Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” мусіць выплаціць 50 мільёнаў рублёў былому старшыню БТ Ягору Рыбакову


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэтыя грошы прызначылі як кампэнсацыю за маральную шкоду. Выплаты ад журналісткі газэты Марыны Коктыш і былой вядучай тэлебачаньня Элеаноры Язерскай скаладуць мільён рублёў ад кожнай. Такое рашэньне прыняла калегія грамадзянскіх справаў Вярхоўнага Суду Беларусі.

31 траўня калегія грамадзянскіх справаў Вярхоўнага Суду разгледзела скаргу на рашэньне ў вядомай справе “Ягор Рыбакоў супраць “Народнай волі” і зьмяніла некаторыя сумы спагнаньняў. Для былой тэлевядучай Элеаноры Язерскай і журналісткі газэты Марыны Коктыш судовая калегія зрабіла саступку — замест 3 мільёнаў рублёў з кожнай будзе спагнаны 1 мільён. Што да “Народнай волі”, то для яе штраф пакінуты ранейшы — 50 мільёнаў рублёў. Рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч застаўся рашэньнем судзьдзяў не задаволены і заявіў, што зьбіраецца яго абскарджваць, у тым ліку звяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН. Іншага чакала і журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш:

(Коктыш: ) “Безумоўна, 1 мільён — гэта ня 3 мільёны, але я ня згодная і з гэтым рашэньнем, бо не лічу сябе вінаватай. Лічу, што гэта Рыбакоў заслугоўвае пакараньня, ніяк не “Народная воля” і ня я асабіста як журналістка. Мы будзем змагацца за адмену гэтых рашэньняў”.

Ягор Рыбакоў падаў у суд на газэту і журналістаў яшчэ летась. Тагачасны старшыня Белтэлерадыёкампаніі палічыў, што яго абразілі ў публікацыі ў “Народнай волі” двухгадовай даўніны. Размова ішла пра інтэрвію з Элеанорай Язерскай, у якім тэлевядучая казала, што тэлебачаньне пры новым кіраўніцтве ператварылася ў руіны і называла прозьвішчы людзей, у сьмерці якіх, на яе думку, вінаватыя кіраўнікі тэлебачаньня.

Летась у верасьні Ленінскі раённы суд Менску часткова задаволіў пазоў Ягора Рыбакова, а праз два месяцы Менскі гарадзкі суд падчас касацыйнага разгляду справы яшчэ і павялічыў спагнаньні.

На пачатку 2004 году Ягор Рыбакоў быў арыштаваны паводле падазрэньняў у злоўжываньнях і хабарніцтве і дагэтуль знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КГБ. Сёньня ў Вярхоўным судзе ён не прысутнічаў, аднак фактычна перамог.

Рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч выказаў меркаваньне, што год таму Ягор Рыбакоў даведаўся пра цікаўнасьць да яго з боку пракуратуры і падаў у суд на газэту, каб выслужыцца перад уладай. “Маўляў, не чапайце мяне, я зраблю ўсё, каб улада пазбавілася ад такога прынцыповага апанэнта як масавая незалежная газэта “Народная воля”, — заявіў судзьдзям Іосіф Сярэдзіч. Рэдактар “Народнай волі” прызнае, што рашэньне аб спагнаньні з газэты 50 мільёнаў рублёў ставіць яе ў вельмі складанае становішча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG