Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 000 чалавек узялі ўдзел у Праскім міжнародным маратоне


Натальля Судлянкова, Прага У нядзелю ў Празе адбыўся 10 міжнародны маратон, удзел у якім бралі жыхары 59 краінаў сьвету. У 1998 годзе пераможцай гэтага марафону была беларуска Алена Вініцкая, у 2002 годзе беларуска Ала Задарожная заняла другое месца.

Маратон гэтага году быў афрыканскім – пераможцам бегу ў мужчын стаў кеніец Барнабас Коэх, у жанчын перамагла грамадзянка Эфіёпіі Лэйла Аманава. Сярод беларусаў найлепшы вынік паказала Алена Мазоўка – яна заняла шостае месца. Аднак, маратон – гэта ня толькі бег. Як сказаў у размове з Радыё Свабода прэзыдэнт Праскага маратону Карло Капальба, маратон – гэта лад жыцьця.

Удзел у Праскім маратоне бяруць самыя розныя людзі. Прафэсіяналы бягуць клясычную дыстанцыю – 42 кілямэтры 195 мэтраў, ёсьць магчымасьць прабегчы 21 кілямэтар. Для тых, хто хоча далучыцца да маратону разам са сваёй сям’ёй ёсьць спэцыяльная сямейная дыстанцыя – 4 кілямэтры. Бягуць бабулі й дзядулі, маці й бацькі бягуць разам са сваімі дзецьмі, нават зь немаўляткамі ў калысках. Але Праскі маратон – гэта ня толькі бег 30 тысячаў чалавек. Гэта яшчэ буйная грамадзкая акцыя, якая пачынаецца ў пятніцу і працягваецца да нядзельнага вечара. Дзясяткі музычных гуртоў, спаборніцтвы розных школаў танцу. Але маратон гэта таксама вялікі бізнэс, у разьвіцьці якога зацікаўлены сам горад. Так лічыць прэзыдэнт Праскага міжнароднага маратону Карло Капальба.

(Капальба: ) “Людзі, якія прыяжджаюць на маратон, а гэта людзі з амаль 60 краінаў сьвету, спыняюцца ў гатэлях, купляюць сувэніры, наведваюць рэстараны. Дасьледаваньне, што было праведзенае ў мінулым годзе ўнівэрсытэтам Гамбургу і Інстытутам эканомікі ў Празе паказала, што літаральна за пару дзён гэтыя ўдзельнікі маратону ў гледачы пакінулі ў Празе болей, як 10 мільёнаў даляраў – 311 мільёнаў крон”.

Але апроч простага эканамічнага эфэкту ёсьць яшчэ і эфэкт рэклямы сталіцы Чэхіі.

(Капальба: ) “Фактычна, калі вядзецца трансьляцыя з маратону, гэта ёсьць трансьляцыя з гораду, тэлегледачы бачаць Прагу, бачаць на свае ўласныя вочы, наколькі прыгожы гэта горад. Непасрэдную трансьляцыю маратону вядуць Чэскае тэлебачаньне й таксама Эўрабачаньне, а 3-хвілінныя рэпартажы з трасы маратону перадаюць яшчэ 146 тэлеканалаў сьвету”.

У гэтым годзе Праскі міжнародны маратон быў прызнаны самым улюбёным маратонам Эўропы. За 10 гадоў свайго існаваньня “Праскі маратон” стаў заснавальнікам яшчэ некалькіх міжнародных забегаў у розных краінах Цэнтральнай Эўропы – Польшчы, Вугоршчыны, Славаччыны ды іншых. Мы запыталіся ў Карла Капальбы, ці не зьбіраецца ён правесьці Праскі маратон у Беларусі.

(Капальба: ) “Так, я зьбіраўся наведаць Украіну й Беларусь. На жаль, болей удзельнікаў прыяжджаюць і болей навінаў прыходзіць з Украіны, чым зь Беларусі. Я асабіста зьбіраюся наведаць Беларусь. І таму што да правядзеньня нашага міжнароднага маратону ў Беларусі я скажу так – а чаму не? Гэта нельга назваць немагчымым”.

Карла Капальба дадаў, што аснова посьпеху Праскага міжнароднага маратону – падтрымка палітыкаў, дарэчы, удзел у Праскім маратоне звычайна бяруць прэм’ер-міністры Чэхіі й Славаччыны Ўладзімер Шпідла й Мікулаш Дзурында, а мэр Прагі Павал Бэм сам бяжыць поўную дыстанцыю маратону.
XS
SM
MD
LG