Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Вялейшчыне ўшанавалі памяць затопленай вёскі Рыбчына


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Вялейскім раёне 30 траўня адбылося ўшанаваньне памяці вёскі Рыбчына. Яна ў ліку іншых дзевяці вёсак раёну была затопленая тры дзесяцігодзьдзі таму ў часе будаўніцтва Вялейскага вадасховішча.

Cустрэча жыхароў затопленай вёскі адбывалася на беразе Вялейскага вадасховішча. Ініцыятаркай ушанаваньня памяці Рыбчына стала яго колішняя жыхарка Раіса Соніч:

(Соніч: ) “Паважаныя землякі! Я вас хочу прывітаць на нашай зямельцы, на нашай роднай зямельцы”.

На сустрэчу зьехалася каля ста былых рыбчанцаў і іхных нашчадкаў. Лёс параскідаў іх па сьвеце. Аднак на запрашэньне адгукнуліся многія. Рыбчына, паводле яе ўраджэнцаў, была зьнесенае ў 1973 годзе:

(Соніч: ) “Дзе цяпер мора плешчацца, першыя выехалі, у тым ліку і мы. Мае бацькі паехалі ў Маладэчна”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі было хат у вёсцы?”

(Соніч: ) “Сто сямнаццаць. Туга па радзіме. Настальгія. Усе могуць паехаць на бацькаўшчыну, а мы — не”.

(Анатоль Валянцінавіч: ) “Сьцёрся сьлед твае хаты вясковай, нібы з роду яе не было, памяць вёскі затопленай морам, саграе ўспамінаў цяпло”.

(Карэспандэнт: ) “А якія рэчкі перакрывалі? Як наогул утварылася вадасховішча?”

(Жаўняровіч: ) “Тут было вусьце —злучаліся Вяльля і Ілія. А ў нас яно называлася Рыбчанка, праходзіла каля вёскі Рыбчына”.

(Соніч: ) “Гэта быў трывожны, амаль ваенны час для нашай вёскі. Калі сказалі, што будуць вадасховішча будаваць, што нібыта Менску вады не хапае. А ў вёсцы людзі жылі сваім жыцьцём. І для іх гэта было страшна”.

(Анатоль Валянцінавіч: ) “Былі праекты розныя. Але найбольш падышоў гэты, вялейскі. Найбольш блізкі і найбольш танны”.

Паводле рыбчанцаў, рэалізоўваўся праект Вялейскага вадасховішча загадным чынам. Тагачаснае кіраўніцтва Беларусі на гэты конт зь мясцовымі жыхарамі ня раілася. Таму многія ўраджэнцы Рыбчына дагэтуль маюць сумнеў наконт афіцыйнай вэрсіі, якой матывавалася будаўніцтва вадасховішча менавіта ў Вялейскім раёне:

(Яцуковіч: ) “Гэта будавалася не для Менску. Гэта пабудавана ў іншых мэтах”.

(Піліп Пятровіч: ) “Расея ім карыстаецца. Іх маракі тут стаяць”.

(Яцуковіч: ) “Пабудавалі Менска-Вялейскую сыстэму для таго, каб “праглядаць” Балтыку. Гэта — воднае люстэрка з Шалавіч. Уся Прыбалтыка бачна з Шалавіч. Вышкі там стаяць. А “прыкрываліся” толькі адной прычынай — недахопам чыстай вады ў Менску. Але такіх сродкаў толькі на Менск яны бы не выдаткоўвалі. А гэта будавалася ў ваенных мэтах. “Праглядваецца” ўся Балтыка зь Менска-Вялейскага вадасховішча”.

Гэткія меркаваньні колішніх жыхароў вёскі Рыбчына, затопленай у часе будаўніцтва Вялейскага вадасховішча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG