Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Піце на здароўе, але зь дзяржаўнага кубка”


У 2008 годзе плянуецца адмяніць квоты на імпарт алькагольнай прадукцыі ў Беларусь і ўвесьці спэцымпартэраў.


Адмысловы праект пастановы ўраду падрыхтаваны Міністэрствам падаткаў і збораў. Чыноўнікі тлумачаць, што такім чынам яны хочуць засьцерагчы здароўе людзей. А ў фірмах-імпартэрах мяркуемыя зьмены выклікалі шок.

“Гэта ня рынкавыя нормы”

Начальнік управы харчовых тавараў Любоў Язэпчык патлумачыла, што раней былі ўведзеныя квоты на імпарт алькагольных напояў. Цяпер іх ня будзе:

“Мы ідзем у рынак, а ўсе гэтыя квоты, якія ўсталёўваюцца – гэта ня рынкавыя нормы.

Цяпер крыху заканадаўчая база будзе зьменена. Праект па гэтым пытаньні ўнесла Міністэрства падаткаў і збораў. Там, мяркуецца, што квот ня будзе. Але спэцымпартэры будуць вызначацца, як і цяпер, на конкурснай аснове”.

Сёлета толькі 34 фірмам дазволена ўвозіць алькагольныя напоі. Цяпер іх можа застацца значна меней. Невядома, хто выйдзе з гульні.

Прадстаўнік фірмы “Ніксоф” сказаў:

“Усе імпартэры ў шоку. Бо калі яны хочуць пакінуць чатыры-пяць кампаній, няхай бы так пра гэта і казалі.

Ды нас ужо настолькі заціснулі, што я ня ведаю куды ўжо далей. Толькі калі адпускаць, наадварот, гэтыя лейцы. Я б, наогул, скасаваў бы і квоты, і наогул усіх пакінуў. А рынак ужо сам бы разабраўся – каму выжываць, а каму не”.

“Гаворка ідзе пра манапалізацыю”

Намесьнік міністра гандлю Вячаслаў Драгун зазначыў, што спэцымпартэр алькагольных напояў дапаможа ўсталяваць празрысты канал паставак у Беларусь. Маўляў, гаворка ідзе пра здароўе людзей. Бо, да прыкладу, у Расеі шырока распаўсюджваецца фальшаваная і сурагатная алькагольная прадукцыя.

Аднак прадстаўнікі кампаній кажуць, што якасьць напояў, якія яны пастаўляюць у Беларусь, строга кантралюецца і Міністэрствам гандлю, і мытняй, і Дзяржстандартам.

Адмыслоўцы схіляюцца да думкі, што з імпартам алькагольных напояў улады зробяць тое ж самае, што было з імпартам тытунёвых вырабаў. Паводле эканаміста Аляксандра Патупы, цяпер там, фактычна, застаўся адзін спэцымпартэр.

“У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра манапалізацыю. Як бы – піце на здароўе, але зь дзяржаўнага кубка. Гэтыя спэцы будуць нейкія пры кіраўніцтве справамі ці блізкія да таго. Гэта ўсё ж вельмі прыбытковая галіна. Спажываньне гэтых напояў, нягледзячы на ўсе дырэктывы, расьце. Ну і будзе рост цэнаў і, магчыма, вельмі значны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG