што тут пэдагогі і, можа, у першую чаргу наш паважаны сябра Лявон Баршчэўскі заслугоўваюць удзячнасьць за тое, што зьмена маладая расьце такая здаровая і з такім глыбокім думаньнем і бачаньнем сьвету”.

(Баршчэўскі: ) “Рэч у тым, што пра свабоду напісана столькі тамоў і столькі вызначэньняў, столькі клясычных працаў, што дадаць нешта новае цяжка. Усё роўна ўсё зводзіцца да той формулы, што мая свабода заканчваецца там, дзе я пачынаю нішчыць свабоду іншых. І гэта, па-сутнасьці, у падтэксьце прысутнічае. Усе правільна разумеюць, асабліва маладое пакаленьне, маладая генэрацыя. І гэта мяне таксама прыемна ўразіла”.

(Шупа: ) “Гаворачы пра маладых, я яшчэ заўважыў, што некаторыя ўспрымаюць гэтую свабоду ледзь не з такім неўсьвядомленым страхам. Асабліва тыя, хто закончвае школу і зараз зьбіраецца працягваць жыцьцё, стаяць на такім жыцьцёвым пераломе, яны так і пісалі: мы баімся гэтай свабоды, мы ня ведаем, што яна нам прынясе. Вось такая лінія таксама заўважалася”.

(Запруднік: ) “А наагул я вам скажу, што з гэтага матэрыялу можна было б парабіць цэлы даведнічак, ня тое што даведнічак, а слоўнічак фразаў афарыстычных. Вось, калі ласка, Бойка Валянцін, 19-ці гадовы студэнт: "Рабства ня трэба шукаць, яно ўвесь час поруч з табою, а свабоду трэба здабыць". Супрунчук Паліна, студэнтка: "Свабода – гэта магчымасьць выправіць, зьмяніць, збудаваць новае. Яна праяўляецца ў паводзінах, словах, думках. Чалавеку ад нараджэньня належыць скарб – свабода думаць". Страх Данута, замілаваная ў родную мову: "Разам са стратай слова страчваецца й свабода, і надзея, і вера". Далей – прафэсар Савіцкі: "Свабода ёсьць вынік падаўленьня страху". І такіх афарыстычных выказваньняў можна набраць цэлыя дзесяткі, і яны сапраўды адлюстроўваюць правільнасьць разуменьня і такі цікавы падыход да гэтага складанага і глыбокага ды багатага паняцьця свабоды. І наагул я б сказаў, што ўвесь гэты конкурс – гэта свайго роду працяг ці ілюстрацыя самой Беларускай праграмы Радыё Свабода. Гэта распрацоўка тэмы, што такое свабода, што такое, па-сутнасьці, уся гэтая 50-ці гадовая праца, якую вядзе радыёстанцыя”.

(Шупа: ) “А зараз крыху статыстыкі. Усяго ў конкурсе ўзялі ўдзел 188 чалавек, зь іх 57 жанчын. 179 удзельнікаў прадстаўляюць Беларусь. Апрача гэтага, мы атрымалі 3 творы зь Літвы, некалькі лістоў прыйшлі з Польшчы, але іх удзельнікі знаходзіліся там часова, таму ставілі свае беларускія адрасы. Даслалі свае творы на конкурс таксама ўдзельнікі з Бэльгіі, Гішпаніі, ЗША, Канады, Украіны і Францыі. У Беларусі найбольш прадстаўленая Менская вобласьць – 32 творы і сам горад Менск – 56 твораў. Зь іншых абласьцей наперадзе Віцебская і Гарадзенская – па 24 творы. Далей Берасьцейская – 18, і ўрэшце Гомельская і Магілёўская – па 7 твораў. Конкурсныя тэксты ішлі да нас усімі магчымымі шляхамі: звычайнай поштай на нашыя менскі і праскі адрасы, прычым у Прагу прыходзілі лісты зь Беларусі проста з адрасам "Чэхія, Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода", напісаным кірыліцай. Атрымлівалі мы допісы электроннай поштай, некаторыя аўтары начытвалі свае творы на наш тэлефон-аўтаадказьнік у Менску.

Сярод удзельнікаў людзі самых розных прафэсіяў і самага рознага веку – ад школьнікаў (наймаладзейшы вучыцца ў 6 клясе) да пэнсіянэраў. Пераможца атрымае галоўны прыз – паездку ў Прагу. Зараз я раскажу пра фіналістаў, якія набралі найбольшую колькасьць балаў пры падсумаваньні адзнакаў, выстаўленых трыма ўдзельнікамі журы. Зазначу, што пераможца ў іх улік не ўваходзіць. Вось пяць удзельнікаў, якія атрымаюць нашыя спэцыяльныя прызы: Алена Лягун зь Пінску, Валянцін Бойка з Мазыра, Міхась Булавацкі з Магілёву, Алесь Квіткевіч зь Менску і Галіна Сініцына з Воршы. Нашыя віншаваньні фіналістам!

І вяртаемся да абмеркаваньня. Дарэчы, мяне ўразіла, колькі шмат тэкстаў было прысьвечана тэме "Свабода – гэта родная мова". Дзіўна гучыць. Родная мова ў такім стане знаходзіцца ў Беларусі, і шмат хто ўспрымае гэтую мову як сымбаль, як знак свабоды. Лявон, як Вы думаеце, што ў гэтым закладзена?”

(Баршчэўскі: ) “Па-першае, я думаю, кантынгент слухачоў Свабоды пэўным чынам вызначае гэтую акалічнасьць. Але ня толькі гэта. Безумоўна, падаўленьне мовы і зацятае змаганьне ўладаў менавіта з мовай, якую яна ўспрымае нават біялягічна як свайго ворага, яно адбіваецца. Гэта больш відавочна. Людзі гэта бачаць, і маладыя людзі асабліва. Прадпрымальнікі баяцца напісаць, яны й згодныя напісаць на сваёй кавярні па-беларуску назву, але яны кажуць, што назаўтра награнуць праверкі фінансавыя, усё астатняе, зачыняць, а то й пасадзяць. І гэты прыгнёт мовы, які ня быў такім відавочным нават за позьнім савецкім часам, ён, канечне, бачны. Асабліва маладым. І гэта, відаць, і ёсьць тая акалічнасьць, што асацыюецца. Гэта, дарэчы, дае надзею на будучыню вялікую, таму што беларускай мове прыйдзецца змагацца ў варунках больш лібэральных, усё роўна прыйдзецца змагацца за сваё існаваньне і выжываньне. Але тое, што яна асацыюецца са свабодай, гэта дае ёй шанец дадатковы ў гісторыі”.

(Шупа: ) “У сэнсе ў кантэксьце разуменьня свабоды можна, мабыць, параўнаць такое ўяўленьне, “мова як сымбаль свабоды”, да таго, як людзі пісалі, як яны адчувалі найбольшую свабоду, калі выходзілі з партыі, супрацьстаялі сілавым органам на вуліцы. Ужываньне роднай мовы – гэта таксама не штодзённы ўчынак, подзьвіг. Чалавек, адолеўшы гэты бар''ер, адчувае подых свабоды”.

(Баршчэўскі: ) “Так. І такіх было больш тэкстаў даслана, дзе менавіта моўны пратэст, моўнае ўсьведамленьне, што я вось на гэтай мове зрабіў. Вось аднаго я адзначыў як патэнцыяльнага ляўрэата, студэнта зь Віцебску, дык ён сказаў: "Я на фоне ўсяго таго, што робіцца ў нашым інстытуце, узяў і зрабіў навуковы даклад па-беларуску. І ганаруся гэтым". Гэта істотна”.

(Шупа: ) “Сапраўды, там было й больш прыкладаў вось такіх учынкаў, зьвязаных з мовай. Сьмелых якраз у нашым беларускім штодзённым кантэксьце”.

(Запруднік: ) “Сяргей, Вы правільна адзначылі, што ёсьць і супярэчнасьць паміж станам мовы, якая задушаная з усіх канцоў, і вось тым, што свабоды асацыюецца з мовай ці мова са свабодай. Я думаю, што гэта ідзе ад маладых пераважна. Для іх свабода мовы больш у ідэале. Гэта свабода іхнай душы. Яны бачаць мову як сымбаль іхнага самога разьняволеньня. Іх нутраной свабоды. І правільнае такое адчуваньне, што свабода вымагае высілкаў, вымагае працы, вымагае дысцыпліны, вымагае ахвяры нават. Гэта раз. Другое, я б хацеў адзначыць важную ролю замежжа ў працэсе вызваленьня духовага. Чалавек паехаў у Польшчу, чалавек паехаў у Варшаву, апынуўся ў Вільні, у Чэхіі, і ён адчувае там гэтае месца, дзе родзіцца гэты першы імпульс свабоды, які пасьля вяртаецца дахаты, расьце, узмацняецца ў цяжкіх абставінах”.

(Шупа: ) “Спадар Лявон на самым пачатку растлумачыў свае прынцыпы і крытэрыі ацэнкі конкурсных твораў. У мяне ж прынцып адбору быў, магчыма, супрацьлеглы. Свабода як індывідуальнае перажываньне, як пэрсанальнае адчуваньне вызваленьня, таму я зьвяртаў увагу на тэксты, дзе менавіта гэтае пачуцьцё апісваецца вельмі прыватнымі спосабамі. Цяпер пытаньне да Янкі пра яго крытэрыі...”

(Запруднік: ) “Я так і думаў над гэтым. Перш-наперш правільна заўважана: усе гэтыя нарысы можна падзяліць на дзьве агульныя катэгорыі – біяграфічныя замалёўкі і больш тэарэтычныя разважаньні. Я глядзеў на чысьціню мовы, на тэарэтычныя разважаньні, на разуменьне патрэбы актыўнасьці ў абароне свабоды і ролі свабоды ў працэсе грамадзкага і нацыянальнага існаваньня. Я б хацеў дадаць яшчэ такую згадку – удзел самога аўтара ў працэсе абароны свабоды, актыўнага падыходу да гэтага паняцьця. Вось гэта я ўлічваў пры вызначэньні найлепшых нарысаў. Я вось што яшчэ б хацеў узгадаць. Магілёвец Яўген Захараў у сваім нарысе кажа, што ён па ўласнай волі зрабіў зьмену ў гімне-малітве "Магутны Божа" (словы Натальлі Арсеньневай, музыка Міколы Равенскага). Зьмяніў фразу "зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай" на фразу "зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай". Цікавае супадзеньне. Я з Арсеньневай, ужо пад канец жыцьця, меў тэлефонную лучнасьць. Яна жыла ў Рочэстэры. Сьпяваючы ў царкоўным хоры, а ў нашай царкве заўсёды богаслужба сканчалася сьпевам малітвы "Магутны Божа", мы прыйшлі да думкі, што, можа сапраўды лепш сьпяваць – а гэта былі часы халоднай вайны, часы застою, часы чорных гадзінаў – можа, лепш сьпяваць замест "зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай" "зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай". Я пазваніў Арсеньневай і кажу, ці Вы як аўтарка тэксту ня будзеце мець нічога супраць гэтай зьмены? Яна падумала і сказала, што ня будзе супраць. І пэўную колькасьць гадоў мы сьпявалі "зрабі свабоднай..." Я сабе падумаў, што сапраўды свабода – гэта магутнасьць. Гэтая магутнасьць праяўляецца ў дачыненьні і да народу, і да грамады, і да чалавека. На аснове ўсіх гэтых матэрыялаў можна было б зрабіць такі філязофскі нарыс "Што такое свабода ў дачыненьні да аўтараў нарысаў". Гэта чалавечая годнасьць, нацыянальная годнасьць, адчуваньне, якое маладыя людзі здабываюць, калі яны вырываюцца за межы несвабоды, і я думаю, што з часам нехта з сучасных супрацоўнікаў Беларускай Свабоды зробіць такое абагульненьне матэрыялаў. Можа, варта падумаць пра кнігу...”

(Баршчэўскі: ) “Я думаю таксама, што гэтую ідэю можна падтрымаць. Шчыра скажу, што там магло б быць некалькі кніжак. Адна – гэта літаратурныя творы, прысьвечаныя свабодзе. І такое ёсьць. Другая – гэта філязофскія міні-трактаты, міні-эсэ. А трэцяя – гэта ўласныя гісторыі, ня менш балючыя, менавіта больш балючыя такія моманты, дзе людзі шчыра выказваюць тое, што яны перажылі ў жыцьці”.

(Шупа: ) “Я дзякую ўдзельнікам абмеркаваньня. І я называю пераможцу конкурсу "Мая Свабода". Гэта Мікола Савіцкі зь Менску. Віншуем спадар Савіцкага і будзем радыя бачыць яго ў Празе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG