Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Вадзіма Лабковіча


Вадзім Лабковіч
Вадзім Лабковіч

Летась у ліпені і сёньня ў лютым на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.


Магчыма, у Стаўбцоўскай турме ніколі не было, каб пры трывалым дэфіцыце месцаў аднаго “хулігана” зьмясьцілі ў камэру, якая разьлічаная на чатыры чалавекі.

Жнівень 1997-га году. “Хулігана” звалі Вадзім Лабковіч, і было яму ўсяго 16 гадоў. Гледзячы на худзенькага хлопчыка з тонкімі рысамі твару міліцыянты зьдзіўляліся: і гэта той, хто арганізаваў “начны захоп Стаўбцоў апазыцыяй”?

Грузьдзіловіч: “Вадзім, згадаем жнівень 1997-га году. Табе ў Менск са Стаўбцоў тэлефануе знаёмая, паведамляе, што арыштаваны Аляксей Шыдлоўскі, разам з якім вы расьпісалі апазыцыйнымі лёзунгамі мясцовы райвыканкам, і просіць прыехаць. Нібыта ёй патрэбна твая парада. Ты разумееш, што рызыкуеш і ўсё роўна едзеш ў Стоўбцы, дзе ўжо на вакзале цябе, як кажуць, “бяруць пад белы ручкі”. Гэта разьлік, каб лепш не патрапіць ў “амэрыканку”, ці , прабач, нейкі інфантылізм?”


“Дзесятак сьцягоў залуналі над Стаўбцамі”

Лабковіч: “Ні тое, ні другое. Бо тады я ня вельмі разьбіраўся ў “амэрыканках” ці “валадарках”... Канешне, былі падазрэньні, але я ўсьведамляў, што, калі на мяне палююць, то возьмуць і ў Менску, дома. Паехаў. Нават было цікава, нэрвы закранала – прыехаць зноў у Стаўцы. Вось ты кажаш – “расьпісалі райвыканкам лёзунгамі”. Ды ня толькі райвыканкам, увесь горад расьпісалі! Тры групы паўночы хадзілі па ўсім горадзе і шмат на якіх будынках пакінулі па сабе памяць. І не адзін бел-чырвона-белы сьцяг усталявалі, як на райвыканкаму, а з дзясятак сьцягоў залуналі. Як мяркуеш, такую акцыю трэба было арганізаваць, ці не так? Вось я меў да гэтага наўпроставае дачыненьне і натуральна, што ганарыўся.”

Грузьдзіловіч: “Суду потым ты чакаў болей за паўгода. Якія ўспаміны пра турэмныя ўнівэрсытэты?”

Лабковіч: ”Было па-рознаму. Дарэчы, як я параўноўваю са зьвесткамі ад людзей, якія сядзелі апошнія гады, мне пашанцавала. Тады не было гэтак “жорстка”. Плюс улічы, што я быў няпоўнагадовы і сядзеў у адмысловых камэрах, дзе ўсё ж лягчэй. І ўвогуле за графіці нас арыштавалі першымі. У камэрах, а тым больш ахоўнікі разумелі, што я не хуліган, які камусьці праламаў галаву ў вулічнай бойцы”.

Грузьдзіловіч: “Суд, аднак, прызнаў цябе менавіта хуліганам. Ці адбіваецца гэта на цяперашнім жыцьці?”

Лабковіч: “Так, суд палічыў мяне і Аляксея Шыдлоўскага хуліганамі, прычым было сказана, што мы дзейнічалі з асаблівым цынізмам. З ўсімі гэтымі пазыцыямі я нязгодны, хаця ад сваіх дзеяньняў не адмаўляюся. Канешне, ў пэўным памеры мы закон парушылі, але гэта была менавіта палітычная акцыя, а не хуліганства. І ў чым судзі ўбачылі цынізм? Ня ведаю. Што мы замянілі сьцягі , альбо напісалі на помніку Дзяржынскаму слова “кат”?

Што да сёньняшняга жыцьця, не, гэта ніяк не адбіваецца. Судзімасьць з мяне па амністыі зьнятая, працую, вучуся. Перашкодаў няма”.

Грузьдзіловіч: “Ці ёсьць ў цябе адказ на пытаньне, чаму цябе прызналі вінаватым, але не пасадзілі?”

Лабковіч:
“Фармальна, бо на момант злачынства мне не было 16-ці. Але зразумела, што маглі б загадаць судзьдзям і “пасадку”. Проста ў нашай гісторыі адлюстравалася асаблівасьць часу: антыканстытуцыйны пераварот 1996-га году ўжо канчаткова аформіўся, ўлада для сябе вырашыла, што без рэпрэсіяў не абыдзецца, але яшчэ ня верыла, што пратэстаў будзе гэтак шмат. Таму яны спрабавалі сьцішыць розгалас пра нашу акцыю і нават не сталі раскручваць справу далей, не шукалі іншых “саўдзельнікаў”. Інакш бы атрымалася, што ўлада пад Менскам натуральна праспала начны захоп цэлага гораду! Таму спыніліся на пакараньні ўсяго двух вінаватых апазыцыянэраў, зь якіх мне далі паўтара году з адтэрміноўкай і вызвалілі ў судзе”.


Школа да “хулігана” ня мела прэтэнзіяў?

Грузьдзіловіч: “Бадай што гэта быў самы шчасьлівы момант ў тваёй гісторыі?”

Лабковіч: “Яшчэ было шчасьце, калі на працэс прыйшлі мае аднаклясьнікі з настаўніцай беларускай мовы Варварай Якаўлеўнай. Вось калі я сапраўды адчуў, што значыць падтрымка і калі нічога не страшна”.

Грузьдзіловіч:
“А што, бывала страшна?”

Лабковіч: ”Не, іншае слова. Было адзінока ў стаўбцоўскім ізалятары, было складана ў Жодзінскай турме, сярод сапраўдных хуліганаў і крымінальнікаў, у менскім ізалятары было брудна, не хапала чыстага паветра. Але вытрываць можна. Калі не забываесься, чаго ты там апынуўся, за што змагаўся, то вытрываць можна”.

Грузьдзіловіч: “Якія ўспаміны засталіся пра сукамэрнікаў?”

Лабковіч:
“У Жодзіна ўразіла, колькі хлопцаў патрапіла за краты за драбязу. Адны маладзёны ўзялі калгасны трактар, праехаліся за вёску і паставілі на месца. Нехта ўбачыў і даклаў. Усё: крадзеж трактару. Некалькі гадоў сьвеціць. На другога дзядзьку сусед напісаў, што той скраў ягоную бэнзапілу. Пілу не знайшлі, а дзядзьку ўжо арыштавалі. А яшчэ ўражаньне, як шмат людзей у калгасах крадуць: нейкія прылады, садавіну, малако, мяса. Што заўгодна. Да ізалятару ня думаў, што ў нас столькі людзей могуць красьці”.

Грузьдзіловіч:
“У выніку ты не расчараваўся ў людзях?”

Лабковіч: “Не. Людзі розныя. Вось я выйшаў з ізалятару ў лютым 1998-га году, фактычна заставалася тры месяцы да заканчэньня школы, а ў мяне амаль тры чвэрці прапушчаны. Ніводнай адзнакі! І настаўнікі мне дапамаглі усё дагнаць і нармальна скончыць 11-ы кляс. І ніхто мяне ў школе ні словам не пакрыўдзіў, маўляў, хуліган. Наадварот, адчуваў, што яны мяне падтрымліваюць”.

Грузьдзіловіч:
“Ці магчыма за тры месяцы нагнаць гадавую праграму?”

Лабковіч: “Не, я ж таксама не сядзеў склаўшы рукі. У Жодзінскую турму мне перадалі падручнікі, сам займаўся, асабліва па фізыцы і матэматыцы. Ваша “Свабода” пра гэта яшчэ паведамляла. Потым мне сказалі, што настаўнікі прапануюць прымаць ў мяне экстэрнам іспыты. Міліцыянты, на жаль, адмовіліся, але іх гэта ўразіла, дакладна ведаю”.

Грузьдзіловіч: “Ці бываеш у школе зараз?”

Лабковіч: “Ужо некалькі гадоў не заходзіў. Жыву зараз ў пасёлку Бараўляны пад Менскам, у доме бацькоў жонкі. Праца, завочная вучоба, чатырохгадовы сын. Часу няма хадзіць па мясьцінах юнацтва”.


“Нам ахоўнікі перадавалі цыгарэты”

Грузьдзіловіч: “У Беларусі пасьля суду над табой і Аляксеем Шыдлоўскім канвэер палітычна матываваных прысудаў не спыніўся, апошнім часам нават запрацаваў больш інтэнсіўна. Што б ты параіў людзям, якія за свае меркаваньні патрапілі ці патрапяць за краты?”

Лабковіч: “Паколькі я быў непаўнагадовы і сядзеў за кратамі ў крыху адмысловых ўмовах, мне цяжка нешта раіць. Але ўнівэрсальна парада такая, што ні ў якім разе не трэба шкадаваць пра тое, што ты зрабіў. Нават калі такія думкі ўзьнікаюць, ніколі і нікому гэтага не трэба паказваць”.

Грузьдзіловіч: “А кантакты са сьледзтвам, з адміністрацыяй турэмнай ўстановы можна сабе дазволіць?”

Лабковіч: “Што ты маеш на ўвазе пад кантактамі?”

Грузьдзіловіч: “Натуральныя чалавечыя кантакты: каб хаця б крыху палепшыць свой турэмны лёс, умовы ўтрыманьня, дамагчыся перадачы, спатканьня з родным чалавекам?”

Лабковіч: “Трэба разумець, што ні ад сьледчага, ні ад турэмнага ахоўніка ніяк не залежыць тое, колькі ты правядзеш за кратамі. Гэта вырашаецца не імі, а вышэй. Што да паляпшэньні ўмоваў, гэта можа каштаваць сумленьня. Канешне, могуць быць рэчы простыя. На Валадарцы нам у камэру непаўналетак перадавалі цыгарэты ахоўнікі. Магчыма было дамовіцца. Але не больш за тое. Мы самі большага не прасілі. Таму, калі не маецца на ўвазе “закласьці” сваіх сяброў, каб самому выйсьці на волю, то нішто іншае не дапаможа. Паважай сябе, адчувай сябе чалавекам. Разумей, што калі ты нешта робіш, ты мусіш за гэта адказваць, так ці інакш”.

Грузьдзіловіч: “Табе было ўсяго 16-ць гадоў, і ў цябе былі ўжо такія дарослыя думкі?”

Лабковіч:
“Гэта я камэнтаваць ня буду, бо не люблю камэнтаваць сваю асобу і свае паводзіны. Не мне сябе ацэньваць”.


Даведка Радыё Свабода: Вадзім Лабковіч

Нарадзіўся ў 1981-м годзе ў Менску, беларус. Скончыў 95-ю менскую школу.

З 1996 году стаў актывістам “Маладога фронту”. Быў арыштаваны 25 жніўня 1997 годe і выйшаў на волю 24-га лютага 1998 годe, атрымаўшы прысуд 1,5 года зьняволеньня з адтэрміноўкай на 2 гады. Яшчэ некалькі гадоў працягваў дзейнасьць ў “Маладым фронце”, з якога сышоў з прычыны рознагалосьсяў з тагачасным кіраўніцтвам. Супрацоўнічаў з прэсавай службай БНФ. Працягвае браць удзел ў палітычных акцыях апазыцыі, але, паводле ягоных словаў, “дастаткова выбарачна”.

Працуе ў фірме па вырабу мэблі, завочна вучацца ва эканамічным унівэрсытэце на экспэрта. Разам з жонкай Веранікай гадуе сына Ўладзіслава.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG