Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў ствараць “саюз чатырох” з улікам нормаў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі


Юры Сьвірко, Менск Падчас саміту “чацьверкі” ў Ялце беларускі кіраўнік меў асобную сустрэчу з Уладзімерам Пуціным, які ня лічыць за патрэбнае драматызаваць стасункі Масквы зь Менскам. Аляксандар Лукашэнка запрасіў Пуціна ды іншых прэзыдэнтаў наведаць Менск на сьвята 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі.

Прыляцеўшы ў Ялту, Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў нядзелю сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Расейскі лідэр заклікаў не драматызаваць існаваньня неразьвязаных праблемаў у двухбаковых стасунках і дадаў, што няма “нейкай крайняй заклапочанасьці тым, што некаторыя пытаньні вырашыць не ўдалося”.

Паводле Ўладзімера Пуціна, у дачыненьнях зь Беларусьсю “шмат і станоўчых зрухаў, і спрэчных пытаньняў – усяго адразу ня вырашыш”. Расейскі кіраўнік абмеркаваў з Аляксандрам Лукашэнкам парадак дня сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі й Расеі, якая пройдзе ў Менску 8 чэрвеня. Як сказаў Пуцін, гэты парадак дня трэба добра падрыхтаваць, каб сустрэча прэм’ераў “была не пустой, а карыснай”.

Прэзыдэнт Расеі дазволіў сабе яшчэ адну ўскосную крытыку на адрас Менску – ён ацаніў стасункі з Казахстанам як вельмі добрыя й зазначыў, што расейска-казахстанскі таваразварот сёлета павялічыўся больш як на 30 адсоткаў, тады як таваразварот зь Беларусьсю – толькі на 25%.

Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў гэтыя лічбы, але дадаў, што сёлета беларуска-расейскі таваразварот можа дасягнуць 15 мільярдаў даляраў. Вярнуўшыся да спрэчных момантаў у стасунках з Масквою, Лукашэнка заявіў, што не памыляецца той, хто нічога ня робіць, і падкрэсьліў, што спрэчкі збольшага ідуць на роўні ўрадаў, міністраў і суб’ектаў гаспадараньня, а не найвышэйшым роўні.

Праўда, карэспандэнт расейскай газэты “КоммерсантЪ” перадаў зь Ялты якраз падрабязнасьці спрэчкі паміж Пуціным і Лукашэнкам. Апошні, цытую, “нешта шалёна тлумачыў Уладзімеру Пуціну – было такое ўражаньне, што той ня слухае беларускага прэзыдэнта. Увайшоўшы ў пакой, дзе стаялі журналісты, Уладзімер Пуцін нарэшце зьвярнуў увагу на Аляксандра Лукашэнку й паціснуў яму руку”. Пасьля заканчэньня пратакольнай часткі спадар Лукашэнка спытаўся ў журналістаў, ці ня сумна ім, а карэспандэнт “Коммерсанта” адказаў: “Вядома, пра газ нічога не сказалі”.

Калі журналіст нагадаў яму, што Беларусі не хапае газу з Расеі па ўнутраных расейскіх цэнах, спадар Лукашэнка “нечакана злосна адказаў: “Нам усяго хапае, вы за нас не хвалюйцеся”. А Ўладзімер Пуцін, наадварот, усьміхнуўся й сказаў, што “газавы балянс закрыты”.

На панядзелкавай сустрэчы чатырох прэзыдэнтаў у Лівадзійскім палацы ў Ялце Аляксандар Лукашэнка сядзеў за квадратным сталом насупраць спадара Пуціна й зусім не ўсьміхаўся. Лукашэнка заявіў, што стварэньне “саюзу чатырох” павінна адбывацца з улікам нормаў і правілаў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, у якую ані Беларусь, ані іншыя тры краіны не ўваходзяць.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што беларускія інтарэсы ўжо былі задаволеныя ў эканамічным пляне на 90-95% у саюзе з Расеяй, але, цытую, “мы народ інтэрнацыянальны й выступаем за працэсы інтэграцыі”, бо й 5% – гэта нямала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG